Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Мікалай Шыкалай: «У Моталі – па-мотальску»

Количество просмотров:

Ведаюць мяне як аблупленага

Я нарадзіўся ў Моталі і ўсё жыццё адпрацаваў у Моталі. Лічу, што шмат зрабіў для маталян. Хоць бы ўзяць той факт, што камбінат кааператыўнай прамысловасці апынуўся менавіта ў Моталі, а не ў Іванаве – гэта, лічу, мая заслуга. Лагічна было б яму знаходзіцца ў Іванаве, але я прапанаваў Моталь. І тагачаснае партыйнае кіраўніцтва пагадзілася. Чаму мне хацелася размясціць камбінат  у Моталі? Таму што там заўсёды, колькі я памятаю, не хапала працоўных месцаў. Успамінаю, як у той час, калі я быў загадчыкам пякарні, людзі часта ішлі з просьбай аб працаўладкаванні.

Калі я прыняў камбінат у 1980 годзе, на ім працавала 55 чалавек. А да моманту сыходу на прадпрыемстве было 250 чалавек. Дырэктарам я адпрацаваў 37 гадоў.
Моталь – гэта сапраўды радзіма. Я яго люблю. Паважаю людзей, сваіх землякоў. Ды і яны мяне як аблупленага ведаюць – і моцныя мае бакі, і недахопы.
Заўсёды хацелася, каб у маталян была работа, зарплата і адукацыя. Гэта тыя тры кіты, на якіх будзе базіравацца ўстойлівае развіццё любога рэгіёна. Будзе ў людзей адукацыя – можна бу-дзе знайсці патрэбнага спецыяліста. Патрэбен табе тэхнолаг – вось ён, калі ласка. Патрэбен інжынер альбо механік – тое ж самае. У Моталі было якраз так. Можна было знайсці патрэбнага спецыяліста, не прыцягваючы нікога збоку.
Само жыццё прымушала заўсёды выпускаць прадукцыю якасную. Не дай бог, які-небудзь зрыў – і табе могуць прама дадому патэлефанаваць, выказаць прэтэнзію: што ты там глупствам займаешся, распусціў калектыў і да т. п.
Успамінаю этапы расшырэння вытворчасці. Спачатку ў тры разы павялічыў магутнасць рыбнага цэха. Затым на чарзе – каўбасны, халадзільны, бойня, пякарня. Усюды праводзіў рэканструкцыю. Дэфіцыт быў ценем савецкай эканомікі, прадуктаў не хапала. Іх выпуск трэба было павялічваць, павялічваць і павялічваць. А пашырэнне вытворчасці – гэта ў выніку і прадукцыя, і працоўныя месцы, і добрыя падаткі дзяржаве.

Хлеб, каўбаса і партыйны білет

Я пасля школы пайшоў працаваць у каўбасны цэх. Бацька мой там адпрацаваў дваццаць гадоў і мяне туды сасватаў. Прабыў я там месяцы тры і неяк страціў цікавасць. Работа была складаная, цяжкая для маладога хлопца. Акрамя таго, былі дрэнныя бытавыя ўмовы, нават душа не было. Бывала, прыйдзеш дадому, маці нагрэе ваду ў чайніку, абальешся – і спаць. Таму я вырашыў перайсці ў пякарню, хоць такое рашэнне і выклікала ў іншых здзіўленне: усе хочуць патрапіць на працу ў мясны, а ты сам сыходзіш...
Пасля пераходу я адразу паступіў у Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум. Пасля заканчэння вучобы хутка, дзесьці месяцы праз чатыры, быў прызначаны загадчыкам пякарні. Але да гэтага паспеў папрацаваць экспедытарам па развозе хлеба. Гэта таксама вялікая школа. Ездзіў па вёсках, вывучаў попыт, магчымасці, колькі хлеба трэба вёскам.
Дырэктарам пякарні я быў сем гадоў. Паказчыкі ўсе выконваліся, сталі з’яўляцца ў нас пераходныя сцягі за поспехі ў працы, заўважылі мяне абласныя ўлады. І тады вырашылі зрабіць дырэктарам філіяла «Кааппрам» Іванаўскага раённага спажывецкага таварыства. Натуральна, не абышлося без партыйных органаў, але і па гэтай лініі ніякіх пытанняў не было. У партыі я быў з 1972 года. Дагэтуль партыйны білет захаваўся. Гэта не толькі гісторыя, але і частка жыцця. Я лічу, што сумленныя працаўнікі былі гонарам партыі, і гэтую старонку мінулага не трэба ні забываць, ні вырываць.

