Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

1919-1939. Супярэчлівае станаўленне

Количество просмотров:

Першага студзеня наступнага года споўніцца 100 год Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. Да гэтай даты прымеркаваны невялікі праект «Стагоддзе БССР», які сёння «ЯК» пачынае публікаваць.

Рэвалюцыі 1917 года – Лютаўская і Кастрычніцкая – моцна актывізавалі нацыянальныя рухі ў былой Расійскай імперыі. У параўнанні з суседнімі народамі – палякамі, літоўцамі, украінцамі – беларусы былі значна менш нацыянальна кансалідаванымі. Гэта рабіла магчымымі прэтэнзіі суседзяў на значныя часткі этнічнай беларускай тэрыторыі. Існавала рэальная пагроза па-
дзелу Беларусі. У такіх складаных умовах праходзіла станаўленне беларускай дзяржаўнасці.
Своеасаблівай кропкай адліку фармавання беларускай дзяржаўнасці з’яўляецца Усебеларускі з’езд, скліканы ў снежні 1917 года з дазволу і пры фінансавай падтрымцы ўраду Савецкай Расіі (пра З’езд «ЯК» пісаў год назад). З’езд разглядаў магчымасць стварэння беларускай дзяржаўнасці на савецкай платформе. Але ў выніку гвалтоўнага разгону З’езда мясцовымі бальшавікамі легітымны працэс стварэння беларускай дзяржаўнасці быў перарваны.
Аднак само пытанне не перастала быць актуальным. Згодна з дэкрэтам старшыні Савета Народных Камісараў РСФСР Уладзіміра Леніна ад 31 студзеня 1918 года быў створаны Беларускі Нацыянальны Камісарыят на правах аддзела Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР, які ўзначальваў Іосіф Сталін. Кіраўніком Белнацкома быў прызначаны А. Чарвякоў. Большасць супрацоўнікаў у нядаўнім мінулым былі дэлегатамі і арганізатарамі Усебеларускага з’езда.
Белнацком заклаў падваліны будучай беларускай савецкай дзяржаўнасці, разам з беларускімі секцыямі Расійскай Камуністычнай партыі (бальшавікоў) вёў палітычную і культурна-асветніцкую работу сярод беларусаў на тэрыторыі Савецкай Расіі. Яго прадстаўнікі бралі на ўлік беларускія арганізацыі і ўстановы, дапамагалі бежанцам, адкрывалі беларускія школы і клубы. У выніку ідэя стварэння беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове набывала ўсё больш шырокую падтрымку, нягледзячы на супраціўленне такіх арганізацый як Паўночна-Заходні камітэт РКП (б) і Аблвыканзах.
Фактычна пытанне пра самавызначэнне Беларусі было вырашана на першым з’ездзе Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, які праходзіў у Смаленску. Дэлегаты без абмеркаванняў адзінагалосна 1 студзеня 1919 года прынялі рэзалюцыю пра абвяшчэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі. У той жа дзень быў сфармаваны Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі.
Станаўленне савецкай беларускай дзяржаўнасці адбывалася ў надзвычай складаных умовах. Пасля ўсіх ваенна-палітычных катаклізмаў разглядаемай эпохі, рысу пад якімі падвёў Рыжскі мір, Савецкая Беларусь існавала ў межах шасці паветаў былой Мінскай губерні з насельніцтвам каля 1,5 млн. чалавек. Рэшта этнічнай тэрыторыі была падзелена паміж Савецкай Расіяй і Польскай Рэспублікай.
У 1922 годзе пачынаецца новы этап развіцця беларускай дзяржаўнасці – БССР стала адной з рэспублік-заснавальніц Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. У 1924 і 1926 гадах у выніку вяртання ўсходнебеларускіх тэрыторый са складу РСФСР у склад БССР увайшлі паветы Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, дзе пераважала беларускае насельніцтва.
