Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

«Тут я чэрпаю з вытокаў»

Количество просмотров:

Колькі год гэтай вёсцы – ніхто не памятае. Вядома толькі, што паводле інвентароў 1846-1848 гг. яна знаходзілася ў складзе канфіскаванага маёнтка Варацэвічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі, які быў у карыстанні Жазэфіны Орды.

Адкуль такая ўпэўненасць? Як расказала Кацярына Раманаўна Сукач, жыхарка Гарбахі, хутар, дзе калісьці жылі яе бацькі, меў два варыянты назвы – Асабняк і Каза. Магчыма, першая акурат і звязана са шляхецкімі ўладаннямі Ордаў.Калісьці ў Гарбасе былі карчма і цагельня, аднак у памяці гарбачыўцаў (адна з саманазваў жыхароў вёскі) не засталося якіх-небудзь яркіх сведак пра іх. Назва вёскі Гарбаха, якая сёння з’яўляецца аграгарадком, матываваная – паходзіць ад слоў «горб» і назвы хутара Гарбашка. Верагодна, калісьці на ім жыў чалавек з такой лагоднай вясковай мянушкай. Пашыранымі раней у вёсцы прозвішчамі, як паведамілі старажылы, былі Ласі і Лукашыкі. Некаторыя пакінулі значны след у жыцці Гарбахі. Васіль Пятровіч Лось – вядомы чалавек у Гарбасе, цяпер пражывае ў Крытышыне. Розныя пасады займаў гэты мужчына – працаваў паляводам, даглядаў жывёлу, дапамагаў брыгадзіру ў калгасе «Праца». Быў нават дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1986-1990 гг.). Узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973 г.), Ордэнам Леніна (1975 г.), трыма медалямі ВДНХ. Васіль Дзмітрыевіч Лось быў першым сельскім урачом. Разам з жонкай, Яўгеніяй Сцяпанаўнай, якая працавала настаўніцай, яны складалі эліту вёскі.
Трагічная старонка Гарбахі і навакольных вёсак – Айчынная вайна. 92 мужчыны з вёскі Гарбаха і суседніх Клімянцінава, Оўзічы і Заваяцін, прозвішчы якіх выбіты на помніку воінскай Славы землякам, аддалі свае жыцці ў барацьбе за Радзіму. 78-гадовая Кацярына Сукач, у дзявоцтве Гедзька, расказала душакранальную гісторыю яе сям’і. Калі бацьку прыйшлі забіраць на вайну, Каця ляжала ў плеценай зыбцы – дзяўчынцы было ўсяго некалькі месяцаў. Разумеючы малаверагоднасць таго, што мужчына вернецца дадому, ён не вытрымаў – дастаў з калыскі дачку, паглядзеў у яе васільковыя вочкі і, прыхінуўшы да свайго мокрага твару дзіцятка, перахрысціўшы паклаў, не спадзеючыся на сустрэчу. Аднак Раману Васільевічу пашанцавала – ён вярнуўся здаровым. Пасля ў сям’і Гедзька нарадзіліся яшчэ дзеці. Усяго іх было шэсць – Зося, Сцяпан, Валя, Каця, Жэнька і Коля. Як і паўсюль, у Гарбасе жанчыны ткалі, пралі, вышывалі, а яшчэ пяклі смачныя вясельныя караваі. Мужчыны таксама былі спраўныя гаспадары. Іван па мянушцы Пушкін быў унікальным чалавекам – майстар-цясляр па замове гаспадароў выразаў адмысловыя карнізы на вокны ў выглядзе то маленькіх арачак, то птушачак, то нейкіх узораў. На сённяшні дзень тут пражываюць амаль паўтысячы чалавек. Аднак карэнных гарбашан жыве нямнога. Многія маладыя сем’і пераехалі сюды з іншых вёсак, бо працуюць у мясцовай гаспадарцы ААТ «Гарбаха», а іх дзеці вучацца ў базавай школе. Дарэчы, самай старой жыхарцы Гарбахі, Марыі Данілаўне Мацвейчык, 94 гады, яна з 1948 г. жыве тут. А вось сям’я маленькага Іллі Шораха, якому ўсяго некалькі месяцаў, прыезджая.


Будучае, паводле слоў Ірыны Голуб, старшыні Гарбахскага сельскага выканаўчага камітэта, у аграгарадка ёсць. Некалькі год запар у ім будуецца новае жыллё, у наступным годзе запланавана газіфікацыя Гарбахі. Калі клубніцамі і чарніцамі гарбашане рупліва займаліся раней, у 90-я, то сёння ў Гарбасе іншы бізнес – вінаградарства. Займаюцца ім Мікалай і Алена Сацуты, жыхары райцэнтра, якія штодзень ездзяць на малую радзіму Мікалая дзеля таго, каб выконваць неабходныя работы па вырошчванні і доглядзе за духмянымі гронкамі. І хоць самі гаспадары сціпла называюць сваю справу хобі, аднак вочы дылетанта прымушаюць паглядзець на яе больш сур’ёзна. Мяркуйце самі: на сённяшні дзень Сацуты вырошчваюць 220 гатункаў смачнай ягады, якая куды толькі не прадаецца.
Акрамя таго, Гарбахскі сельсавет падтрымлівае добрасуседскія адносіны не толькі з нашымі, Іванаўскага раёна, сельсаветамі. Прыкладам такога цеснага ўзаемадзеяння на свяце вёскі быў прыезд драгічынскіх гасцей – старшыні Драгічынскага раённага Савета дэпутатаў Святланы Барташ, якая ў гонар свята адрасавала сувенір у выглядзе спрадвечнага сімвала мудрасці – кнігі, а таксама старшыні Асавецкага сельсавета Святланы Грэчка. Мясцовыя артысты і творчыя калектывы, а таксама вакальна-інструментальны ансамбль «Хомскія мужыкі» (аг. Хомск, Драгічынскі раён) падарылі гаспадарам сапраўднае свята песні, жартаў і музыкі.

Наталля Крывецкая.