Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Количество просмотров:

Ён і не заўважыў, калі ў палескі куточак завітала восень. Зіхатлівай маланкай праслізнула яна па абшарах, палыхнуўшы па асінах пунсовым зарывам, рассыпаўшы жоўценькія іскрынкі ў пяшчотнай лістоце бярэзін, сям-там “падсмаліўшы” зялёную чупрыну травы. Нарэшце – верасень! Ён трызніў гэтымі днямі, чакаў, калі пасля сыходу засушлівага лета па небе паплывуць грувасткія хмарыны, начыненыя ліўнямі. Тады ў лесе запануе ўстойлівы грыбны водар і можна будзе кошыкамі цягаць з бярэзніку крамяныя баравікі, а там неўзабаве прыйдзе пара зялёнак. Усёй сваёй душой ён любіў лес, быў ім апантаны. Любіў блукаць па прыпарошаных прэлай ігліцай сцяжынках, услухоўвацца ў загадкавыя шолахі, мог гадзінамі назіраць за жыццём насельнікаў ляснога царства. Вось і сёння ён пойдзе ў сходжаныя ўздоўж і папярок мясціны, якія ўсё яшчэ хаваюць нямала таямніц. Адно толькі вернецца на хвіліну ў хату – фотаапарат прыхопіць.

Васіль Жушма ніколі не расстаецца з прыладай, якая дазваляе спыняць непаўторныя імгненні, увекавечваць іх у фотаздымках. Гэтага няўрымслівага чалавека на Іванаўшчыне ведаюць многія: ён асоба адметная. Звыш трох дзясяткаў гадоў працаваў у рэдакцыі раённай газеты на розных пасадах.
Васіль Пятровіч – лаўрэат прэстыжных фотаконкурсаў, аўтар фотавыстаў у Іванаве, Пінску, Брэсце і інш., пераможца абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў у 2007 годзе ў намінацыі “Лепшы фотакарэспандэнт”. Ён член Беларускага саюза журналістаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар зборніка “Папараць-кветка” (1991 г.), аповесці “Гарэза”(2011 г.), сааўтар калектыўных зборнікаў, лаўрэат дзяржаўнай літаратурнай стыпендыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2004 г.), абласной літаратурнай прэміі імя У. Калесніка ў намінацыі “Проза” (2012 г.), рэспубліканскага конкурсу “Лепшы твор 2011 года” ў намінацыі “Дзіцячая літаратура” (за кнігу “Гарэза”), пераможца абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, раённых і гарадскіх газет у намінацыі “Ахова прыроды і навакольнага асяроддзя” (2012 г.) і інш.

Пасля выхаду ў 2012 го-дзе на заслужаны адпачынак Васіль Жушма перасяліўся ў вёсачку Хамічава, дзе нарадзіўся ў светлазарным маі 1952 года ў сям’і Пятра Фёдаравіча і Марыі Макараўны Жушма. Сышлі на вечны спачын бацькі, але не астыў парог радзіннай хаты, не анямела падвор’е. Васіль Пятровіч камфортна пачувае сябе на роднай сядзібе. Вядзе падсобную гаспадарку і, безумоўна, жыццё на вясковым улонні спрыяе літаратурнай дзейнасці, актыўным заняткам фотапаляваннем.
Няспешна блукаючы па знаёмых сцежках, мужчыну светла ўспамінаецца яго шчаслівае маленства, калі ён разам з такімі ж непаседлівымі падшыванцамі, як і сам, гуляў у футбол.
- Мы не хуліганілі, не ўсчыналі боек, нават не лазілі латашыць суседскія сады, - расказвае Васіль Пятровіч. – У нас была зладжаная футбольная каманда. Гэтая захопленасць стала штуршком для паступлення на факультэт фізічнага выхавання Брэсцкага педінстытута (дарэчы, наш выпуск быў першым).
Падчас студэнцтва Васіль Жушма шматразова станавіўся пераможцам і прызёрам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне.
- Настраля-я-яўся па мішэнях! – з усмешкай прызнаецца былы біятланіст. – За ўсё жыццё застрэліў толькі аднаго зайца (бацька быў паляўнічым). Та-а-ак шкада стала небараку! Больш ніколі не паднімаў стрэльбу на жывых істот. Затое фотапаляўнічы ўва мне сядзіць заядлы.

