Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Малая радзіма – у сэрцы

Количество просмотров:

Ахінутая шэрай смугой, у задуменні стаю на ўзмежку роднага поля. Тонкая сцежачка, губляючыся ў росных травах, бяжыць да весніц, за якімі зліваецца з гаманкой дарогай вясковай вуліцы. З гэтай мясціны адкрыліся мне бязмежныя далягляды ў вялікі свет. Менавіта тут у сэрцы разгарэлася чароўнае цяпельца жадання адгадаць таямніцу неспазнанага, менавіта гэтай зямлі наканавана быць маёй малой радзімай.

Еднасць з радзінным куточкам яскрава пазнаецца праз расстанне (ва ўсялякім разе, так здарылася ў маім жыцці), калі асабліва востра адчуваеш, што родных краявідаў не хапае, як свежага глытка паветра ў духмень.
Першая доўгая ростань – ажно на паўтара месяцы – надарылася, калі я паступіла на філфак Белдзяржуніверсітэта і разам з усімі першакурснікамі паехала на сельгаспрацы ў гаспадаркі Магілёўшчыны.
Нас рассялілі па хатах местачкоўцаў. Бабуля Валя і дзед Раман, у якіх я з дзвюма новымі сяброўкамі кватаравала, прынялі нас, як родных. Бабуля надта шчыра старалася нас адкарміць, каб па нашым звароце дамоў бацькі не папракнулі гаспадароў у тым, што марЫлі іх дзетак голадам. Наварысты фасолевы суп з печкі, пышныя аладкі з дамашняй смятанкай, румяныя дранікі…
Шчыраваць давялося на льняным полі. Варта зазначыць, што праца была для мяне малазнаёмая: у калгасе на маёй малой радзіме лён не вырошчвалі. Давялося вучыцца вязаць снапы, ставіць іх у бабкі.
Гляну на даўжэзныя валкі ільняной трасты, што разаслаліся да небакраю, і міжволі ўспомню свае сенажаці, дзе ў роўныя пракосы паслухмяна клалася скошаная бацькам духмяная трава. Туга спавівала сэрца, нібы даўно-даўно не была на радзіме. Нехта з нашых (берасцейцаў) зацягваў паляшуцкую песню – і духам роднага дома веяла.
З кожным днём нудзілі па радзінным куточку ўсё болей. Не радавалі ўжо ні бабчыны вясковыя дэлікатэсы (а яна настакі адкарміла: усе панабіралі лішніх кілаграмаў, нягледзячы на тое, што працавалі цяжка, рупна і старанна), ні сапраўдная руская лазня, якую час ад часу паліў для нас дзед Раман, ні няхітныя заляцанні мясцовых кавалераў.
Прыемная навіна прыйшла зусім нечакана. Нейк у разгары працоўнага дня заехаў наш куратар і паведаміў, што час нашай “высылкі” вычарпаў сябе і тыя, хто родам здалёку (у тым ліку і з Брэстчыны), могуць зараз жа пакінуць поле і паспяшацца апошнім аўтобусам на станцыю, адтуль – на дзянёк да бацькоў і… на вучобу ў сталіцу.
…І вось я лячу – парка-шпарка бягу па ільнішчы. А хочацца бегчы яшчэ шпарчэй, ды здаецца, што на месцы бягу, што не будзе полю ні канца ні краю. Рукой, у якой заціснута сарваная з галавы касынка, не прыпыняючы бегу, похапкам закладваю за вуха непаслухмяныя пасмы валасоў, што засцяць вочы, глытаю-не пераглытаю ашалелы вецер, які нібы знарок чыніць мне перашкоды, уяўляю сустрэчу з блізкімі.
З ускалмачанай прычоскай, задыханая і… бязмежна шчаслівая ўбягаю ў падворак нашых гасцінных гаспадароў. І зараз памятаю: бабуля Валя, схіліўшыся над начоўкамі, замешвае корм качанятам. Я бачу толькі яе сагнутую спіну.
– Бабуля! Я…я…я… дамоў! – выкрыкваю,захліпаючыся бегам і неймавернай радасцю.
Старэнькая нетаропка выпраўляе спіну, павяртаецца да мяне. Па яе маршчыністых шчоках… коцяцца слёзы.
– Я ведаю, – не раздзяляючы майго ўздыму, кажа бабуля. – Ваш старэйшы заходзіў. А як жа я буду без цябе, Ірыначка, ты ж мне вельмі к сэрцу прыпала. Яна бездапаможна прытуляецца да мяне. Заходзіцца плачам, нібы малое дзіця. Мне становіцца сорамна за сваю эгаістычную радасць. На вочы таксама навяртаюцца слёзы.
– Я буду пісаць Вам, а яшчэ я прыеду ў госці, – абяцаю. – Прыеду абавязкова. Вось убачыце!..
Праз некалькі гадзін пад перастук вагонных колаў я шчасліва марыла пра спатканне з малой, самай найлепшай у свеце, радзімай.
Прыгадваю першыя імгненні спаткання з матуляй пасля вяртання. На той момант, калі я ступіла на бацькоўскі падворак, яна ў хляве даіла карову.
Пачуўшы маё нецярплівае гуканне: “Мама!”, борздзенька выбегла з хлява. Даёнка бразнулася вобзем, белыя струйкі малака расцякліся па сцежцы. Уподбежкі матуля кінулася насустрач. Мы абняліся моцна-моцна, нібы не бачыліся вечнасць. У мяне ад хвалявання ажно мову заняло. “Ма-ма”… Толькі і змагла яшчэ раз выдавіць з сябе па складах, румзаючы ў маміна плячо.
Сэрца спявала. Хацелася абняць шапатлівую бярозку ля весніц, пакланіцца каржакаватым яблыням у садзе, павітацца з вяргінямі, што раскашавалі ў палісадніку.
Вось тады ўпершыню мне і стала зразумела, што гэта за скарб такі – малая радзіма.
За пяць гадоў вучобы ў сталіцы я прывыкла да мітуслівага гарадскога жыцця, нават палюбіла яго. Але ўсе гэтыя гады ў маёй душы жыў айчынны куточак, куды заўсёды ехала з найвялікшай асалодай.
І цяпер, калі шмат гадоў жыву ў райцэнтры, пільнай патрэбай душы з’яўляецца жаданне адведаць родную вёску. Праўда, за зменлівым часам тут прыжыліся новыя сем’і, падраслі дзеці, якіх я ўжо і не ведаю, але ўсё роўна там адчуваю сябе сваёй між сваіх.
У выніку жыццёвага вопыту прыйшла да высновы, што малая радзіма – гэта мясціна, каардынаты якой не варта шукаць на геаграфічнай карце. Бо, дзе б ты ні быў, якія далягляды свету табе б ні адкрыліся, куды б ні завялі цябе неабсяжныя пуцявіны лёсу, яе, як найвялікшую каштоўнасць, ты павязеш з сабой. Малая радзіма заўсёды – у тваім сэрцы. Таму, пакуль б’ецца сэрца, ні пакінуць, ні забыць яе немагчыма.

Ірына САЛОМКА.