Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Люди и судьбы

Павел Баранчык: «Малой радзімай ужо лічу Крытышын»

Количество просмотров:

Двойчы ў адну раку

Родам я са Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Школу скончыў у 1968 годзе. Паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага на музычна-педагагічны факультэт. Пяць гадоў правучыўся, скончыў, і ў 1973 годзе мяне накіравалі ў Іванаўскі раён, а адтуль – у Крытышынскую школу.
Прыехаў у Крытышын. Школа з трох будынкаў, старая. Не спадабалася яна мне, скажу праўду. Але, тым не менш, давялося застацца. У выніку мне ўсё ж такі там спадабалася, я з задавальненнем стаў працаваць. А яшчэ праз год прыехала ў школу калега, якая мне вельмі спадабалася, і праз год мы пажаніліся. Яна выкладала замежныя мовы – нямецкую і англійскую, а я – рускую мову, літаратуру і спевы. Праз два гады мяне ўжо прызначылі дырэктарам школы.
На гэтай пасадзе я працаваў пяць гадоў. За гэты час была пабудавана новая школа – сучасная, двухпавярховая, з прыгожым мастацкім афармленнем.
Наступны этап біяграфіі – аддзел прапаганды і агітацыі райкама партыі. Але гэта месца мне не вельмі падабалася. Праца была з разраду тых, якія называюць кабінетнымі ці папяровымі. Пішы, чытай, вычытвай, рыхтуй выступленні кіраўніцтву….
Таму, калі мне прапанавалі перайсці ў крытышынскую гаспадарку сакратаром парткама, я доўга не думаў. Хоць мне малявалі розныя перспектывы ў райкаме партыі, але я прыняў рашэнне сысці. Не скрыю, адным з рашаючых аргументаў стала большая зарплата.
Так я вярнуўся ў Крытышын. Хоць і кажуць, што двойчы ў адну раку не ўступіш, але ў маёй сітуацыі якраз так і атрымалася. На гэты раз я адпрацаваў у Крытышыне сем гадоў – з 1982-га па 1989-ы.
Працаваць падабалася, хоць бывала і цяжка. Уставаць даводзілася рана, класціся — позна, асабліва ў час сяўбы і жніва. Але, тым не менш, і вынік быў. У гэтыя гады я быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Васямнаццаць гадоў на чале адукацыі раёна

Хоць я ўжо гадоў дзевяць не працаваў у школе, калі ўстала пытанне аб новым кіраўніку аддзела адукацыі, гэта месца прапанавалі мне. Загадчыкам райана я прапрацаваў 18 гадоў. Не малы тэрмін.
Асабліва цікава было працаваць у 90-я гады, калі пайшлі пераўтварэнні. Хоць яны, па маім перакананні, павінны быць наспелымі і разумнымі. Мы шмат узялі з савецкага вопыту, што таксама нядрэнна. Успомніце: тады школы не закрываліся, патрабаванні да настаўніка былі высокія, існаваў кантроль, які не пераходзіў у заарганізаванасць.
Сёння сучасныя тэхналогіі аблягчаюць працу і настаўніка, і вучня, хоць, на маю думку, усе гэтыя модныя гаджэты не заўсёды ідуць на карысць адукацыйнаму працэсу. Нядаўна мяне ўразіў адзін выпадак. Гляджу на расійскім тэлеканале навасны сюжэт, у якім дзяўчынка, па выглядзе вучаніца трэцяга-чацвёртага класа, задае прэзідэнту Пуціну пытанне: «Калі ў нас з’явяцца электронныя падручнікі?» А я сам сабе думаю: «Дзяўчынка, ты спачатку хоць гэтыя падручнікі, якія ёсць, прачытай».
Вядома, узровень ведаў сёння вышэйшы. І тут не апошнюю ролю грае іх даступнасць. Я помню, як у маю бытнасць загадчыкам аддзела адукацыі, пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы стаў вучань з Махро Грынчук (да гэтага часу памятаю яго прозвішча). Пасля перамогі ён паехаў на ўсесаюзную алімпіяду ў Малдову. Гэта быў фурор! Наш раён заўсёды ставілі ў прыклад: паглядзіце, маўляў, глухое Палессе, нейкая вёска, а такога вучня падрыхтавалі!
А цяпер мы маем пераможцаў па кожным прадмеце. Я не кажу, што дзеці цяпер сталі больш таленавітыя, але з імі больш мэтанакіравана займаюцца, удзяляюць больш увагі, апрача таго, сталі даступны сучасныя тэхналогіі. Я да гэтай пары імкнуся быць у курсе таго, чым жыве сфера адукацыі раёна, падтрымліваю стасункі з Рыгорам Максімавічам Сысай, які таксама шмат гадоў кіраваў аддзелам адукацыі. Заўсёды радаваўся яго поспехам.
Змяняецца стаўленне да адукацыі з боку бацькоў. Яны цікавяцца загадзя, да якіх настаўнікаў трапяць іх дзеці, іх прафесійным узроўнем і ўзроўнем навучальных устаноў у цэлым. І гэта таксама стымулюе педагогаў адпавядаць пэўнаму ўзроўню.
Вяртаючыся да 90-х гадоў, хачу ўспомніць Мікалая Коршака, намесніка старшыні райвыканкама, які курыраваў сацыяльную сферу. Мікалай Антонавіч выдатна разумеў значэнне адукацыі і спрыяў вырашэнню многіх пытанняў. Якраз у 90-я гады нам удалося на базе былой ваеннай часці стварыць дзіцячы летні лагер «Брыганціна». Работы было праведзена шмат, але і вынік ёсць. Да гэтага перыяду належыць адкрыццё гімназіі ў Іванаве, стварэнне профільных класаў, дыферэнцыяцыя навучання і шмат што іншае.
2000-я гады – гэта ўжо час удасканалення працэсаў. А аснову заклалі ў 90-я.

