Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

«Наш маральны абавязак – гаварыць пра гэтых людзей…»

Количество просмотров:

Скірмунты... Гэты адзін з самых знакамітых родаў старой Беларусі часта згадваецца “Янаўскім краем”.

На днях, 7 мая, споўніцца 150 год з дня нараджэння самага славутага з іх – Рамана Скірмунта – палітычнага і грамадскага дзеяча, прадпрымальніка, мецэната, журналіста. Фармальна пан Раман не з’яўляецца ў поўнай ступені нашым земляком – яго Парэчча сёння знаходзіцца ў межах Пінскага раёна. Але па факце – хіба можна Парэчча разглядаць асобна ад Моладава, адрываць дзеянні сына, якому належала Парэчча, ад дзейнасці бацькі, які пахаваны ў Моладаве? Немагчыма штучна дзяліць адзін род, на гербе змешчана выява трох зрослых галін дуба – сімвалаў Пінска, Парэчча і Моладава. Сёння  размову пра тых, хто з’яўляецца не проста гонарам сваёй малой радзімы, але заслугоўвае вядомасці на агульнабеларускім узроўні, мы вядзём з доктарам гістарычных навук, прафесарам, кіраўніком Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, ураджэнцам Моладава Пятром Іванавічам Брыгадзіным.

– Пётр Іванавіч, якімі засталіся Скірмунты ў памяці Вашых землякоў?
– У нашай сям’і найперш гаварылі пра Марыю і Генрыка – моладаўскіх Скірмунтаў. Генрык, па ўспамінах, быў вельмі закрыты чалавек, Марыя, наадварот, была больш адкрытая да мясцовых людзей, напрыклад, магла дапамагчы ў час хваробы ці іншай бяды. Адносіны людзей з панскім дваром былі ў асноўным прыязныя.
У Моладаве быў пахаваны бацька Рамана – Аляксандр Скірмунт – адзін з самых багатых і знакамітых людзей дарэвалюцыйнай Беларусі, пачынальнік айчыннага прадпрымальніцтва. Без перабольшання, ён быў адным з самых разумных людзей тагачаснай Расійскай імперыі. Дастаткова нагадаць, што першае пасведчанне на вынаходніцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі выдадзена Аляксандру Скірмунту якраз у сувязі з дзейнасцю Моладаўскага цукровага завода. Гэты чалавек адным з першых ліквідаваў рэшткі прыгоннага права, разумеючы, што з сялянствам трэба мець нармальныя адносіны.
Згадвалі таксама пра Рамана. Найперш тое, што ён быў чалавекам прыстойным, дапамагаў простым людзям, і гэта засталося ў памяці. Яшчэ добра адклалася тое, што ён гаварыў на палескай мове. Гэта моцна ўздзейнічала на людзей: пан, а гаворыць па-просту.
– Калі бацьку мы ведаем найперш як прадпрымальніка, то сына ўспрымаем, у першую чаргу, як палітыка…
– Раман Скірмунт быў шчырым “краёўцам”, гэта значыць, чалавекам, які яскрава ўсведамляў адметнасць і самабытнасць беларускага краю. У Дзяржаўнай Думе Расіі ён уваходзіў у тэрытарыяльнае кола, якое было створана палякамі, іншымі нацыянальнымі меншасцямі імперыі для абароны сваіх правоў. Ён выдатна адчуў момант, калі можна было нешта перайначыць у існуючай сітуацыі, нечага дабіцца для Бацькаўшчыны.
– Вы маеце на ўвазе падзеі стогадовай даўнасці, 1917-га – 1918-га гадоў?
– Так, якраз гэты вельмі складаны час. Чаму складаны? Бо адзінаю магчымасцю ўтрымаць цэласнасць краю была барацьба за яго незалежнасць. Усе палітыкі таго часу разумелі: пры любым іншым раскладзе Беларусь не адбудзецца, бо яе расцягнуць усе, хто толькі можа.
