Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Протаіерэй Уладзімір Кавалевіч: «Упівайце Міласць Божую з малаком маці»

Количество просмотров:

Красіеўка, Дабраслаўка, Стрэльна

Малая радзіма — гэта на самай справе вялікая Радзіма. Вялікая зямля. Слова «Радзіма» — ад слова «род», нагадвае нам аб нашым ро-дзе-племені: хто мы і адкуль. Нагадвае аб нашых продках, аб здароўі і тым больш спачыне якіх мы павінны маліцца. Царква заўсёды асабліва нагадвае аб малітвах за нябожчыкаў. Мы вольныя ў сваіх справах, як добрых, так і злых, і маем магчымасць пакаяцца ў зробленым. Але нябожчыкам могуць дапамагчы толькі нашы малітвы.

Мае бацькі — мясцовыя людзі. Мама — з Красіеўкі, якая да 1960 х звалася Смяр-дзяча. Па легендзе, ехала праз вёску адна паненка, а пасярод дарогі — лужына, у якой гусі плаваюць. Пах, натуральна, не вельмі прыемны. Выйшла пані, кажа: «Фу, смярдзіць, смяр-
дзяча!» Адгэтуль і назва.
У Дастоеве і наваколлях у расійскі перыяд нашай гісторыі існавала казачая абшчына. У маці ў родзе, магчыма, былі гэтыя казакі, якія аселі тут, атрымалі ад цара зямлю і лес на будаўніцтва. Чаму я прыйшоў да такой высновы? Таму што матчына прозвішча было Заверская — вытворнае ад дэвіза «За Веру, Цара і Айчыну».
Бацька родам з вёскі (дакладней, сяла) Дабраслаўка Пінскага раёна. Сам я нарадзіўся ў Стрэльне. У сяле, якое сёння таксама завуць вёскай. Слова «сяло», на жаль, сёння практычна знікла з мовы. А між тым сяло і вёска — гэта розныя населеныя пункты. У сяле, у адрозненне ад вёскі, прысутнічаў праваслаўны храм. Тым больш ён быў адметнай асаблівасцю мястэчка — наступнага ў адміністрацыйнай іерархіі селішча. Вяртаючыся да Стрэльна, хачу сказаць, што тут, па легендзе, былі паселены стральцы, якія атрымалі зямлю за службу цару. У гэта можна паверыць, судзячы па задзірлівым ха-рактары мясцовых жыхароў. У Стрэльне не было ні аднаго дзіцяці, у якога не было б хоць бы рагаткі, а то і самапала. Гарэла і выбухала ўсё, што магло гарэць і выбухаць.

«Забудь вернуться обратно»

Сем гадоў я аддаў арміі. Скончыў службу старшым лейтэнантам на капітанскай пасадзе. Там я настраляўся ад душы. Расстраляў столькі боепрыпасаў, што, калі іх на грузавік нагрузіць, зламаюцца рысоры.
Я нарадзіўся на чацвёртым годзе шлюбнага жыцця сваіх бацькоў і быў адзіным дзіцем у сям’і. Бацька сем гадоў адпрацаваў на цаліне, быў аграномам адной з найбуйнейшых гаспадарак Цалінаградскай вобласці. Вярнуўся інвалідам працы, рана памёр.
Як бацька сем гадоў правёў на цаліне, так я сем гадоў — у арміі на тэрыторыі Расіі. Скончыў Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча імя Вярхоўнага Савета РСФСР. Быў крамлёўскім курсантам, удзельнічаў у парадах на Краснай плошчы. Потым — служба ў Забайкальскай ваеннай акрузе. Рускую абрэвіятуру «ЗабВО» расшыфроўвалі як «забудь вернуться обратно». Ад месца службы да Чыты — абласнога цэнтра — восемсот шэсцьдзесят кіламетраў. Да Кітая рукой падаць — трыццаць восем кіламетраў. Да найбліжэйшага лесу — чатырыста кіламетраў. Там раслі толькі таполі, а астатнія дрэвы на сопках Маньчжурыі маразоў не вытрымлівалі. Пры мне бывала 52 градусы.
Вярнуўся жывым і здаровым, за што дзякую Богу. Каля трыццаці разоў цудам жывым заставаўся, хоць на вайне або ў «гарачай кропцы» не быў.
«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць. Зразумееш тады, чаму з выраю жураўлі на Палессе ляцяць…». У справядлівасці гэтых слоў я пераканаўся на асабістым вопыце. Лепш, чым родная прырода і народ, сярод якога вырас, няма.

