Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

І псіхолаг, і журналіст

Количество просмотров:

Пра сваю малую радзіму і прафесію паштальёна расказвае Марыя Васільеўна Мандрык – паштальён аддзялення паштовай сувязі аг. Опаль.

З палявода ў паштальёны

Паштальёнам я раблю з 2005-га. Да прыходу на пошту была паляводам. Якое было першае ўражанне? Цяжкая работа. Трэба было прывыкаць да новага месца, да новага калектыву, да людзей, з якімі прыходзілася рабіць. Шукаць з кожным індывідуальны кантакт. Першы год быў самым цяжкім. А потым людзі прывыклі да мяне, а я – да іх.
Да кожнага, у асаблівасці да пенсіянера, трэба ведаць, як падыйсці. Прапанаваць той самы тавар. Праўда, планы рэалізацыі тавара ў той час былі значна меншыя. У тую пару, як я прыйшла на пошту, у нас было 247 пенсіянераў, сёння – 147. Раней заходзіла ў кожную хату, сёння многія мінаю, парожняга жытла – процьма.
Асаблівасцю работы паштальёна яшчэ нядаўна было тое, што мы насілі людзям грошы за здадзенае малако. Пастаянна, тры разы на месяц. Гэта было даволі цяжка – увесь час мець справу з чужымі грашыма: не паспеў сплаціць адным – ідуць спісы выплат іншым. Але тым не менш, уцягнулася і ў гэты клопат.
Паштальёнкай я стала выпадкова. Проста звальнялася работніца пошты, і ў мяне з’явілася магчымасць пайсці на яе месца. Пра свой выбар не шкадую: я раблю сама на сябе. Бо ў паляводстве як: адзін цягне, другі можа збоку стаяць. А тут сама на сябе зарабляю: колькі прадам – столькі зараблю.

Успамін пра родных

Бацькі мае з Закалля, ранейшага Псышчаўскага сельсавета. Школу закончыла ў 1983 годзе, затым адвучылася ў ПТВ №163 у Кобрыне. Год адрабіла на Кобрынскай швейнай фабрыцы, затым выйшла замуж.
Маці яшчэ жывая, ёй 84 гады. Паляводам рабіла, зараз жыве са мной. Бацька памёр у 2003 годзе, рабіў у гаспадарцы трактарыстам.
Які ўспамін пра бацькоў? Найперш той, што ўвесь час былі ў рабоце. Тады ў паляводстве цяжка было. Хіба палічыш, напрыклад, колькі гектараў буракоў давялося абрабіць за сваё жыццё такім, як мая маці?
У сям’і нас было чацвёра. Дзве сястры і два браты. Адзін з братоў, Васіль Балюк, перабраўся з родных мясцін аж у Ленінград, дзе працаваў у крымінальным вышуку. Але выйшаўшы на пенсію, пераехаў у Моталь. Другі брат, Валерый, робіць зваршчыкам у Янаве, сястра Святлана – загадчыца фермы ў Моталі. Радзіна была дружная. З сям’і бацькоў пастаралася ўзяць уласцівую ёй узаемапавагу. Яна прысутнічала як у адносінах паміж бацькамі, так і да дзяцей, так і паміж дарослымі і дзецьмі. Нас не “душылі” аўтарытэтам або ўзростам, з малога прывучалі да самастойнасці, за што не раз потым хацелася падзякаваць за такое выхаванне.
Муж мой рабіў у лясніцтве, але дадаткова займаўся індывідуальным прадпрымальніцтвам. І гараў, і абгорваў, і сена з саломай прэсаваў. Рана пайшоў з жыцця. Прыемна, калі чую, што людзі да гэтай пары згадваюць яго добрым словам…
У маёй сям’і – пяцёра дзяцей. Самая малодшая, Ганна, яшчэ школьніца, у дзясяты клас ходзіць. Астатнія – Аляксандр, Віктар, Наталля і Іна – ужо самастойныя. Доляю сваіх дзяцей задаволеная. Усе атрымалі адукацыю, маюць розныя спецыяльнасці, ад інжынера да землеўпарадкавальніка. Жывуць у розных кутках краіны – ад Брэста да Лагойска – але адлегласць не шкодзіць захаванню блізкіх адносін. Тым больш, што пры сённяшніх сродках камунікацыі гэта не праблема, было б жаданне. А жаданне заставацца блізкімі, дзякуй Богу, у нас ёсць.   