«Далі шэсць паветаў… Ну, дзякуй за гэта», здзекліва пісаў Янка Купала пасля таго, як БССР усохла да кавалка Міншчыны. Пасля ўзбуйненняў ацэнкі самадастатковасці Беларусі памяняліся. Адна з заходнебеларускіх газет таго часу так ацаніла падзею: «Беларусь – ужо дзяржава. Ніхто са старонак гісторыі гэтага факту не вымажа».
Глыбокія сацыяльныя пераўтварэнні, ліквідацыя няграматнасці, палітыка беларусізацыі, росквіт літаратуры, стварэнне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Інстытута беларускай культуры – усё гэта прыкметы дваццатых гадоў. Асобна трэба адзначыць аграрную палітыку, якая звязана найперш з імёнамі наркама земляробства Д. Прышчэпава і эканаміста А. Смоліча.  Дзяржава спрыяе сельскай гаспадарцы, у прыватнасці, заахвочвае сялянства да хутарызацыі. Лозунгам робяцца словы «Зробім Беларусь Даніяй».
Чаму за прыклад узята Данія? Прышчэпаў гэта тлумачыў так: «Данія бедная па прыродзе, як і наша Беларусь, і так пабагацела ад сялянскай прамысловасці, загэтым яна нас і цікавіць». Расійскія губерні, на думку наркама БССР па земляробстве, не могуць быць прыкладам: «Калі мы ў нас правядзём абшчынны парадак землекарыстання, мы адразу прыдушым гаспадарчую ініцыятыву сялянства. Прыклад некаторых губерняў РСФСР сведчыць аб тым, што яны доўгі час прасе-дзелі на абшчыне і акрамя перадзелаў зямлі нічому новаму не навучыліся. Дробна-буржуазную вёску і належны настрой сялянства мы ліквідуем не аб-шчынным перадзелам зямель, а моцным развіццём сельскай гаспадаркі, яе пагалоўным вытворчым каапераваннем і індустрыялізацыяй».
Згаданы вышэй прафесар Аркадзь Смоліч вядомы найперш як аўтар грунтоўных работ па геаграфіі Беларусі, а таксама як спецыяліст, пад кіраўніцтвам якога было праведзена адміністрацыйнае дзяленне БССР. Смоліч быў блізка знаёмы з Раманам Скірмунтам, практычны вопыт і веды якога, напэўна, дапамагалі ў рабоце прафесара. Яны абодва былі ў складзе Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі: Скірмунт – кіраўніком, а Смоліч – супрацоўнікам. Таварыства было адной з самых аўтарытэтных аграрных арганізацый з часоў Расійскай імперыі.
Развіццё БССР гэтага перыяду станоўча ўспрымаецца ў Заходняй Беларусі. Крылатымі робяцца словы аднаго з кіраўнікоў заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху Браніслава Тарашкевіча: «У БССР будуецца беларускі дом».
У 1930-я гады сітуацыя ў значнай ступені змянілася. Як і ў цэлым Савецкі Саюз, БССР перажывала радыкальныя змены, якія да нашых дзён не маюць адназначнай ацэнкі як сярод гісторыкаў таго перыяду, так і шырокіх колаў грамадства. Побач ішлі індустрыялізацыя і калектывізацыя, ганенні на Царкву і масавыя рэпрэсіі, найперш супраць інтэлігенцыі, якую кіраўніцтва Савецкага Саюза лічыла патэнцыйна сепаратысцкай.
Эканоміка БССР у гэты час у разы мацнейшая за эканоміку Заходняй Беларусі, якую можна лічыць класічнай слабаразвітай калоніяй, але пры гэтым жыццёвы ўзровень асноўнай масы насельніцтва ніжэйшы, чым у заходнебеларускіх ваяводствах.
Перамены ў БССР неадназначна ўспрымаюцца заходнімі беларусамі. Камуністычныя і пракамуністычныя арганізацыі працягваюць гаварыць пра Савецкую Беларусь як пра ўзор для іншых краін і народаў. Іх апаненты бачаць і гавораць пра тыя негатыўныя з’явы, што сталі характарызаваць 30-я гады. Так, у прыватнасці, адзін з заходнебеларускіх аўтараў, разважаючы пра тагачасны стан беларускай культуры і літаратуры ў БССР з горыччу заўважыў, што беларуская культура ў Савецкай Беларусі «лічыцца выдумкай нямецкай гестапа», а з літаратуры «зрабілі рыкшу, на якім раз’яз-джае Чапаеў…»
Праз дваццаць год ад часу заснавання БССР, восенню 1939 года, адбылося ўз’яднанне Заходняй і Савецкай Беларусі.

Ігар САХАРУК.