Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Люди и судьбы

Малая Бацькаўшчына – у ГУЛагу…

Количество просмотров:

Сёння ў рубрыцы “Невялікая, але наша” – Валянцін Перапёлкін. Настаўнік, кампазітар, паэт, пісьменнік. Не проста аўтар нашай газеты, але сапраўдны яе сябар.

І дзень, і год

Калі пайшла размова пра магчымасць правядзення ў нас Дня беларускага пісьменства, я падумаў: а чаму толькі Дзень? Нам патрэбны дэкады, месячнікі, гады для ажыўлення нацыянальнай культуры. Што нам дасць дзень, калі потым усё зноў вернецца да паўся-
дзённасці? Але потым падумаў: не, нешта ўсё роўна адкла-
дзецца, застанецца ў памяці ўсіх нас. Такія самыя думкі закрадваліся і адносна Года малой радзімы. Год малой радзімы – гэта магчымасць звярнуць увагу на нашу правінцыю на дзяржаўным узроўні і ў выніку зрабіць перыферыю больш дагледжанай і ўпарадкаванай. Усё-такі наколькі мудра паступіла наша рэспубліканскае кіраўніцтва, што ўвяло практыку прысвячэння гадоў пэўнай тэматыцы. Так і на гэты раз: Год малой радзімы – гэта дадатковая магчымасць памагчы канкрэтнаму населенаму пункту, канкрэтнай вуліцы.

Малая радзіма — гэта пах

Такія файныя ўспаміны пішуць людзі ў нашай газеце пра свае вёскі, пра сваё дзяцінства. Па тэлевізары я бачу харошыя кліпы, праграмы адзначанай тэматыкі. Мне хочацца сёння, як і многім, успомніць сваю малую радзіму, зачапіцца за гэтую тэму. І… робіцца крыўдна: мне няма што ўспомніць…
Малая радзіма – гэта першыя дзіцячыя эмоцыі: што ты бачыш, што чуеш, што адчуваеш. А маё першае адчуванне – гэта пачуццё голаду і пах хвоі. Я да гэтага часу не магу пераносіць паху хвоі. Нават на Каляды я стаўлю штучную ялінку, каб не чуць гэтага паху. Хвоя для мяне – гэта пах смерці. На Урале, дзе я рос, наўкола адны елкі. Іх неслі ў хату, калі там быў нябожчык. Неаднойчы ў тайзе людзей прыбівала елкаю або сасною. Іх пах да гэтай пары я атаясамліваю са смерцю бацькі.
У пашпарце месцам майго нараджэння пазначана вёска Верхняя Чолва Дабранскага раёна Пермскай вобласці. Але такой вёскі няма і ніколі не было. Было спецпасяленне №31 Чолва. Але ж у пашпарце не напішаш, што чалавек нарадзіўся ў ГУЛагу, таму пісалі далікатней, нібыта ты наро-
джаны ў вёсцы. Сёння на месцы гэтай вёскі-пасялення – Камскае вадасховішча, Камскае мора, як мы яго звалі. На дне гэтага мора – магілы майго дзеда і бацькі.   
Хто жыў у тым спецпасяленні? Рэпрэсаваныя беларусы, украінцы, крымскія татары і жыхары Паволжа, у тым ліку этнічныя немцы. Чыста па этнічнай прыкмеце там збіралі ссыльных. Мой бацька – рускі з Саратаўскага Паволжа, а маці – беларуска з Гомельшчыны.  Палёгка прыйшла толькі пасля таго, як памёр “герой” наш, генералісімус, як прыйшоў Хрушчоў. Спецпасяленні сталі распускаць, але на Бацькаўшчыну людзей усё роўна яшчэ не пускалі. Я памятаю, як у тую пару маці казала: “Хутка, дзеткі, паедзем у Беларусь. Там няма такой гразі, такой гліны, як тут. Там жоўценькі пясочачак”. Запомніўся гэты не “пясочак”, а “пясочачак”…
Яшчэ расказвала, што там, на Бацькаўшчыне, яблыкі растуць. А для нас на Урале яблыкі – нешта несусветнае, тое самае, што авакада.  Мы іх больш на малюнках бачылі, чым на стале. Часам долька перападала, але не часта. А маці кажа: “Дзеці ў нас часам, граючы, кідаюцца яблыкамі”. Я сам сабе пры гэтым думаю: “Заливает мать, як такое можа быць, каб кідацца яблыкамі?”