Праваслаўе — шлях да ісціны

Другое нараджэнне чалавека — гэта хрышчэнне. Адбываецца часцей за ўсё ў храме, але не заўжды. У савецкі час, калі хаваліся ад улад, практыкавалі хрышчэнне дома ў свяшчэнніка ці прыхаджан. Тым не менш незалежна ад месца хрышчэння яно абазначае наша нараджэнне для Бога.
Але, безумоўна, лепш каб у царкве, паколькі сказана ў Пісанні, што храм — месца дабрадатнае, дзе Гасподзь хутчэй пачуе малітвы і выканае добрыя прашэнні людскія.
Практычна ўсе старажытныя храмы стаяць на могілках. Людзі ўспамінаюць, што на тэрыторыі нашага храма былі магілы святароў. Пры пракладцы газавай трасы мы знайшлі надмагільную пліту, на якой было напісана, што пад ёю прах Ізабэлы Аляшкевіч, жонкі протаіерэя, якая памерла ў жніўні 1866 года. Мы шукалі магілу протаіерэя, але не знайшлі. Цікавасць выклікала яе імя, рэдкае ў нашых краях. У праваслаўных святцах яго няма. Яна была альбо іншаземкай, альбо хрышчоная яшчэ ў уніі і перайшла пасля ў праваслаўе.
Дарэчы, у нас часта памылкова лічаць уніяцкім старабеларускі праваслаўны стыль іканапісу. Уніяты прынялі лубачны стыль, які і абразом назваць нельга. Мясцовых іканапісных стыляў у праваслаўі даволі шмат. У нас захавалася шмат абразоў старабеларускага стылю, якія ашаламляльна адрозніваюцца ад лубачных уніяцкіх малюначкаў. Таму ў храме ўніяцкія выявы звычайна не трымаюць. Гэта карціны, створаныя мастакамі. У мастака сваё бачанне той або іншай выявы і сюжэта. А іканапісец, перш чым брацца за працу, сорак дзён пасціўся, спавядаўся і прычашчаўся.
Праваслаўе — гэта наш усвядомлены цывілізацыйны выбар, зроблены на альтэрнатыўнай аснове. Шанс мелі і іншыя рэлігіі, але якраз праваслаўе легла на душу князю Уладзіміру. Менавіта ўсходнія славяне былі абраныя Богам для захавання праваслаўнай веры. Праз вялікіх правіцеляў — абаронцаў роднай зямлі — даў Гасподзь волю і незалежнасць усходнеславянскім дзяржавам.

Трэці храм

Сённяшні іванаўскі храм — ужо трэці на тым самым месцы. Першы быў драўляны. Ён прастаяў некалькі стагоддзяў. Згарэў уначы, у час навальніцы: яго не паспелі патушыць. Другі храм, таксама драўляны, вялікіх памераў, быў асвячоны ў 1667 годзе ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Да канца ХVIII стагоддзя храм патрабаваў рамонту. Было вырашана пабудаваць мураваную царкву, якая таксама была асвячоная ў гонар свята Пакрова Багародзіцы ў 1901 годзе.
У царкоўных ведамасцях 20–30-х гадоў мінулага стагоддзя Іванаўская Свята-Пакроўская царква згадваецца як бедная начыннем і абразамі. Гэтаму ёсць тлумачэнне. У 1915 годзе, у час Першай сусветнай вайны, Янава было акупіравана войскамі германскага кайзера Вільгельма. Храм адабралі пад шпіталь для лёгкапараненых, якія пасля лячэння павінны былі вярнуцца ў строй. Знаходжанне раненых у сценах царквы было яе апаганьваннем.
У адзін дзень усе раненыя памерлі — гэта была кара Божая. Па ўспамінах відавочцаў, памерлых хавалі ў белых піжамах, стараючыся не дакранацца рукамі. Ім паставілі помнік з надпісам: «Sie storben auf Keiser und Reich» — «Яны памерлі за Імператара і Дзяржаву». Пасля гэтага выпадку немцы зрабілі ў храме стайню. Але неўзабаве ўсе коні здохлі. Услед за тым немцы вярнулі храм праваслаўнай абшчыне. Царкву вымылі, вычысцілі, асвяцілі. Пасля гэтага храм больш не закрываўся.
У 1961 годзе па ініцыятыве тагачаснага кіраўніка Савецкага Саюза Мікіты Хрушчова было забаронена званіць у званы. Званы нашага храма ляжалі пад лесвіцай у званіцы да 1987 года. Тады яны былі вернуты на сваё месца, звон быў адноўлены ў звычайным парадку.
У 1960–1970-я гады некалькі разоў планаваліся акцыі па закрыцці Пакроўскага храма. Даведаўшыся пра гэта, янаўцы ставілі брызентавыя палаткі і буданы з галін у двары храма з паўднёва-ўсходняга боку і жылі ў іх тыднямі, змяняючы адзін аднаго. Актывісты і ўлада пабаяліся ісці супраць народа. Вернікі абаранілі храм.

