Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

1939 – 1945. Вайна – «Першыя Саветы» – Вайна

Количество просмотров:

Час ад часу ў беларускім тэлевізійным эфіры або інтэрнэт-прасторы з’яўляюцца праграмы, прысвечаныя гісторыі Заходняй Беларусі 1921-1939 гадоў. Выклікаюць яны нейкае дваістае пачуццё. З аднаго боку, нібы ўсё правільна гавораць дацэнты і прафесары, сыплюць фактамі, лічбамі, навуковымі доказамі. Але, хай даруюць мінскія вучоныя, я часта лаўлю сябе на думцы, што з большай цікавасцю асабіста я паслухаў бы іх брэсцкіх і гродзенскіх калег.

Патлумачу чаму. Для нас, ура-джэнцаў заходніх абласцей – гэта не проста мінулае. Для маіх равеснікаў той час – гэта маладосць нашых дзядоў і бабуль, гэта жывая гісторыя, на якой мы сталелі, гэта частка нашага светапогляду. Нават прафесійныя гісторыкі не могуць, а то й не хочуць гаварыць пра той час суха, па-акадэмічнаму, а прапускаюць яго праз сваю душу. Такая жывая гісторыя – нашмат цікавейшая за кніжную.
Слухаючы тыя апавяданні, можна было зрабіць вывад: 39-ты год успрымаўся як пераломны, як знікненне адной цывілізацыі і нараджэнне новай. Адназначнай ацэнкі тых падзей не было, людзі бачылі як пазітыў, так і негатыў.   
…Падпісанне 23 жніўня савецка-нямецкай Дамовы пра ненапад, вядомай сёння больш як пакт Молатава-Рыбентропа, польскае грамадства ўспрыняло як гром з яснага неба. Хаця прэса спрабавала прадставіць гэту падзею як прыкмету слабасці Нямеччыны, усім было зразумела: вайна вось-вось пачнецца, і хутчэй за ўсё на два франты.
Так і адбылося. Канфлікт з Германіяй пачаўся першага верасня, а сямнаццатага мяжу Польшчы перайшла Чырвоная Армія. Праз месяц ад пачатку вайны Польская Рэспубліка знікла з палітычнай карты.
Адначасна свой шанц атрымлівала Беларусь. Падзел этнічнай тэрыторыі ўспрымаўся беларускім грамадствам як акт гістарычнай несправядлівасці па абодва бакі рыжскай мяжы.
Сёння даводзіцца чытаць некаторыя псеўданавуковыя або проста тэндэнцыйныя даследаванні, якія спрабуюць паказваць жыццё Заходняй Беларусі “за польскім часам” своеасаблівым страчаным раем. Але ж яно такім не было. За без малога дваццаць гадоў польскай прысутнасці не былі вырашаны праблемы, што стаялі перад краем. Малазямелле, беспрацоўе, эміграцыя ў краіны Паўночнай і Лацінскай Амерыкі, недаступнасць адукацыі і медыцыны, адсталая аграрная эканоміка – гэта галоўныя рысы жыцця той пары. Сотні тысяч жыхароў краю вярнуліся з бежанства часу Першай сусветнай вайны да сваіх гаспадарак. На іх аднаўленне і пайшлі гэтыя два дзесяцігоддзі. Ад дзяржавы ўчарашнія бежанцы дапамогі не атрымлівалі.
З гэтых прычын перамены ў сваёй долі жыхары Заходняй Беларусі ўспрынялі з надзеяй. Хаця з пэўнымі ілюзіямі даволі хутка давялося развітацца, сутыкнуўшыся з рэпрэсіямі, дэфіцытам, калектывізацыяй.
Тым не менш верасень 1939 – падзея гістарычнай значнасці. Гэта час аб’яднання беларускага народа, які даў гістарычны шанц на больш справядлівы сацыяльны лад. І гэта не проста пафасныя словы. За кароткі прамежак часу – ад верасня 1939 да чэрвеня 1941 – новая ўлада правяла велізарныя змены. Было ліквідавана беспрацоўе, уведзена бясплатная адукацыя, наладжвалася медыцынскае абслугоўванне, з’яўляліся новыя дзяржаўныя прадпрыемствы.
Прывяду ўсяго адзін прыклад з той “жывой гісторыі”, з якой пачыналася размова. Параўноўваючы дзве ўлады, мой суразмоўца 1933 году нараджэння, гаварыў: “Пры Польшчы з усяго нашага сяла ў Варшаве вучылася ўсяго адна дзяўчына, і то ўсяго на фельчара. А пры Саветах усе, хто хацеў, атрымалі вышэйшую адукацыю”.
Перыяд восені 1939 – лета 1941 атрымаў у народнай свядомасці назву “Першых Саветаў”. У гэты час Заходняя Беларусь была афіцыйна ўключаная ў склад БССР. Адной з першых перамен стала новае адміністрацыйнае дзяленне. Чацвёртага снежня 1939 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР на тэрыторыі сучаснай Берасцейшчыны былі створаны Брэсцкая, Баранавіцкая і Пінская вобласці.
На справе гэта азначала далучэнне да больш жорсткай палітычнай сістэмы, якая не прызнавала кампрамісаў. Неўзабаве, аднак, усе негатыўныя моманты, звязаныя з устаноўкай новага ладу, адыйшлі ў цень, бо на змену Савецкай ўладзе летам 1941 года прыйшла нацысцкая акупацыя, якая паставіла пад пытанне само існаванне беларускага народа.
Па-першае, немцы, трубячы на кожным кроку пра “вызваленне ад бальшавікоў”, вельмі цьмяна гаварылі пра будучыню беларускіх земляў. Па-другое, рэчаіснасць з першых дзён акупацыі сведчыла, што дабра чакаць няварта. Тэрыторыя Савецкай Беларусі была падзелена паміж новымі адміністрацыйнымі адзінкамі. Толькі на тэрыторыі сучаснай Брэсцкай вобласці іх было ажно тры: паўднёвыя раёны адыйшлі ў склад рэйхскамісарыяту “Украіна”, паўночна-усходнія – у склад рэйхскамісарыяту “Остланд”, а паўночна-заходнія – непасрэдна ў склад Нямеччыны. Дарэчы, мяжа паміж рэйхскамісарыятамі праходзіла праз поўнач сённяшняга Іванаўскага раёна.
Слова “Беларусь” захавала ў сваёй назве толькі генеральная акруга ў складзе Остланда, які абымаў прыкладна чацвёртую частку даваеннай БССР.   
Пра жыццё пад акупацыяй, тэро акупантаў і змаганне за выжыванне, партызанскі рух і вызваленне мы не будзем падрабязна гаварыць, бо гэта не тэма аднаго артыкула. Адзінае, што заўважым: у сённяшняй гістарыяграфіі, калі гавораць пра мінулае Усходняй Еўропы, усё часцей у адносінах да яе ўжываюць тэрмін, прыдуманы амерыканскім даследчыкам Цімаці Снайдэрам – “крывавыя землі”. Назва, якая яскрава сведчыць пра трагізм нашай гісторыі…
Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – гэта і адраджэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці, канчатковае ўсталяванне межаў, у якіх апынулася большая частка беларускіх этнічных земляў.
Перамога – гэта надзея на новае, лепшае жыццё. Якім яно
будзе? Уладзімір Калеснік, прафесар Брэсцкага педінстытута, аўтарытэтны даследчык заходнебеларускай літаратуры, а ў гады вайны партызан, казаў: будучы ў лесе, мы марылі пра тое, каб пасляваеннае грамадства было адначасна савецкім і беларускім.

Ігар Сахарук.