Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

1965 – 1985. Ад росквіту да пярэдадня перамен

Количество просмотров:

У  ХХ стагоддзі Беларусь часта называлі квітнеючай. Часта такое азначэнне было проста прапагандысцкім клішэ. Згаданы ў папярэднім матэрыяле Янка Брыль гаварыў, як расквітнела Заходняя  Беларусь у 1949 годзе, усяго праз чатыры гады пасля заканчэння вайны, а беларускія газеты перыяду нямецкай акупацыі ўмудраліся называць “квітнеючай” Заходнюю Беларусь у час самой вайны.

Аднак наўрад ці гэта азначэнне будзе перабольшаннем у адносінах да Савецкай Беларусі канца шасцідзясятых – першай паловы васьмідзясятых. Гэта быў пік, вяршыня развіцця БССР.
Рэформы сярэдзіны 60-х гг. далі неблагі імпульс эканамічнаму развіццю БССР. Гэта знайшло адлюстраванне ў выкананні восьмага пяцігадовага плана (1966–1970 гг.). Аб’ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў 1,8 раза, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі вырасла ў параўнанні з 1965 г. на 45%. У сельскай гаспадарцы ствараліся жывёлагадоўчыя комплексы і фермы, ажыццяўлялася механізацыя сельскагаспадарчых работ, меліярацыя забалочаных земляў.
За 1970–1985 гг. было ўве-дзена ў дзеянне больш за 180 прамысловых прадпрыемстваў. Працягвалася канцэнтрацыя вытворчасці. У 1980 годзе ў Беларусі дзейнічала каля 200 вытворчых і навукова-вытворчых аб’яднанняў.  
Рэспубліка ў сямідзясятыя гады перайшла да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, далейшае развіццё атрымала сярэдне-
спецыяльная і вышэйшая адукацыя. Значныя змены перажыла навука. Па стане на 1985 год у БССР было 13 тысяч кандыдатаў навук і тысяча дактароў навук.
Сапраўдны росквіт перажывае беларуская літаратура, у якую прыходзіць новае пакаленне замест знішчанага ў 1930-я гады. Гэта час, калі ўзыходзіць творчая зорка Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Брыля, Івана Шамякіна, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна. Наклады кніг і газет складаюць сотні тысяч асобнікаў. Людзі чытаюць, гэта час попыту і дэфіцыту якаснай літаратуры.
У жыццё людзей трывала ўваходзіць тэлебачанне: цэнтральнае з Масквы, рэспубліканскае з Мінска і з абласных студый.  У гэты час набываюць велізарную папулярнасць “Песняры”. Упершыню беларуская песня робіцца вядомай і папулярнай не толькі ў СССР, але і за яго межамі.
Пасля двух сусветных войн, акупацый і дэпартацый першай паловы ХХ стагоддзя надыходзіць нарэшце спакойны час: эпоха эканамічнага росту, палітычнай стабільнасці і адноснага дабрабыту. Краіна паступова напаўняецца так званым “шырпатрэбам”. Якраз у гэты час быў закладзены трывалы эканамічны і культурны падмурак, які дапамог вытрымаць выклікі часу ў нестабільны перыяд сярэдзіны васьмідзясятых – пачатку дзевяностых гадоў.
Змяненні да лепшага часта звязваліся з імем тагачаснага кіраўніка рэспублікі, першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Пятра Машэрава. Ураджэнец Віцебшчыны, па адукацыі настаўнік, удзельнік партызанскага руху. У пасляваенны час сем год кіраваў рэспубліканскім камсамолам, затым на партыйнай рабоце. У 1955 – 1959 гадах быў першым сакратаром Брэсцкага абкама партыі. У 1965 – 1980-м гадах узначальваў Камуністычную партыю Беларусі.
Шмат у чым Пётр Міронавіч уяўляў сабой кіраўніка новай эпохі. Ён не ўхваляў кабінетны стыль работы, рэгулярна наведваючы розныя куткі Беларусі, бываў і ў Іванаўскім раёне. Верыў у навукова-тэхнічны прагрэс, таму рабіў стаўку на навукаёмкую мадэль гаспадарання.
Асаблівую ўвагу звяртаў на сельскую гаспадарку – традыцыйна праблемную ў савецкім народнагаспадарчым комплексе. У машэраўскі перыяд значна павысіўся ўзровень механізацыі працы, ажыццяўляліся захады па спецыялізацыі, меліярацыі і хімізацыі сельскай гаспадаркі.
Пры Машэраве  значна разросся Мінск, які да 30-годдзя вызвалення атрымаў званне
“горад-герой”. Дзякуючы іні-цыятыве Машэрава, было прынята рашэнне пра будаўніцтва Мінскага метрапалітэна.
Дзеля справядлівасці, аднак, дадамо, што малюнак эпохі быў бы няпоўны, калі б мы гаварылі толькі пра пазітыў. З-за непрадуманай меліярацыі абвастраліся экалагічныя праблемы, знішчаліся помнікі архітэктуры, звужалася сфера ўжытку беларускай мовы ў адукацыі, нягледзячы на яе шырокую прысутнасць у інфармацыйнай прасторы.
Машэраў трагічна загінуў ў аўтакатастрофе 4 кастрычніка 1980 года. Вестка была ўспрынята тым больш трагічна, што многія савецкія людзі, не толькі беларусы, хацелі б бачыць Машэрава ў вышэйшым эшалоне кіраўніцтва Савецкага Саюза. Энергічны, разумны, просты ў адносінах, адносна малады, ён выгадна адрозніваўся ад хворых і старых членаў Палітбюро ЦК КПСС, што заслужылі ад уласнага народа прозвішча “крамлёўскіх старцаў”.  
Пасля смерці Машэрава пачынаюць усё больш яскрава праступаць прыкметы сістэмнага крызісу савецкай сістэмы, якія ўрэшце і прывялі да развалу Савецкага Саюза і з’яўлення новай формы беларускай дзяржаўнасці.  

Ігар Гетман.