Ехаў у Іванава. Прыехаў у Янаў

Я прыехаў у Беларусь, Усходнюю, у 1968 годзе. На Жлобіншчыну, дзе была радзіма маці. Я знарок падкрэсліваю, што прыехаў ва Усходнюю Беларусь, бо лічу яе больш пакутнай. Заходняя таксама не шмат дабра бачыла ў даваенны час ад польскай улады, але ўсё ж такі шчасце было ў тым, што яе мінула жудасць сталінскай сякеры. Я ведаю, пра што гавару, бо застаў яшчэ сведкаў той эпохі на малой бацькаўшчыне маці.
Пяць год я пражыў у Жлобіне, там пазнаёміўся з хлопцамі з Моталя і Дастоева, з якімі разам вучыліся ў музычна-педагагічным вучылішчы. Яны мяне запрасілі ў госці, мне тут спадабалася, і я прытармазіў у Янаве. Ажаніўся на паляшучцы, з Рагадашч. Больш за 30 год пражылі мы з Марыяй...
З маіх 72 год амаль пяць-дзясят я жыву тут. Памятаю, як нашы дзяўчаты ў чацвёртай школе рыхтавалі нейкае мерапрыемства і папыталі ў мяне: “Якое было ваша першае ўражанне пра Іванава?” Я кажу: “Дзяўчаты, я не зразумеў пытанне. Нечага аднаго канкрэтнага я не знайду”. А потым я знайшоў адказ: гэта станцыя Янаў-Палескі. Я, як пабачыў назву, адразу задаўся пытаннем: чаму Іванава, калі скрозь чую Янів, Янов, Яново? Потым стаў разбірацца ў пытанні і зразумеў: не хацелі тут бачыць нейкіх адметнасцяў, таму і не магло быць ніякага Яна і Янава, толькі Іван і Іванава.    
Гаворачы пра Дзень пісьменства, хачу сказаць, што дарэмна мы не разгледзелі магчымасць вяртання да гістарычнай назвы горада.  Янаў – у крыві, у генах янаўцоў, яго нічым не вытравіш. І не толькі карэнных янаўцоў, але нават для такіх, як я, гэта назва  родная і натуральная.

Пра эпоху і аўтараў

Лепшым часам з савецкага перыяду лічу лагодны брэжнеўскі час. Але й тады мы бачылі, што кепска: вечны дэфіцыт і вечныя чэргі, разумелі, што свет жыве па-іншаму. Еўтушэнка некалі згадваў, як у берлінскай краме савецкай турыстцы стала блага, калі яна ўбачыла пяць гатункаў каўбас. Пры гэтым Еўтушэнка падумаў: табе зрабілася кепска ва Усходнім Берліне, а што б з табой стала, каб ты пабыла за Мурам, у Заходнім Берліне?...
Дэфіцытам была і літаратура. Але, тым не менш, у нашай хаце быў поўны збор твораў Тургенева, быў Бунін, пазней з’явіўся Булгакаў. Чытаючы “Сабачае сэрца” або “Белую гвардыю”, я здзіўляўся толькі таму, як ён ацалеў, як яго не расстралялі? Магчыма, праз яго Сталін паказваў моц сваёй імператарскай улады: захачу – і пакіну ў жывых, нават узвялічу…
Наступнік Сталіна, Мікіта Хрушчоў, не быў чалавекам інтэлігентным і адыграў паскудную ролю ў жыцці таго ж Вазнясенскага, але дзякуючы яго палітыцы развязаліся языкі ў творчай інтэлігенцыі, і савецкая літаратура прырасла дзясяткамі шэдэўраў. Якраз у гэты час пачынаецца росквіт двух з чатырох маіх любімых беларускіх пісьменнікаў – Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча. Яшчэ двое робяцца заўважнымі трохі пазней – у згаданы “лагодны” брэжнеўскі перыяд – Генадзь Бураўкін і Святлана Алексіевіч.
Былі ў маёй бібліятэцы ўсе творы Івана Шамякіна. Праўда, сёння я не магу яго чытаць. Хіба толькі “Сэрца на далоні”. Занадта ён заідэалагізаваны.
З замежнай літаратуры ў прыватнай бібліятэцы былі творы Заля, Мапасана, Маруа, Гюго, Шэкспіра, Рэмарка. Была падборка кніг пра людзей неардынарных, ад Моцарта да Ван Гога.  