Украінская Народная Рэспубліка, а пазней і Украінская Дзяржава гетмана Скарападскага дамовіліся з немцамі, што ўсё Беларускае Палессе ўвойдзе ў склад Украіны. У Брэсце ўжо з’явіліся ўкраінскія органы ўлады. Польшча пры любым раскладзе – ці то польскай монаэтнічнай дзяржавы, ці канфедэрацыйнай – бачыла ў сваім складзе Віленшчыну і Гарадзеншчыну. Літва, як толькі адчула патрымку немцаў і арганізавала пачаткі дзяржаўнасці, адразу заявіла, што Віленшчына – безумоўна літоўская тэрыторыя. Беларускія сацыялісты спрабавалі ўстанавіць адносіны з Масквой, але Расія не ішла на нейкія дамовы, лічыла памылкай увогуле прызнаваць беларускі нацыянальны рух.
Таму ўсе беларускія палітыкі тае пары крыкам крычалі: трэба бараніць адзінства народа!
– Спроба стварэння несавецкай беларускай дзяржаўнасці пацярпела паражэнне. У чым яго прычына?
– Справа ў тым, што аб’явіць незалежнасць – гэта толькі частка справы. Без прызнання вялікіх дзяржаў ні адна краіна не можа адбыцца. І Раман Скірмунт гэта разумеў. Першай спробай дамовіцца была надзея дабіцца аўтаноміі ад Часовага ўрада Расіі. У красавіку 1917 года Скірмунт, якога асабіста ведаў Керанскі, абышоў многа кабінетаў, але нічога не дабіўся, нягледячы на тое, што ён быў вядомым і ўплывовым дзеячам, адданым справе беларускага Адраджэння.
Пазней, у часы кайзераўскай акупацыі, ён спрабаваў наладжваць адносіны з немцамі. Быў знаёмы з камандуючым 10-й нямецкай арміі. Цудоўна ведаў нямецкую мову, што дазваляла яму весці перамовы без перакладчыка. Спадзяванні на нямецкую падтрымку былі, бо немцы ў імкненні да незалежнасці падтрымалі Украіну, Літву, Латвію, Эстонію. У адносінах да беларусаў была трохі іншая пазіцыя, бо яшчэ ў 1915 – 1916 гадах яны не бачылі на беларускіх землях ніякага грамадска-палітычнага руху. Але, пачынаючы з канца 1916 года, як сведчаць нямецкія аналітычныя запіскі, германскае камандаванне пачынае выказваць беларускаму нацыянальнаму руху прыязнасць. Гэта давала надзею выкарыстаць вопыт Прыбалтыкі, самастойнасць якой падтрымалі і Нямеччына, і Вялікабрытанія.
Гэта магчымасць таксама не спраўдзілася. Германія вырашала сваю стратэгічную задачу – падпісанне сепаратнага міру з Расіяй. Тым не менш, мы павінны быць удзячнымі тым людзям, якія ў неймаверна цяжкіх умовах рабілі ўсё, каб мы атрымалі незалежную дзяржаву. Прагерманская арыентацыя, у якой часам папракаюць Скірмунта, на самой справе была вымушанай. Ён нармальна ладзіў з сацыялістамі, якія шмат рабілі для рэалізацыі ідэі незалежнасці, але разумеў: сацыялістычныя партыі не падтрымаюць ні нямецкае камандаванне ў Беларусі, ні тым больш Берлін.
– Са сказанага мы можам зрабіць вывад, што папулярным палітыкам Скірмунт не быў…
– Так. Для свайго часу – не. Тады ў модзе былі сацыялістычныя ідэі і рухі. А ён быў палітыкам-рэалістам, без непатрэбных фантазій і летуценняў. Канешне, у той час не магла быць папулярнай яго ідэя аграрнай рэформы, якая не прадугледжвала рэзкіх радыкальных змен. Калі ў васямнаццатым годзе ішло абмеркаванне аграрнага пытання, Раман Скірмунт казаў: “Не рушце зямельную ўласнасць радыкальна, стварайце зямельны фонд, які пачне прадаваць сялянам зямлю па справядлівай цане! Іначай нічога не атрымаецца!”. Хто ў тых умовах, калі ўсе марылі пра бясплатную зямлю, пра ліквідацыю памешчыцкага землеўладання, пачуў бы яго? Сацыялісты адносіліся да яго, як да абшарніка, што стаіць на пазіцыях сваіх уласных інтарэсаў. А, на яго думку, бяздумная нацыяналізацыя зямлі была крокам у нікуды.
