Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Люди и судьбы

«Хочацца дыхаць паветрам Моталя»

Количество просмотров:

Шаноўныя чытачы “Янаўскага краю”! Сёння наша газета пачынае новы праект, які будзе прысвечаны Году малой радзімы. Яго мэта – не асвяціць нейкія настальгічныя матывы, а ў першую чаргу паказаць, што, дзякуючы рупнасці землякоў, іх рабоце, светапогляду, характару, Малая Радзіма  з’яўляецца сёння не нейкім паэтычным паняццем, а прадметам гордасці за свой край, які даваў і дае Айчыне прыклады людзей, што з’яўляюцца апорай і надзеяй нашай будучыні.

Удзельнікамі нашага праекта будуць самыя розныя людзі – вядомыя і не вельмі. Праз іх жыццёвыя калізіі мы пастараемся правесці думку, што якраз з такіх людзей, іх малых радзім складаецца адна вялікая Бацькаўшчына і нават без аднаго чалавека і яго роднага кутка паняцці Народ і Айчына не будуць поўнымі.

Адкрывае новы праект настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №4 раённага цэнтра Ала Сцяпанаўна Скошчук. Пра такіх, як яна, гавораць “настаўнік ад Бога”. Пацвердзіць рацыю гэтых слоў могуць, без перабольшання, сотні землякоў – яе вучні, іх бацькі, калегі-настаўнікі. Сёння Ала Сцяпанаўна дзеліцца з чытачамі раённай газеты сваёй жыццёвай праўдай.

Восем за адным сталом



Я нарадзілася ў звычайнай сям’і калгаснікаў. Бацька рабіў будаўніком у калгасе “40 год Кастрычніка”, маці доўгі час працавала паляводам, пазней – даглядчыцай жывёлы. У сям’і было трое дзетак. Старэйшы мой брат, Кульбеда Валерый Сцяпанавіч, быў доўгі час галоўным архітэктарам раёна, цяпер па стане здароўя не працуе. Сярэдні брат, Кульбеда Сяргей Сцяпанавіч, працуе ў Іванаўскім цэху Бярозаўскага сыраробчага камбіната. Я была трэцяй.
Сям’я была цудоўная. Я яшчэ застала той час,  калі былі жывыя дзядуля з бабуляй, усе жылі ў адной хаце, і старэйшы брат, калі ажаніўся, прывёў нявестку таксама ў гэту хату. Быў час, калі за адным сталом сядала восем чалавек. Адносіны паміж татам і мамай былі проста цудоўныя. Не памятаю, каб яны калі сварыліся, хіба што мо адзіны раз, калі нешта прабегла паміж імі. Думаю, што многія былі б шчаслівыя мець такіх бацькоў і такую сям’ю.

Бацькі прафесію не выбіралі



Я вучылася ў Мотальскай сярэдняй школе №2. Сваіх настаўнікаў памятаю і сёння. Напрыклад, настаўніца мовы і літаратуры Людміла Уладзіміраўна Бабрыковіч давала такія цудоўныя ўрокі літаратуры, якія былі не проста ўрокамі, а прыкладам жывой размовы з вучнямі. Многіх можна ўспомніць. Гэта і Людміла Вячаславаўна Піцуха, і Аляксандр Міхайлавіч Крапчук, і шмат іншых. Яны былі не проста педагогамі, а добрымі дарадцамі, якія вучылі нас жыццёвай мудрасці.
Але не толькі іх прыклад паўплываў на выбар прафесіі. Гэта быў свядомы крок самастойнага чалавека. Лічу, што мы, маё пакаленне, былі вельмі самастойнымі падлеткамі. Нам бацькі прафесію не выбіралі, не казалі: ідзі туды, або, наадварот, не ідзі, як гэта часта робіцца сёння.  
Настаўнік быў аўтарытэтам і для вучняў, і для бацькоў. І мне, напэўна, хацелася таксама быць чалавекам шанаванай прафесіі. І яшчэ мне здавалася, што гэта маё. Я адчувала нейкае прызванне. Нікім іншым не хацела быць.

