Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Люди и судьбы

Анатоль ГЛІННІК: «Судзіць не мне, а людзям»

Количество просмотров:

Малая радзіма — у кнігах

Што для мяне значыць паняцце «малая радзіма»? У першую чаргу — памяць аб ёй. А як захаваць гэтую памяць? Чалавечыя ўспаміны ненадзейныя, суб’ектыўныя і недаўгавечныя. Адзіны на-
дзейны сродак — гэта кніга. І я ганаруся тым, што нам удалося захаваць памяць аб вёсках, размешчаных на тэрыторыі нашай гаспадаркі, а таксама аб Магільна, якое ўвайшло сёння ў гарадскія межы, дзякуючы супрацоўніцтву з заўчасна пайшоўшай Марыяй Пятроўнай Гарупай.

Кнігі «Вёска, дзе крылы ўзнімаюць буслы» і «Земли родной притяженье» атрымалі добрыя водгукі чытачоў. Гэтыя выданні прысвечаны тэме малой радзімы, якая цяпер узнята на дзяржаўны ўзровень.
Па маім глыбокім перакананні, памяці годныя ўсе людзі, якія сумленна пражылі сваё жыццё. І абсалютна не важна, хто ты — знакаміты мастак або просты селянін. Усе прозвішчы і дынастыі павінны быць роўныя перад памяццю. Нашчадкі павінны ведаць, як продкі жылі на гэтай зямлі. Бо памяць — гэта адносіны да людзей, якія нас нарадзілі, далі адукацыю, навучылі працаваць.
Адметнай рысай магілян была тая, што яны радніліся паміж сабой, у сваёй вёсцы. Калі хтосьці жаніўся з дзяўчынай не са сваёй вёскі — гэта была падстава для плётак. Я быў яшчэ дзіцем, гадоў сямі-васьмі, калі адзін аднавясковец узяў за жонку не мясцовую ўраджэнку. Колькі тады было гутарак: «Бач, Іван нэ нашов у Могільно дівчыну». Але пры гэтым дадавалі: «Алэ хорошу прывіз».
Маё роднае Магільна раз’ехалася па ўсім былым Савецкім Саюзе — ад Украіны да расійскага Далёкага Усходу. І вось зараз, калі выхадцы з Магільна наведваюць родныя мясціны, у іх ёсць добрая магчымасць даведацца аб сваіх продках, аб сваіх каранях з кніг, прысвечаных малой радзіме.

Родныя

Мае продкі былі патомнымі земляробамі, як па лініі бацькі, так і па лініі маці. Калі мая маці цяжка захварэла, курс лячэння праходзіла ў Брэсце. Калі я забіраў яе з Брэста, па дарозе дадому ёй захацелася выгаварыцца, расказаць пра наш род тое, што я, па яе меркаванні, павінен ведаць. Распавяла пра дзеда Сцяпана, які служыў камердынерам у маёнтку Магільнае. Яго нявеста Аляксандра таксама была з прыдворных слуг. На вяселле пані зрабіла маладым сапраўды панскі падарунак. За падораныя грошы яны змаглі купіць сабе дом, абстаноўку, карову і каня.
У верасні 1939-га дзед Сцяпан стаў чыгуначнікам. Па гэтай прычыне ў гады вайны меў бронь. А чацвёра яго братоў адправіліся на фронт. Двое з вайны не вярнуліся.
Бацька быў кіроўцам, затым загадчыкам склада, трактарыстам. Маці пачынала ў паляводстве, затым шаснаццаць гадоў была сакратаром Магільнянскага сельскага Савета дэпутатаў. Пазней, калі цэнтрам сельсавета стала Снітава, перайшла ў райсабес інспектарам, абслугоўвала ўчастак Махро — Хамічава — Вулька. Гэта значыць, тых людзей, якіх я адпраўляў на пенсію. Але пры гэтым ніхто не ведаў, што яна мая маці. Была талковым спецыялістам і вельмі сціплым чалавекам.