У міжваенны перыяд, “за польскім часам”, Раман Скірмунт не адышоў ад актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці…
Так, і ў гэтым яшчэ адно пацверджанне яго ўнікальнасці: без яго розуму і вопыту не маглі абысціся ні Расійская імперыя, ні Беларуская Народная Рэспубліка, ні адроджаная Польшча. У часы Другой Рэчы Паспалітай ён быў і сенатарам, і паслом Сейма. Не аднойчы сустракаўся з прэзідэнтам Польшчы Ігнатам Масціцкім. На малой бацькаўшчыне з палескімі сялянамі працягваў закладзеную яго бацькам палітыку добразычлівых адносін.
А што ўяўлялі прынцыпы адносін, створаныя яго бацькам Аляксандрам?
Такой сістэмы сацыяльнай абароны, як у Скірмунтаў, ні ў кога, напэўна, у той час не было: яны адкрывалі школы, бальніцы, будавалі дамы для работнікаў.
– Калі ўсё было так добра, то чаму ж адбылася трагедыя забойства Рамана Скірмунта восенню трыццаць дзявятага года?
– Я лічу, што якраз гэтыя нармальныя адносіны абшарніка і сялянства адыгралі злы жарт. У яго была магчымасць з’ехаць перад прыходам Савецкай улады. Ён лічыў, што нічога з ім не адбудзецца. Па-першае, ён памятаў пра свой вопыт супрацоўніцва з сацыялістамі і спадзяваўся, што сам гэты факт неяк паўплывае на адносіны да яго. Па-другое, ён ніколі не здраджваў свайму народу, вельмі шмат рабіў для простага люду. Ён меў надзею, што яму пакінуць флігелёк для дажывання (Раману было больш за семдзесят, сям’і не меў), рэшту маёмасці забяруць, і на гэтым скончыцца. Прыкладна так думалі і моладаўскія Скірмунты, якія таксама не паехалі.
Ва ўспамінах землякоў захаваўся адзін істотны момант: забойцамі былі не моладаўцы, а жыхары іншай вёскі. Моладаўцы рукі на Скірмунтаў не паднялі...  
– Можна сказаць, што памяць пра Скірмунтаў сёння вернута ў гістарычны кантэкст?
– Імёны і Аляксандра, і Рамана мы ўжо вярнулі ў гісторыю. І гэта вельмі добра. Цяпер чарга – за вяртаннем у паўсядзённае жыццё. Бо адбыўся своеасаблівы часавы разрыў. Разбураныя іх магілы, у кепскім стане да нашых дзён знаходзіцца ратонда ў Моладаве. Я бываю і ў Моладаве, і ў Парэччы, таму ведаю, пра што гавару. Але адначасна я бачу, што нешта робяць і Сцяпан Халько (дырэктар УП «Моладава-Агра» – заўвага аўтара), і структуры райвыканкама, за што ім шчырыя словы падзякі. Канешне, шмат яшчэ трэба зрабіць, каб давесці да ладу спадчыну роду, але сам факт, што нешта ўжо робіцца, дадае надзеі.
Што я маю на ўвазе, калі гавару пра паўсядзённае жыццё? Варта падумаць, каб назваць іх імёнамі вуліцы, можна назваць іх імёнамі парк, аднавіць сімвалічныя месцы пахавання. Упэўнены, што людзі вернуцца да памяці. І гэтае вяртанне не трэба адкладваць надоўга. У паўсядзённасць трэба вяртаць імёны тых, хто сваім жыццём, сваёй дзейнасцю даказаў шчырую адданасць нашай зямлі.

Гаварыў Ігар Гетман.