Я хаце абавязана падпіскай…

Як правіла, сустракаюць паштальёна прыязна, бо ён грошы нясе… Але не заўсёды. Тая ж сітуацыя з падпіскай. Не кожны хоча выпісваць газету. Бывае, што добра прыходзіцца паўгаворваць. У моладзі адгаворка стандартная: у нас інтэрнэт. Старыя людзі – тыя выпісваюць, а маладых ходзіш, просіш… Каго ўгаворыш, каго не. Ёсць такія катэгарычныя, што з парогу адмаўляюцца. Такіх упрошваць бессэнсоўна.
Паштальён ведае многа, часам нават тое, колькі хто каму грошай пазычыў або вінаваты. Да такой ступені нам пенсіянеры давяраюць, расказваюць, а часам, можна сказаць, спавядаюцца. Усяго пачуеш: і добрага, і благога. І пра пахаванні, і пра нараджэнні. Але зараз у сяле мала нараджаецца, больш паміраюць. Таму, напэўна, у гэтых споведзях усё ж больш сумнага. На наступны навучальны год у нас у першы клас пойдуць сем дзяцей. А ў трэці – увогуле адзін хлопчык ходзіць. Таму перажываем за долю нашай школы, мяркуем, што хутка дачакаемся зліцця некалькіх школ у адну ў нашым наваколлі.

Прычына перажывання

Галоўная трывога ў рабоце паштальёна – гэта зніжэнне колькасці людзей. Я ўжо гаварыла, што раней, добра памятаю, сярод маіх кліентаў было 247 пенсіянераў. Сёння – на сотню менш. Дапусцім, некалькі чалавек атрымлівае пенсію на карткі, але гэта агульны нярадасны малюнак не мяняе. Ды й на картку пераходзіць нашы людзі не надта імкнуцца. Вяскоўцы маюць той самы клопат з дэфіцытам у банкамаце наяўных грошай, што і гараджане. Так што ў гэтым сэнсе ў нас той самы стандарт, што і ў раённым цэнтры, вытрыманы.
Ад дэмаграфіі зноў хачу вярнуцца да падпіскі: як яе ўзнаўляць пры такім палажэнні? Якое ўскладняецца не толькі дэмаграфічнай сітуацыяй, але і проста адсутнасцю ў людзей жадання што-небудзь чытаць. Прыйшло пакаленне, якое не чытае. Хоць я ў сваёй рабоце часта чую пра інтэрнэт, як альтэрнатыву папяровай газеце, але лічу, што гэта проста адгаворка. Калі робіць мая субяседніца цялятніцай, не сядзіць яна ў інтэрнэце, нават слухаць не хачу!  Зараз прыйшла вясна, і часу ў вёсцы проста прысесці не будзе, не кажучы пра тое, каб гадзінамі сядзець у інтэрнэце.

Вольны час у вясковага паштальёна…

…часам бывае. Пасля таго, як сонца сядзе, поначы. Бо пасля работы на пошце прыходзіць пара для работы ўдома. На маім падворку, напрыклад, ужо трыццаць бройлераў гуляе. Карову трымаю. А як сцямнее, вышыўкай займаюся. Вышыўка – для душы, а карова – для дысцыпліны. Бо яна ў значнай ступені вызначае рэжым жыцця сваёй гаспадыні.
Выраз “для душы” я не проста так, дзеля краснага слоўца ўжыла. Бо ў паштальёна існуе неабходнасць супакойваць нервы. Ніколі ж наперад не ведаеш, з якімі сітуацыямі на працягу дня сутыкнешся, што цябе і ў якім двары або хаце жджэ. Не заўсёды адразу й здагадаешся, як звярнуцца да чалавека ў той або іншай сітуацыі. Бывае – строга, бывае – з ласкаю. Але ўсё ж такі большасць людзей прадказальная. І я іх за трынаццаць год добра ведаю, і яны мяне.  

Малая радзіма – не толькі замілаванне

Асабіста я дзе нарадзілася, там і засталася. Але ўсё роўна пэўныя настальгічныя матывы прысутнічаюць, найперш звязаныя з дзяцінствам, школьнымі гадамі, юнацтвам. Добрым словам згадваю сваіх настаўнікаў, многіх з якіх, дарэчы, ужо няма на гэтым свеце.  Як і любое пакаленне, так і наша, было розным, неаднародным і неадназначным. І шкоду рабілі, і таго розуму, што прыходзіць з гадамі, не мелі.
Але ўсё роўна, здаецца, што раней людзі былі па многіх характарыстыках лепшымі. Больш дружнымі, менш зайздроснымі. Цяперашняе пакаленне здаецца больш жорсткім і неабольным. “Мне ўсё можна”, – гэтыя словы сталі асновай светапогляду. Але гэтымі словамі я не хачу пакрыўдзіць цяперашніх маладых. Гэта хутчэй словы папроку нам, старэйшаму пакаленню. Тое, што моладзь атрымалася такая, – гэта найперш наша віна. Значыць, мы не так выхоўвалі, калі бачым незадавальняючы вынік. Зрэшты, можа я і перабольшваю. Да нас таксама розум не адразу прыйшоў. Таму будзем спадзявацца, што і яны таксама з часам, як і мы, зразумеюць кошт сапраўдных вартасцяў.

Гаварыў Ігар Гетман.