Не думаў, што вярнуся ў вёску

Усё маё дзяцінства прайшло ў сельскай гаспадарцы. З малых гадоў я бачыў, які працавіты народ вакол мяне, бачыў яго стаўленне да працы. Гэта былі людзі старэйшага пакалення, якія стаялі ля вытокаў новых формаў гаспадарання ў вёсцы ў пасляваенны перыяд, і пакаленне нашых бацькоў, якое таксама самааддана працавала. Такая памяць пра 70-я, да таго моманту, як я пакінуў родныя мясціны і пайшоў вучыцца ў Брэсцкае радыётэхнічнае вучылішча, затым адслужыў у Савецкай Арміі, скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі.
Ручная праца і малая механізацыя — гэта і ёсць сельская гаспадарка таго далёкага часу. Тады я не думаў яшчэ, што вярнуся калі-небудзь у вёску. Я займаўся спортам і марыў менавіта з ім звязаць сваю прафесійную будучыню. Запомніліся з той пары чамусьці два эпізоды. Адзін з іх звязаны з бабуляй, другі — з бацькам.
Словы бабулі, якія сталі прарочымі. Працавалі мы з ёю на пагрузцы буракоў. А што такое працаваць з буракамі? Спачатку вырві, потым зрабі бурт, а потым з бурта пакідай яе на прычэп. Дык вось, бабуля мне тады сказала: «От будэш інжынером і шось прыдумаеш, коб бурака одразу копав и нагружав».
У 1979 годзе, калі я ўжо вучыўся ў інстытуце, уводзілі ў строй комплекс па гадоўлі цялушак. Былі такія-сякія непаладкі пры запуску. Бацька мой ужо ўспрымаў мяне, другакурсніка, як будучага інжынера, таму звярнуўся з прапановай: «Под’іхав бы й подывывса. Можэ, й заробыв бы комплекс?».
Пра што кажуць гэтыя выпадкі? Пра тыя надзеі, якія ўскладала вёска на адукацыю і навуку, якія ў выніку павінны аблегчыць цяжкую сялянскую працу.

Школа кіраўніка

Добрую школу я прайшоў на пасадзе інжынера ў старшыні калгаса «Светлы шлях» Уладзіміра Васілеўскага. Гэта быў вельмі моцны кіраўнік, патрабавальны, прынцыповы. Затым — работа кіраўніком калгаса імя Леніна ў Махро і будаўнічай арганізацыі — ДБПМК-30.
Адзінаццаць гадоў я працаваў старшынёй калгаса ў Махро, з 1987 па 1998 год. Гэта быў час упартай працы, пошукаў і яркіх знаходак у прыняцці рашэнняў. Тады асноўнымі кірункамі дзейнасці былі меліярацыя калгасных угоддзяў, пракладка водаправоднай сеткі, упарадкаванне дарог. У Махро з’явіліся Дом культуры, амбулаторыя, стадыён, магазін, кафэ.

Вяртанне

На сваю малую радзіму я вярнуўся праз дваццаць гадоў. Чалавекам са сваімі поглядамі, вопытам, падыходам да лю-
дзей, ведамі. Прычым з ведамі не тымі, якія мы атрымліваем у інстытуцкіх сценах, а тымі, якія набываем, сутыкаючыся з праблемамі. Добры я кіраўнік або дрэнны — судзіць не мне, а людзям. Але я лічу, што сёння на тэрыторыі гаспадаркі ўсе сацыяльныя пытанні вырашаны.
Гэта шчасце, калі чалавек змог спатрэбіцца там, дзе нарадзіўся, калі гэта месца вызначана Богам для работы, для самарэалізацыі. Тут, на радзіме, як нідзе адчуваеш, наколькі твае рашэнні павінны быць вывераныя і правільныя.

Храм

Першае, што, я лічу, уваскрэсіла надзеі людзей, — будаўніцтва храма. Гэта быў першы сумесны праект, у якім былі задзейнічаны гаспадарка і асабістыя ахвяраванні лю-
дзей. Старая царква была зачынена некалькі дзесяцігод-дзяў назад. Акрамя таго, з ёю была звязана трагічная гісторыя — у 1939 годзе некалькі мясцовых жыхароў забілі бацюшку. 15 лютага 2004 года ў Снітаве адбыўся сход грамадзян, на якім было прынята рашэнне аб узвядзенні новай царквы на месцы разбуранай. Грамадзяне актыўна ўносілі ахвяраванні. Кіраўніцтва гаспадаркі дапамагала транспартам, будаўнічымі матэрыяламі. Раніцай 8 верасня 2007 года адбылося асвячэнне храма Успення Прасвятой Багародзіцы.