За грошы ў той час не вучылі


Я вельмі любіла гісторыю і замежную мову. Таму вырашыла паступаць у педуніверсітэт імя Максіма Танка, дзе была спецыяльнасць гісторыя з замежнай мовай. Паехала паступаць сама, без бацькоў. Паступіла на падрыхтоўчыя курсы, здала тры экзамены на чацвёркі, і мне не хапіла аднаго бала каб паступіць. Я вырашыла, што ўсё ж такі здолею паступіць на наступны год, і пайшла рабіць піянерважатай у школу ў Варацэвічах. Прайшоў год, я зноў паехала здаваць іспыты. Першай здавала гісторыю і зноў атрымала чацвёрку, хоць і ведала прадмет на высокім узроўні. Я зразумела, што чакаць няма чаго, і паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча на дашкольнае выхаванне.
Закончыла яго ў 1991 годзе, якраз у той час, калі паскарачалі стаўкі ў дзіцячых садках. Цяжкае было становішча, дзяцей у садах паменела і, адпаведна, не патрэбна была ранейшая колькасць выхавацеляў. Таму, калі я прыехала ў Іванаўскі раён, аказалася, што мне няма месца. І я зноў стала піянерважатай, на гэты раз у Рудску.
Там я прарабіла з лютага па жнівень, а ў верасні адкрылася чацвёртая школа. Мне прапанавалі стаць настаўніцай пачатковых класаў. Таму я ў хуткім часе паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна.

Брэст


Брэст я люблю, у адрозненне ад Мінска. Доўгі час жыцця ў маленькім горадзе накладвае адбітак. Ты прывыкаеш да больш размеранага, спакойнага ладу жыцця, да адносна невялікай колькасці людзей. А Брэст не выдаваў на надта вялікі горад. Ды й увогуле, гэта ж былі студэнцкія гады – час, калі здаецца, што ўсё дасягальна, што табе адкрываюцца магчымасці, калі ўсё задуманае рэалізуеш. Але застацца ў Брэсце думкі не было. На той час я ўжо была замужам, я нарадзіла  дачку, наша сям’я будавала дом.

Настаўнік у ролі аніматара


Сёння ў мяне – паўнацэнны сёмы набор вучняў. Яшчэ адзін няпоўны выпуск быў, я атрымала, калі выйшла з дэкрэтнага адпачынку, я яго таксама лічу сваім.  Раней дзеці, як мне здаецца, былі больш прагныя да навукі, да кніг. У іх не было столькі магчымасцяў, колькі маюць сённяшнія вучні. Крыніц ведаў было менш: была магчымасць даведацца з кнігі або пачуць ад настаўніка. Сёння галоўныя крыніцы – лічбавае тэлебачанне і інтэрнэт. Многія дзеці глядзяць не забаўляльныя ці не толькі забаўляльныя каналы, а пазнавальныя. І адпаведна ў іх прападае жаданне чытаць. Раней дзяцей было лягчэй зацікавіць. Адкрыты ўрок можна было пабудаваць пры дапамозе ўсяго некалькіх ілюстрацый на дошцы: дзеці глядзелі, і ім было цікава. А зараз увесь час нешта прыдумваем, каб іх заахвоціць, і то не заўсёды атрымліваецца.
Нядаўна чытала артыкул, прысвечаны праблеме зацікаўленасці вучняў. Аўтар (на жаль, не запомніла яго прозвішча) пісаў пра тое, што сёння настаўнік ператвараецца ў аніматара з дзіцячага пакоя, які дзяцей не столькі вучыць, колькі забаўляе, бо яны з самага маленькага ўзросту прывыклі да гульнявых праграм. На дзень нараджэння ў іх клоўны, далей пайшлі ў сад – там тое самае. Таму і ў школе яны чакаюць падобнага. А раней так не было.  
Пры гэтым я не скажу, што дзеці не вучацца. Вучацца, цягнуцца да навукі, але функцыя настаўніка памянялася.