Прызванне да працы павінна быць падмацавана камфортам і грашыма

Школы я імкнуўся не закрываць. Але, вядома, калі заставалася ўсяго некалькі вучняў – аптымізацыя была непазбежная. Яшчэ ж параўнальна нядаўна абсалютна немагчыма было арганізаваць той жа падвоз вучняў. Цяпер – гэта не праблема, але ж першы аўтобус для падвозу школьнікаў з’явіўся ў нас толькі ў пачатку 90-х. Не адзін раз даводзілася спрачацца з кіраўніцтвам з-за праблем з падвозам… Яшчэ адзін кашмар – кацельні, якія раней усе былі школьнымі. А гэта ж не справа сістэмы адукацыі – утрыманне і абслугоўванне кацельняў.
Колькі б мы ні казалі аб прызванні да настаўніцкай працы, аб яе высакароднасці і ахвярнасці, пагрозай для якаснага складу настаўніцкага корпуса заўсёды будзе нізкая матэрыяльная забяспечанасць настаўнікаў. Зарплата ў трыста рублёў пасля заканчэння ВНУ шмат каго адпудзіць ад паступлення на педагагічныя спецыяльнасці.

Строга, сціпла і ашчадна

Чаму я стаў настаўнікам? Мой бацька, 1914 года нараджэння, франтавік, таксама быў настаўнікам, дырэктарам школы. Пайшоў у армію ў 1939 го-дзе, а вярнуўся толькі ў 1946-м – з ордэнам Вялікай Айчыннай вайны і медалямі. Служыў на Каўказе, вызваляў Крым, скончыў вайну ў Кёнігсбергу. Ён яшчэ да вайны скончыў Слуцкае педвучылішча. Яго прыклад і паўплываў на мой выбар прафесіі.
У мяне была вялікая сям’я – тры браты і сястра. Бацька быў вельмі строгім. У выпадку правіннасці былі два віды кары: рэмень і працатэрапія – выхаванне праз працу. Бацькі нас не песцілі. Ды і пасляваенны час быў такі, што калі і хочаш, то не асабліва папесціш… Зарплата была маленькая нават у дырэктара школы, а ў маці яшчэ менш – яна працавала бібліятэкарам. Нястачы не было, але жылі сціпла і ашчадна.
Мне ўрэзаўся ў памяць адзін выпадак. Купілі мне неяк кітайскія кеды. Побач з домам быў стадыён, на якім дзеці гулялі ў футбол. Дык я прыходзіў у кедах, але ў футбол гуляў босым. Так бярог кеды…
Помню добра хрушчоўскія гады, калі не было ні хлеба лю-
дзям, ні корму скаціне. Усякае бывала ў жыцці… З аднаго боку, пры партыі шмат было добрага, а з іншага – шмат было і такога, што здароваму розуму не паддавалася.
А наогул, калі казаць шчыра, то я ўжо ў большай ступені ўспрымаю малой радзімай Крытышын, чым Смалявіцкі раён, куды з 1968 года я прыязджаю толькі як госць.
Я ўзнагароджаны знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі». У мяне двое дзяцей і ўжо шасцёра ўнукаў. Дзеці жывуць у Іванаве. Вельмі задаволены, што яны засталіся побач. У мяне прыватны дом, і без дапамогі дзяцей ужо было б цяжка ўтрымліваць яго ў належным парадку.

Супердзень для Іванава

У дакамп’ютарную эпоху, па маім назіранні, людзі чыталі больш. Стосы кніг бралі ў бібліятэках. Сёння некаторыя нават газеты перасталі чытаць. Сучасныя гаджэты знішчаюць традыцыйныя крыніцы атрымання інфармацыі. Хоць нехта па-ранейшаму захоўвае вернасць кнізе. Сёння друкаванай кнізе патрэбна папулярызацыя, але не ў меншай ступені патрэбна і папулярызацыя пісьменніцкай працы, бо не песцяць наведваннямі правінцыю нашы пісьменнікі. А такія сустрэчы, я ўпэўнены, былі б запатрабаваны.
Я помню, як некалі прыязджала ў Крытышын група пісьменнікаў. Усіх не ўспомню, але запомніўся Васіль Якавенка. Мы не сталі арганізоўваць сустрэчу недзе ў памяшканні, а ўзялі і завезлі гасцей проста на сенакос. Там людзі ад працы адарваліся, з граблямі, косамі стаяць. Але яны так станоўча ўспрынялі выступоўцаў, уважліва і з цікавасцю іх слухалі.
Таму я лічу, што і сёння падобная папулярызацыя патрэбна, хоць у такія маленькія мястэчкі, як наша, як правіла, майстры пяра не прыязджаюць. Але ў першую нядзелю верасня мы маем шанс перажыць сапраўдны інтэлектуальны выбух. Думаю, што наша насельніцтва з задавальненнем успрыме Дзень беларускага пісьменства. Тым больш што і нам ёсць што паказаць. Усё-такі наша зямля – гэта і Орда, і Дастаеўскія, і Скірмунты, і Кузьміч. Супердзень будзе для Іванава!

Гаварыў Ігар ГЕТМАН.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.