Дасягненні

Будаўніцтва царквы дало своеасаблівы штуршок наступным пераўтварэнням. Далей справа пайшла як па накатанай. Хутка, на працягу дзесяці гадоў, была перабудавана ўся вытворчасць. Атрыманы даволі салідны запас трываласці. Па сутнасці, уся вытворчая база была пабудавана на новых тэхналагічных прынцыпах. Не аднойчы «Снітава-Агра» было адзначана на розных узроўнях. Так, па выніках 2004 года за дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці працоўнаму калектыву быў уручаны Ганаровы пераходны сцяг Іванаўскага раённага выканаўчага камітэта з занясеннем на раённую Дошку гонару. Затым былі Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі, граматы абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў і Саветаў дэпутатаў.

Былога Магільна няма

Магільна як такога ўжо сёння няма. Гэта ўжо Іванава. Карэнных жыхароў засталося мала, ідзе маленькае перасяленне. Як сто гадоў назад з’язджаліся ў Магільна з аддаленых вёсак мае продкі, так і сёння працягваюцца падобныя працэсы. Людзі імкнуцца перабрацца ў раённы цэнтр з сельскіх населеных пунктаў.
Сёння на могілкавых помніках і ў зарплатных ведамасцях — розныя прозвішчы. Нашы магільнянскія прозвішчы — альбо на могілках, альбо пераехалі. Іх замянілі прозвішчы перасяленцаў. Адпаведна з заменай карэнных магільнянцаў змяняецца псіхалогія лю-дзей. Хтосьці з новых жыхароў прыжываецца і нядрэнна зарэкамендоўвае сябе на новай малой радзіме, пачынаючы новыя пакаленні магільнянцаў. Але ўсё роўна — няма пераемнасці пакаленняў, некарэнным ужо нецікавая наша памяць.

Ёсць мара

Таму мяне не пакідае мара стварыць музей мінулага, гісторыі і побыту малой радзімы, дзе знайшлося б месца і жорнам, і маслабойкам, каб сучаснікі ўяўлялі, як жылося іх продкам яшчэ параўнальна нядаўна. Але ідэйнага натхняльніка для рэалізацыі гэтай мары пакуль няма. Здаецца часам: узяўся б сам. Але я ведаю вытворчасць, а не музейную справу. Тут патрэбен спецыяліст.
Гісторыю трэба ведаць і захоўваць. Каб праўнучак або праўнучка маглі бачыць, ведаць, як жылі прадзеды. Каб ведалі, што сабой уяўлялі іх сем’і. Бо сям’я тады і сям’я сёння — гэта вялікая розніца. Можна толькі прывітаць, што сёння дзяржава імкнецца ўмацоўваць інстытут сям’і, што сямейныя каштоўнасці шмат у чым былі і застаюцца пытаннем ідэалагічным, хоць асабіста я і лічу, што вельмі часта ў нас ідэалогію замяняюць справаздачнасцю.
Корань шматлікіх праблем тоіцца менавіта ў сям’і. Людзі не ўсвядомяць, што сям’я — гэта саюз блізкіх па крыві, духу, свядомасці. А сёння мы бачым, што нават блізкія родзічы становяцца чужымі, паколькі ў аснову кладуць іншыя каштоўнасці, а не тыя, якія лічацца традыцыйнымі. З аднаго боку, тое, што адбываецца, можна ўспрымаць як данасць і сказаць, што сёння жыццё такое. Але з іншага — ёсць трывога, што не так і не тое мы робім. Я на гэтае пытанне адказу не знаходжу.

У чым шчасце?

Лічу сваім шчасцем тое, што побач жонка Валянціна Іванаўна, што дзеці не раз’ехаліся, разумеюць, чым жыве бацька і ў нечым працягваюць пачатае мною. Старэйшыя займаюць нядрэнныя пасады, маюць добрыя перспектывы. Меншы цягнецца за імі, цяпер у яго ідзе першы год работы. Як далей скла-
дзецца іх лёс — я не ведаю. Але калі бацькі будуць ім служыць прыкладам — гэта, лічу, будзе не так ужо дрэнна.

Ігар ГЕТМАН.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.