Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

1945 – 1965. Дваццаць год пасля вайны

Количество просмотров:

У 1945 годзе БССР нечакана для самой сябе атрымала павышэнне свайго статусу на міжнароднай арэне, нароўні з Савецкім Саюзам стаўшы краінай-заснавальніцай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Увогуле Сталін хацеў прадставіць асобнымі краінамі ў ААН усе 15 рэспублік, але план удаўся ў адносінах Беларусі і Украіны, якія склалі найвялікшыя ахвяры ў барацьбе з гітлерызмам.

Па заканчэнні вайны шпаркімі тэмпамі пачынаецца аднаўленне народнай гаспадаркі. Так, да канца 1950 года прамысловасць БССР перавысіла даваенны ўзровень на 15 %, а ў заходніх абласцях — амаль у два разы. У 1951–1955 гадах у Беларусі адкрылася больш за 150 буйных прамысловых прадпрыемстваў і больш за 200 сярэдніх і дробных.
Больш складанай была сітуацыя ў сельскай гаспадарцы, якая панесла велізарныя дэмаграфічныя і матэрыяльныя страты, але і тут быў відавочны рост паказчыкаў развіцця.
У снежні 1947 года была адменена карткавая сістэма. Да пачатку 50‑х завяршылася перасяленне вясковых жыхароў, якія страцілі жытло, з зямлянак у хаты. Была адноўлена сетка медыцынскіх і адукацыйных устаноў.
У палітычным сэнсе вялікіх змен не адчуваецца. Захоўваецца ранейшая рэпрэсіўная палітыка ў адносінах да пэўных сацыяльных груп, а то і цэлых народаў, жорсткі кантроль над грамадска-культурным жыццём, культ асобы Сталіна. Праявы апошняга асабліва яскрава выявіліся ў 1949 годзе, калі Савецкі Саюз святкаваў 70‑годдзе з дня нараджэння правадыра. Адна з газетных публікацый, падпісаная Янкам Брылём, так запрашала Сталіна наведаць БССР: “Прыязджай, бацька родны! Паглядзі, як расквітнела Заходняя Беларусь пад тваім кіраваннем!”. Праўда, сам Брыль адмаўляў сваё аўтарства гэтага тэксту. У нашай з ім размове Іван Антонавіч казаў, што ніколі не пісаў так бяздарна, нават у маладым веку…
У 1953 годзе правадыр усіх народаў памірае, прэтэнзію на ўладу заяўляе Лаўрэнцій Берыя, але яго хутка адхіляюць ад усіх пасад, арыштоўваюць і расстрэльваюць. На чале краіны становіцца Мікіта Хрушчоў.
Якім бы было кіраванне Берыі, сёння мы можам толькі ўяўляць. Прафесійныя гісторыкі гавораць, што ў яго планах былі даволі радыкальныя змены. Адна з іх — адмова ад прымусовай русіфікацыі нацыянальных рэспублік. Дарэчы, гэта было заўважна на прыкладзе БССР, якая на караценькі прамежак часу сутыкнулася са спробай вяртання беларускай мовы ў кіраўнічыя органы. Алег Лойка, беларускі вучоны, доктар філалагічных навук, згадваў, што ў час “берыеўскай беларусізацыі” быў пастаўлены ў рэзерв кадраў на кіраўніка камсамола Баранавіцкай вобласці. І гэта нягледзячы на тое, што ў час вайны быў членам Саюза Беларускай Моладзі, створанага нацыстамі. Пры Сталіне такое было проста немажліва.
З 1956 па 1965 год першым сакратаром ЦК КПБ быў Кірыла Трафімавіч Мазураў. Упершыню пасля доўгага перапынку на чале БССР зноў стаў беларус (пасля згортвання палітыкі беларусізацыі на чале БССР паспелі пабыць і эстонец, і інгуш). Мазураў належаў да таго пакалення, якое прынята называць партызанскім. Ён быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на акупаванай тэрыторыі Беларусі.
З яго іменем звязаны пасляваенны паспяховы рух наперад рэспублікі. Якраз пры Кірыле Мазураве БССР увайшла ў лік тых рэгіёнаў Савецкага Саюза, што найбольш паспяхова і дынамічна развіваліся. Былі пабудаваны і пачалі даваць прадукцыю сотні новых прадпрыемстваў, развівалася сацыяльная сфера, паляпшаўся жыццёвы ўзровень. Паскоранымі тэмпамі развівалася электроніка, радыёэлектроніка, машынабудаванне. Была ўве-дзена ў дзеянне Бярозаўская электрастанцыя, што дало магчымасць стварыць адзіную беларускую энергасістэму. Калійны камбінат у Салігорску і Полацкі нафтаперапрацоўчы завод — таксама з той пары. Асобна трэба адзначыць уменне Мазурава супрацьстаяць эпатажным ідэям Мікіты Хрушчова, асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі.
У сваёй кнізе “От Мясникова до Малофеева. Кто руководил БССР” Эмануіл Іофэ прыводзіць некалькі фрагментаў успамінаў пра Мазурава. Адзін з іх належыць старшыні Камітэта прафтэх-
адукацыі БССР Льву Максімаву: “Асаблівыя пачуцці ён нязменна адчуваў да дзяцей, моладзі, бачыўшы ў іх будучых гаспадароў жыцця… Кірыла Трафімавіч быў адным з ініцыятараў будаўніцтва сталічнага Палаца піянераў і школьнікаў, ТЮГа, кінатэатра “Піянер”, дома тэхнічнай творчасці моладзі, моладзевага гатэльнага комплекса “Юнацтва” на Мінскім возеры, аздараўляльнага лагера для школьнікаў “Зубраня” на возеры Нарач. З імем К. Т. Мазурава, якога заўсёды хвалявала праблема сувязі пакаленняў, захавання і ўвекавечвання памяці загінуўшых у ваеннае ліхалецце, звязана з’яўленне ў рэспубліцы такіх вядомых сёння ўсім мемарыялаў памяці, абеліскаў, музеяў як “Брэсцкая крэпасць-герой”, помнік Перамогі ў Мінску, помнік піянеру-герою Марату Казею, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны… ”.
Штосьці падобнае казаў генерал-маёр КДБ Эдуард Нордман: “Ён быў асобай велізарнага маштабу… Без перабольшання можна сказаць, што якраз Мазураў выгадаваў, выхаваў, высунуў сотні высакакласных, таленавітых кіраўнікоў. І ў тым, што Пётр Машэраў адбыўся як выбітная асоба ХХ стагоддзя, немалая заслуга Мазурава. Гэтыя два імені непа-дзельныя ў гісторыі Беларусі”.

Ігар Гетман.