Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

30 гадоў турыстычнай дзейнасці

Количество просмотров:

У студзені свой 30-гадовы юбілей адзначыў Іванаўскі раённы цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства. Пра гісторыю стварэння гэтай установы і сённяшні дзень яе калектыву чытайце ў нашай публікацыі.

З казармы – у школу

Раённая турыстычная база адкрылася 1 студзеня 1990 года. На той час яна месцілася ў 5 кіламетрах ад горада на тэрыторыі былога ваеннага гарадка ў будынку казармы. Першым дырэктарам установы быў Віктар Замкавец. А традыцыі турбазы зарадзіла метадыст Святлана Корхава, пад кіраўніцтвам якой вандроўкі мясцовых турыстаў займалі першыя месцы на рэспубліканскім конкурсе «Пазнай Радзіму – выхавай сябе». З верасня 2005 года турбаза стала базіравацца ў невялікім будынку Агоўскай базавай школы. Праз пяць гадоў установа была перайменавана ў ДУА «Іванаўскі раённы цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства». А ў лістападзе 2016-га калектыў цэнтра справіў чарговае наваселле у будынку былой базавай школы в. Сухое. 
Турысты, краязнаўцы і эколагі

Зараз цэнтрам турызму і краязнаўства кіруе актыўны і апантаны сваёй справай чалавек Аляксандр Шурхай. Вось што ён расказвае аб дзейнасці калектыву:
– Спецыфіка нашай работы – турыстычна-краязнаўчая дзейнасць і экалагічны кірунак. Апошні, дарэчы, у нас з'явіўся толькі ў 2016 годзе. На базе цэнтра працуюць 20 гурткоў або, як іх яшчэ называюць, аб'яднанні па інтарэсах, якія наведваюць больш за 280 навучэнцаў. Сярод найбольш папулярных гурткі: «Пешаходны турызм», «Спартыўнае арыентаванне», «Гісторыкі-краязнаўцы», «Географы-краязнаўцы», «Юны эколаг». На базе ўстановы дзейнічаюць таксама «Зялёная школа» і дзіцячая экалагічная інспекцыя «Зялёны дазор». Усе гурткі размешчаны ў розных кутках Іванаўскага раёна на базе школ, але па выхадных у шосты школьны дзень, а таксама пры арганізацыі злётаў, спаборніцтваў, віктарын, вучэбна-трэніровачных паходаў, дзеці прыязджаюць у цэнтр турызму. Для гэтага аддзелам па адукацыі райвыканкама арганізаваны падвоз навучэнцаў у в. Сухое. Тут таксама ёсць 25 месцаў для пражывання, кухня, бытавыя памяшканні, душавыя – усё зроблена для таго, каб дзеці маглі камфортна правесці свой час, паўдзельнічаць у мерапрыемствах. У цэнтры працуюць дырэктар, метадыст, тры педагогі дадатковай адукацыі і 12 педагогаў-сумяшчальнікаў. 

І поспехі 
тут пачыналіся

Практычна кожны месяц для навучэнцаў праводзяцца розныя мерапрыемствы. Напрыклад, вераснёўскі злёт, прысвечаны Сусветнаму дню турызма, калі ўсіх новаспечаных членаў цэнтра прымаюць у турысты. Арганізоўваюцца навагоднія мерапрыемствы, красавіцкі эколага-турысцка-краязнаўчы злёт, спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, турысцка-прыкладным мнагабор'і, віктарыны, алімпіяды, вахты памяці, заліковыя турыстычныя паходы і экспедыцыі. Летам штогод праводзіцца палатачны летнік «Вандроўнік». Пасля ўсіх гэтых мерапрыемстваў дзеці сумесна з педагогамі пішуць справаздачы, якія прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшы турыстычны паход, экскурсію. 
– У мінулым годзе, да прыкладу, у нас было тры прызавыя месцы на абласным этапе конкурсу «Пазнай Радзіму – выхавай сябе», – расказвае Аляксандр Фёдаравіч. 
Акрамя гэтага дзеці ўдзельнічаюць у абласных і міжнародных конкурсах,  спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні «Брэсцкая пралеска», спаборніцтвах па скалалажанні, турысцка-прыкладных мнагаборствах, абласным комплексным злёце і г. д.

Турызм і не толькі…

– Таксама мы праводзім экскурсійна-турыстычную дзейнасць з жыхарамі раёна, – працягвае Аляксандр Шурхай. – Арганізуем экскурсіі па Беларусі, бліжэйшым замежжы. Самыя папулярныя напрамкі ўнутры краіны – Мінск, Хатынь, Курган Славы, Брэсцкая крэпасць, Белавежская пушча, Пінск; у раёне – Моталь (музей народнай творчасці, філіял «Нашы карані»), Варацэвічы (музейны комплекс імя Н. Орды), Стрэльна («Дом траўніка»), Дастоева.
Цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства таксама аказвае паслугі па пражыванні для турыстаў. А яшчэ курыруе ўсе школьныя музеі раёна, аказвае метадычную дапамогу, праводзіць нарады для кіраўнікоў музеяў, удзельнічае ў абнаўленні экспазіцый, пошукавай дзейнасці і г.д. Шмат мерапрыемстваў супрацоўнікі цэнтра праводзяць для дарослых, распрацоўваюць новыя маршруты, сумесна з іншымі службамі арганізоўваюць турыстычныя злёты, фестывалі «Мотальская рэгата», «Днепра-Бугская эстафета» і інш. 
Сёлета цэнтр турызму сумесна з Іванаўскім райвыканкамам выступілі ініцыятарамі правядзення фестывалю веласіпеднага турызму «Яноўскі ровар», які будзе праходзіць 2 і 3 мая на тэрыторыі раёна з удзелам спартсменаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы.


Валерый Міхальчук.