Uchitel 2

 

Жывуць у Беларусі


Не магу сказаць, што ведаю пра ўсіх, але сачу за жыццём сваіх вучняў. Дапамагаюць вечары выпускнікоў. Так, два гады назад мяне запрашаў мой першы выпуск: якраз споўнілася 15 год, як дзеці закончылі школу. У гэтым годзе я зноў сустракалася з выпускнікамі.
Па-рознаму складаюцца долі. Многія дзяўчаты сталі шматдзетнымі мамамі. Шмат эканамістаў, банкаўскіх работнікаў. Хлопцы пайшлі ў будаўнічыя прафесіі. Хтосьці ездзіць у заробкі, каб забяспечыць свае сем’і. Адна з маіх вучаніц, Вольга Нічыпорчык, вярнулася ў нашу школу настаўніцай.
У асноўным жывуць мае выпускнікі ў Беларусі: у Іванаве, Мінску, Брэсце.

Пра прафесійнае выгаранне


Шырока вядомыя словы пра прафесійнае выгаранне, калі чалавеку здаецца, што ў яго рабоце больш няма нічога новага, ніякіх ідэй, ніякага жадання рухацца наперад.  Я не выключэнне, такі стан мне знаёмы. Але мінае пэўны час, нешта мяняецца, і пачынаецца новы пад’ём. Не было такога, каб я пашкадавала пра выбар прафесіі. Нягледзячы ні на якія выгаранні, нікім іншым я сябе не бачу.
Цыклічнасць школьнага жыцця асабіста для мяне руцінай не з’яўляецца. А той факт, што кожныя чатыры гады ў цябе будзе новы набор, я б сказала, амалоджвае настаўніка.

Запамінальнае


Добра памятаю свой першы год работы ў чацвёртай школе.  Адразу кінулася ў вочы, якая добрая, прыязная атмасфера ад пачатку прысутнічала ў новым калектыве. Гэта было гарманічнае спалучэнне дэмакратычнасці і дабрыні, павагі адзін да аднаго. Дырэктарам тады быў Рыгор Рыгоравіч Сыраватка, які гаварыў, што яго мэта – стварэнне не проста калектыву прафесіяналаў, але і добразычлівай атмасферы ў гэтым калектыве. Працаваць было вельмі камфортна. Можа, у іншым сфармаваным калектыве было б па-іншаму маладому настаўніку, але ў дадзеным выпадку мы ўсе разам фармавалі новую супольнасць. Мы былі маладымі настаўнікамі, маглі звяртацца па дапамогу адзін да аднаго, раіцца адзін з адным. Разам і смецце выграбалі, і мэблю складвалі. Бацькі вучняў былі з намі дружныя, дапамагалі ва ўсім.
З першага выпуску памятаю такі цікавы выпадак. Была ў мяне дзяўчынка са складаным характарам. Адзін раз яна схапілася з-за парты – і наўцёкі. Яна бяжыць па калідоры, я за ёй. Па толькі што памытай слізкай падлозе. У выніку – падзенне і вывіх, са школы мяне зводзілі па сходах пад рукі. Але такая праява – хутчэй, выключэнне з правіла.
Памятаю ўсе “першыя верасні” сваіх новых набораў, бо ў такія дні адчуваеш асаблівае хваляванне.

Сакрэт поспеху


закладваецца ў бацькоўскай сям’і. Я чалавек традыцыйнага выхавання, калі ў галаву табе ўкладваюць пачуццё абавязку і адказнасці, лічу, што гэта абсалютна правільна.
Рабіце сумленна, не бойцеся адказнасці – і вам наканаваны поспех. Трэба зрабіць – значыць трэба. Люблю дзяцей, люблю сваю работу. Калі не будзеш любіць сваю работу – як ты яе выканаеш добра?