Дзеці – у Моталі. Унукі – у Мінску, Маскве і Варшаве

У мяне двое дзяцей: дачка і сын. Абодва засталіся ў Моталі. Дачка скончыла педагагічную ВНУ ў Брэсце, працавала ў першай Мотальскай школе, выкладала рускую мову. Сын скончыў мяса-малочны тэхнікум у Пінску, потым інстытут народнай гаспадаркі ў Мінску. Працуе ў Драгічынскім раёне, але жыве ў Моталі. З чатырох унукаў трое яшчэ атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Адна ўнучка ўжо скончыла БДУ, працуе ў Мінску. Адзін унук – у Маскве, заканчвае магістратуру. Яшчэ адзін унук, гэта ўжо сын дачкі, вучыцца ў эканамічным ўніверсітэце. Ну і яшчэ адна ўнучка ў Варшаве вывучае эканоміку міжнародных адносін у філіяле Ліверпульскага ўніверсітэта. Заняткі ідуць на англійскай мове. Экзамены здаюць пісьмова і адпраўляюць на праверку ў Вялікабрытанію. Так што хутка спадзяюся ўбачыць усіх унукаў з дыпломамі.
Ці вернуцца яны ў Моталь? На першы погляд здаецца, што яны будуць мець перспектывы далёка ад сваёй малой радзімы. Але, як жыццё складзецца, ніхто не ведае. Думаю, што некаторыя вернуцца.
 

Рэцэпт поспеху

Вельмі хутка пасля прыходу на пасаду дырэктара я даў сабе ўстаноўку: каб прадпрыемства працавала, каб самому адбыцца як кіраўніку, трэба пастаянна клапаціцца аб павелічэнні вытворчасці. Заўсёды адсочвалі кан’юнктуру, шукалі найболей рэнтабельныя варыянты вырабу прадукцыі.
У нас былі пабудаваныя сталярны цэх, станцыя тэхабслугоўвання, майстэрня, дзе выраблялі цвікі. У той час, калі развальвалася сістэма грамад-
скага харчавання, мне перадалі мотальскае кафэ. У ім на той момант працавалі тры ці чатыры чалавекі. Я давёў колькасць працаўнікоў да дваццаці: мы цалкам аднавілі яго працу, адкрылі кандытарскі цэх, сталі вырабляць розныя паўфабрыкаты. Ну і, вядома, хачу ўспомніць цяпліцу, якую пабудавалі, каб заўсёды мець зеляніну, свежыя агуркі і памідоры.
Таму ў мяне ніколі не было пытанняў па выкананні плану. Акрамя таго, я заўсёды адчуваў паважлівае стаўленне да сябе як з боку ўлады, так і простых працаўнікоў. Многія сёння ліхім словам успамінаюць 90-я гады мінулага стагоддзя. Я так не скажу. У той час татальнага недахопу ўсяго наша прадукцыя разыходзілася вельмі хутка. Дзесьці толькі каля 2000 года адбылося насычэнне рынку, і мы сталі адчуваць хоць нейкую канкурэнцыю. Некаторае паніжэнне аб’ёмаў вытворчасці адбылося, аднак не было ніводнага месяца, каб мы спрацавалі ў страту. А далей мы зноў сталі шукаць свабодныя нішы на рынку і зноў пайшлі ўверх.
Яшчэ адзін момант, пра які хачу згадаць, – гэта адзінства ў разуменні мэт і задач і кіраўніцтва, і працаўнікоў. Вядома, патрабаванні з боку кіраўніцтва былі, але пры гэтым людзі самі разумелі неабходнасць добрасумленнага стаўлення да працы.
Пякарня ў мяне працавала кругласутачна. Грамадскае харчаванне – амаль кругласутачна. Субота да абеду ў мяне заўсёды была працоўнай. Таму што ў суботу з раніцы адпускалі прадукцыю на выхадныя дні. А гэта, акрамя вытворчай неабходнасці, мела яшчэ і псіхалагічны момант: людзі, у якіх ёсць і сем’і, і гаспадаркі, бачаць, што не толькі яны аддаюць сябе працы, а і кіраўнік разам з імі.