Ікона

21 лістапада 1999 года, у нядзелю, у дзень святога Архістраціга Божага Міхаіла, заміраточыла ў Свята-Пакроўскім храме ікона Божай Маці Пачаеўская. Міраточыла яна моцна каля года, што само па сабе цуд: звычайна абразы міраточаць ад некалькіх хвілін да некалькіх дзён. Першыя дні абраз быў без ківота і шкла — і сотні грам святога алею-міры засталіся на вуснах іванаўцаў, якія цалавалі ікону, і паломнікаў, якія прыбывалі да яе з розных месцаў. Шмат было артыкулаў у рэспубліканскіх і мясцовых газетах аб факце міратачэння і яго сведках. Былі выпадкі вылячэння і дабрадатнай дапамогі ад іконы.
Упрыгожванні на Пачаеўскай цудатворнай іконе — у большасці падзячныя, частка з просьбамі аб дапамозе. Ёсць фатаграфія першых гадзін міратачэння з датай у куце. Міратачэнне засведчыла камісія з Пінскай і Лунінецкай епархіі ў складзе епіскапа (цяпер архіепіскапа) Стэфана, свяшчэннікаў, дыякана, прыхаджан.
Быў зняты дакументальны фільм, паказаны ў перадачы «Існасць» пад назвай «Ікона», прысвечаны нашаму храму і Пачаеўскай іконе.
У 2001 годзе наш храм наведаў Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій Другі і паднёс у дар напрастольны крыж з дарчым надпісам.

Мы сталі краінай

Сёння мы жывём у сваёй краіне, і я рады, што ёсць на карце незалежная Беларусь. Сапраўды незалежная. Ва ўсякім разе, мы не маем той ступені залежнасці, як некаторыя суседнія краіны. Пад рознымі назвамі — ліцвіны, беларусы, палешукі — існаваў стагоддзямі беларускі народ. Народ быў, землі беларускія былі — а краіны не было. А сто гадоў назад, у 1918 годзе, у нас з’явілася краіна, якая тады хутка знікла.
Але, нягледзячы ні на што, у 1991 годзе мы сталі Рэспублікай. Слава Богу, мінулі часы ганенняў. Слава Богу, што наша краіна адбылася як стабільная, мірная і спакойная. Што ў нас няма і блізка тых праблем, з якімі сутыкнуліся суседнія краіны. Няма ганенняў на Царкву і спроб яе расколу. Выдатна тое, што выконваюцца канстытуцыйныя нормы, якія забараняюць распальванне нацыянальнай і канфесійнай варожасці.

Прыходзьце ў храм з дзецьмі

У нас Царква — гэта можна ўпэўнена заяўляць — абаронена на заканадаўчым узроўні. З маёмаснымі правамі на храмы, на нядзельныя школы. Гэтая вялікая справа — прызнанне праваслаўнай веры як духоўнага стрыжня беларускага народа, прызнанне ролі Царквы ў справе духоўнай асветы і выхавання, у першую чаргу моладзі.
Бо што пасеем у яе душах — тое і пажынаць будзем. Які прыклад пакажам — такі і ўспрымуць нашы дзеці. А добрых прыкладаў, на жаль, не так ужо шмат. А менавіта на іх неабходна вучыцца. Як жарабя вучыцца будучаму свайму жыццю, праграмуецца, калі так можна сказаць, на будучыню? Кабылка ходзіць у плузе — жарабя гэта бачыць. Сена вязе — яно зноў побач. Пасецца кабыла або ў стойле — жарабя ўсюды з ёю. Бачыць, якім
будзе, якім павінна быць яго жыццё. Калі я пытаю людзей, чаму яны ў храм не ходзяць, не спавядаюцца, не прычашчаюцца, то часта чую адказ: «Нашы бацькі так не рабілі». Усё. Кароткі паказальны адказ. Таму і просяць святары: ідзяце самі ў храм — прыводзьце і дзяцей. Хай бачаць добры прыклад. Хай упіваюць Міласць Божую з малаком маці.

Ігар ГЕТМАН.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.