Дзякуй інтэрнэту


Больш вольнага часу ў сённяшняга настаўніка з’явілася дзякуючы інтэрнэту. Калісьці мы ўсю нагляднасць рабілі ад рукі. Разам з мужам чарцілі табліцы. На падрыхтоўку да ўрока шмат часу ішло. Сёння нашмат прасцей: раздрукаваў з інтэрнэту патрэбны матэрыял – і ўсё. Шмат стала выдавацца неабходнай літаратуры нашымі выдавецтвамі. Гэта таксама беражэ час. Сёння няма такой неабходнасці, як раней, наведваць бібліятэку, забываюцца тыя часы, калі табе патрэбную  кнігу ўвогуле маглі не даць на рукі, а толькі дазвалялі азнаёміцца з ёй у чытальнай зале. Дзякуючы агульнаму прагрэсу, вольнага часу, безумоўна, стала больш. Яго нямнога, бо асноўныя абавязкі застаюцца, але вось гэты сегмент – падрыхтоўкі да ўрока – стаў прасцейшы.

Каларыт беларускамоўнасці


Знешне нашы дзеці, канешне, не адрозніваюцца ад сваіх равеснікаў з іншых школ. Але калі заглянуць глыбей, то мы ўбачым пэўную непадобнасць. Па-першае, яны ведаюць беларускую мову, могуць гаварыць  на ёй, ім не цяжка прачытаць беларускую кнігу. У нас няма тых пытанняў, з якімі сутыкаюцца калегі з рускамоўных школ, дзе дзеці часам не ведаюць значэння самых простых беларускіх слоў, дзе праблемай з’яўляецца напісанне дыктоўкі.
Безумоўна, я не скажу, што дзеткі ў пачатковых класах свабодна гавораць па-беларуску, усё роўна часта атрымліваецца трасянка, ды й настаўнік часам вымушаны звяртацца да рускамоўных уставак, каб данесці матэрыял.  
Гарадская беларускамоўная школа, як мне здаецца, накладвае дадатковыя абавязкі на калектыў. Мы маем пачуццё гонару за тое, што здолелі захаваць беларускасць, разглядаем гэты факт як патрыятычную акцыю. Мы не на словах, а на справе паказваем, што для нас беларуская мова ў адукацыі – прынцыповы момант.
Быў у мяне такі выпадак у жыцці, калі я ездзіла з лекцыямі ў Інстытут развіцця адукацыі ў Брэст. Там я выкладала па-беларуску, хаця ў некаторых і ўзнікалі пытанні: навошта гэта?
Гадоў восем назад выказвалася думка пра тое, што, можа, варта разгледзець пытанне пра змену мовы навучання. Але настаўнікі на педагагічным савеце не падтрымалі такую ідэю. Рэдка, але здараюцца выпадкі, калі бацькі адмаўляюцца аддаваць дзіця ў нашу школу з-за беларускай мовы навучання. Асабіста я ў гэтым ніякай праблемы не бачу: дзеці лёгка адаптуюцца да беларускамоўнага навучання. Я сама заканчвала беларускамоўную школу. Гэта не пашкодзіла ні мне, ні маім аднакласнікам стаць настаўнікамі, урачамі, інжынерамі.

Моталь назаўжды


Заўсёды з гонарам гавару, што я маталянка. Люблю гэты куток нашай Беларусі. Найлепшыя ўспаміны шчаслівага дзяцінства і юнацтва, звязаныя з ім. Моталь – гэта бацькі, якіх ужо няма, гэта суседзі, гэта сябры, якія засталіся на ўсё жыццё.
Увесь час туды цягне. Ганаруся землякамі, нашымі маталянамі. Усімі, не толькі вядомымі. Для мяне там нават паветра свяжэйшым здаецца, якім хочацца дыхаць.  

Гаварыў Ігар Гетман.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.