«Прысмакі»

Не буду скромнічаць, шмат у чым менавіта наша прадукцыя паспрыяла раскрутцы брэнда «Мотальскія прысмакі». Цяпер «Прысмакі» – вядомы фестываль, на які едуць госці з розных краін. Мы, вядома ж, рыхтуемся да яго. Прадаём на фестывалі каля паўтары тоны нашай прадукцыі. Лічу ўдалай саму ідэю такога кулінарнага свята. Яно патрэбна людзям. Увесь час толькі працаваць не будзеш, хочацца адпачынку і забаў. Тым больш мястэчку, сялу, вёсцы, якія яшчэ меней распешчаныя ў плане адпачынку, чым раённы горад. Але я зго-
дзен з пераводам «Прысмакаў» у фармат адзін раз у два гады. Кожны год – гэта ўжо замнога, а праз год – тое, што трэба.

Моталь учора і сёння

Канешне, сёння Моталь ужо не той, якім быў раней. Раней тут жылі выключна мясцовыя. Доўгі час маталяне жаніліся толькі з маталянкамі. Аднак з 1960-х гадоў гэта традыцыя стала размывацца. Маталяне сталі вучыцца, а пасля вучобы ехалі да месца размеркавання. Сёння гэтая ж тэндэнцыя захоўваецца. Я неяк аналізаваў сітуацыю з нашай моладдзю і ўбачыў, што пасля школы дома не застаецца ніхто. Усе працягваюць вучобу, хто дзе, ад універсітэтаў да вучылішчаў. Потым хтосьці не вяртаецца, хтосьці стварае сем’і і прывозіць у Моталь свае паловы. У выніку сёння каля трыццаці працэнтаў жыхароў – прыез-джыя. Але ўсе яны асіміліруюцца, усіх маталяне перарабляюць на свой капыл, і пачынаюць яны жыць традыцыйным мотальскім укладам.
Маё прадпрыемства рабіла ўсё, каб было добра роднаму Моталю. Стараліся яго ўпарадкаваць. Прымалі ўдзел ў многіх пачынаннях – ад стварэння музея да будаўніцтва царквы.

Пакінуў добрую спадчыну

Я перадаў справу галоўнаму інжынеру, які таксама, як і я, аддаў шмат гадоў прадпрыемству, ведае вытворчасць. Ён справіўся. Тым болей што каманда ёсць, людзі падабраны, кожны знаходзіцца на сваім месцы. Вядома, розныя пытанні будуць заўсёды, але кампетэнтны кіраўнік павінен умець знайсці выйсце з любога становішча.
Для мяне адным з найгалоўнейшых прынцыпаў заўсёды быў такі: ставіць перад людзьмі выканальныя задачы. Вывучаць людзей, ведаць або мець меркаванне, якія ў іх магчымасці. Патрабаваць, але не забываць, што перад табой людзі. Часам ёсць неабходнасць кагосьці палаяць, на кагосьці можна, наадварот, уздзейнічаць добрым словам, пахваліць, тады ён зробіць… А трэцяму не трэба ні вымова, ні хвала – ён і так разумее, што і як рабіць. Бо зарабляюць ад выпрацоўкі: чым больш зрабіў, тым лепш зарплата.
Лічу, што пакінуў камбінат у добрым стане. Але ўжо трэба было сыходзіць. Усё ж такі апошнія восем гадоў я кіраваў ім, знаходзячыся на пенсіі. Можна было б, вядома, і далей працягваць, але я думаю, што хтосьці можа выказваць і рэалізоўваць ідэі больш крэатыўныя і сучасныя. Я рэальна ацэньваю сябе і бачу, што стаў ужо меней актыўным.
Свае планы я выканаў.

Ігар ГЕТМАН.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.