Тры Андэрсэны

Асобна з еўрапейскай літаратуры выдзелю Ганса Хрысціяна Андэрсэна, бо я рыхтаваў пастаноўкі па яго творах. Не магу ўспрымаць пераклады Андэрсэна 30-х – 40-х гадоў. Яны настолькі атэістычныя, што ў іх цяжка знайсці сапраўднага Андэрсэна, які быў глыбока веруючым чалавекам. Нават сюжэт казак, часам, змяняецца. Я згодны з той думкай, што перакладаць вялікага даччаніна павінен выключна чалавек веруючы.
Калі пачынаў работу над яго казкамі, мне парэкамендавалі пачытаць пераклады Ганны і Пятра Ганзэнаў, каб зразумець сапраўднага Андэрсэна. Удзячны і за рэкамендацыю, і за дапамогу ў пошуку тых перакладаў. Гэта сёння ганзэнаўскі пераклад можна знайсці даволі лёгка, а дваццаць год назад мы толькі адкрывалі гэтыя тэксты.
Я тры разы рабіў лібрэта і музыку да спектакляў па андэрсанаўскіх казках: па “Снежнай каралеве”, “Дзюймовачцы” і “Русалачцы”. Найлепшым праектам лічу “Русалачку”. Тады мне вельмі пашанцавала:  быў добры рэжысёр, я сам быў на ўздыме, і побач са мною былі проста залатыя людзі. Гэта былі дзевяностыя гады мінулага стагоддзя. Наша чацвёртая гарадская школа толькі-толькі аперылася, толькі станавілася на ногі музычнае аддзяленне. Але дзеткі былі надта музычныя, і ўсё ў нас атрымлівалася проста здорава. На “Русалачку” працавала ўся школа. Дэкарацыі рабілі на ўроках працы, дзяўчаты шылі касцюмы. Той энтузіязм і сёння згадваецца з цеплынёю. Такі музычны ўзорны тэатр быў у тую пару адзіны на ўсю краіну.  Уздым быў моцны, нягледзячы на агульны цяжкі матэрыяльны стан у той час. Нашаму тэатру сёння зноў патрэбен такі ўздым, такі выбух. Праўда, хацелася б, каб ён суправаджаўся ўвядзеннем у рэпертуар беларускіх п’ес. Увогуле нагвалт патрэбны беларускі матэрыял пры падрыхтоўцы самых розных школьных мерапрыемстваў.

Не люблю Панфёрава

Мне не падабаецца, як пісаў Панфёраў, імя якога носіць наша бібліятэка. Спрабаваў яго чытаць – і не змог. Невысокага ўзроўню яго творчасць. Чаму толькі бібліятэцы далі яго імя? Няўжо ў нас няма або не было сапраўды прыстойных паэтаў і пісьменнікаў? Толькі на Брэстчыне колькі талентаў! Жэня Янішчыц, Ніна Мацяш, Васіль Жуковіч – калі ласка! Усе яны неаднойчы выступалі перад нашымі янаўцамі. Не адзін раз была ў нас Рыма Казакова – чым не імя? Імя Панфёрава, яго творчасць сёння нікому не вядомыя  ні ў нас, ні ў Расіі. Бо нікому яго ўслаўленне калектывізацыі, з ілжывасцю і прыўзнятасцю, не патрэбна. Чытаеш яго, і ствараецца ўражанне, што людзі толькі й рабілі, што чакалі, калі ім шчасце ў выглядзе стварэння калгаса і ліквідацыі кулака прываліць. Панфёраў – пісьменнік вельмі перадузяты. І той факт, што ён быў можа першым  пісьменнікам, якога палешукі ўжывую пабачылі, якасць яго прозы не палепшыць.

Два беларускія класікі. Але не Купала і Колас

Для мяне першымі і галоўнымі беларускімі пісьменнікамі з’яўляюцца Быкаў і Караткевіч. Тыя, чыя творчасць класічная і ў прынцыпе не падлягае перагляду і рэвізіі. Як Пушкін у Расіі.
Зразумела, я чытаў і Купалу, і Коласа, якія традыцыйна лічацца зоркамі першай велічыні ў беларускай літаратуры. Але нічога пра іх сказаць не магу – ні добрага, ні благога. Не запалі ў душу. Я разумею, што пісалі яны ў цяжкіх умовах, што змагаліся за беларушчыну, і за гэта ім удзячнасць і прызнанне. Але сучасная беларуская паэзія мне здаецца намнога мацнейшай. У мяне была думка зрабіць што-небудзь на словы Коласа, пакласці на музыку. Я стаў чытаць “Сымона-музыку”.  Звычайна, калі чытаеш, з’яўляецца пэўны запал. Але мяне не зачапіла.

Дэвальвацыя друкаванай кнігі

Калі мы, людзі старэйшага пакалення, збіралі свае бібліятэкі, то здавалася, што яны ўяўляюць адначасна інтэлектуальную і матэрыяльную каштоўнасць, якая застанецца нашым дзецям. А сёння асабіста я бачу, што ўнучцы мой кнігазбор цікавасці не ўяўляе. Можа, якраз таму і не магу навесці парадак у бібліятэцы. Спрабаваў завесці фармуляры на кнігі, але так і кінуў.
Мне нават цяжка сказаць, ці чытаюць сёння людзі ўвогуле. Нібыта й чытаюць, але выклікае сумненне якасць іх сённяшніх захапленняў. Дэфіцыт кнігі, які мы адчувалі некалькі дзесяцігоддзяў назад, усё ж такі меў і пэўны плюс – мы мелі магчымасць у тых умовах больш увагі надаваць якаснаму боку і сваіх кнігазбораў, і сваіх чытацкіх зацікаўленняў. Сёння, мне здаецца, у моры інфармацыі стала цяжэй шукаць менавіта якаснае, прафесійнае мастацкае слова.  
Хаця ўсё роўна хочацца верыць, што людзі вернуцца да традыцыйнай друкаванай кнігі. Не верыцца асабіста мне, што можна так вось проста сучасным электронным версіям знішчыць традыцыю, якой сотні год.

Гаварыў Ігар Гетман.