Пасля заканчэння інстытута малады спецыяліст адзін навучальны год працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў Юхнавіцкай школе, затым, пасля службы ў войску, два гады – інструктарам Брэсцкага абласнога савета па турызме і экскурсіях. Актыўна супрацоўнічаў з прэсай: пісаў нататкі пра спартыўныя мерапрыемствы, якія праводзіліся.
- А ўвогуле цяга жывапісаць словам мне перадалася ад дзеда Макара, - прызнаецца Васіль Пятровіч. – Ён цікавіўся прыродай, ведаў шмат розных гісторый і быў цудоўным апавядальнікам. Аднойчы, памятаю, нам у школе задалі напісаць дамашняе сачыненне. Я ўвесь вечар прагалёкаў у футбол, а на наступны дзень перад усім класам “зачытваў сачыненне” з чыстага сшытка: выдумляў на хаду. Настаўніца нічога не западозрыла, нават прапанавала даслаць сачыненне на конкурс.
Першая нататка, якая была апублікавана ў газеце, мяне натхніла. Стаў няштатным карэспандэнтам раёнкі. Пазнаёміўся з рэдактарам Аляксеем Каўко, супрацоўнікамі газеты Мікалаем Трафімчуком і Валерыем Міхальчуком.
Матэрыялы аўтара публікаваліся ў абласной газеце “Заря”, рэспубліканскіх выданнях “Физкультурник Белоруссии” і “Знамя юности”.

З сакавіка 1978-га Васіль Жушма распачаў прафесійную дзейнасць у Іванаўскай газеце “Чырвоная звязда” (цяпер “Янаўскі край”). Творчаму росту журналіста садзейнічала вучоба з 1987-га па 1989 гады на ад-
дзяленні журналістыкі Мінскай вышэйшай партыйнай школы.Шмат гадоў Васіль Пятровіч узначальваў аддзел аграрнай палітыкі, але чытач ведае яго не толькі па аналітычных рэпартажах ці актуальных інтэрв’ю на сельскагаспадарчыя тэмы, але і па захапляльных нарысах, апавяданнях, гумарэсках на тэмы прыроды, непаўторных фотаздымках (архіў фотаздымкаў самых прыгожых мясцін Іванаўшчыны, звяроў і птушак, якія тут водзяцца, налічвае больш за дзве тысячы кадраў, каля 10 тысяч чорна-белых здымкаў), дзе адлюстраваны палескія краявіды. Так здымаць можа толькі таленавіты майстар, тонкі назіральнік з чуйнай душой.
- Перш чым зняць, скажам, нейкую птушку ці звера, прыходзілася гадзінамі высочваць аб’ект, - прызнаецца фотааматар. – У маёй калекцыі ёсць партрэты ўсіх звяроў і птушак, якія сустракаюцца ў нашай мясцовасці. Тварыны, што дзіўна, падпускалі мяне на даволі блізкую адлегласць. Не ўяўляю свайго жыцця ў адрыве ад прыроды, аб якой заўсёды пісаў з асаблівай асалодай. У дзевяностыя гады, працуючы ў раёнцы, вёў яшчэ персанальную рубрыку “Чалавек, азірніся наўкола” ў “Чырвонай змене”. Калі выйшаў на пенсію, з’явілася шмат вольнага часу. Жыццё – сам сабе зайздрошчу! Цікавае жыццё. У 2015 годзе быў узнагароджаны нагрудным знакам “За вялікі ўклад у літаратуру” за подпісам Мікалая Чаргінца. Завяршаю работу над зборнікам апавяданняў “Лясная праўда”, працягваю фатаграфаваць.

Час шчодра пасыпаў скроні мужчыны сівізной, падарыў яму ўнукаў, з якімі дзед без цяжкасцей знаходзіць агульную мову. Можа таму, што, нягледзячы на ўзрост, унутры Васіль Пятровіч застаецца ўсё тым жа вясковым хлапчуком з узнёсла-захопленым успрыманнем свету, шчыра ўлюбёным у роднае Палессе, пра якое будзе пець “пакуль хапае сілы, і славіць гэту вечную красу”, якое ў душы да скону пранясе.

Ірына САЛОМКА.

Янов.BY

Мы с социальных сетях

Банковские реквизиты:

БИК: BAPBBY2X
Счет: BY10BAPB30154800200110000000
УНП: 200074558

Разработка и сопровождение сайта Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.