Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Люди и судьбы

Уладзімір ГЕТМАНЧУК: «Год малой радзімы –мой год»

Количество просмотров:

У Шчакоцку камфортней

Нарадзіўся я ў вёсцы Шчакоцк Іванаўскага раёна. Там на ўсе чатыры бакі, куды ні кінь вокам — лес. Таму я на поўным сур’ёзе магу сказаць, што адчуваю сябе «лясным» чалавекам. А ў адным кутку лесу — вельмі шмат чаромхі. Таму, напэўна, у мяне так многа вершаў пра чаромху.
Прывязаны я да малой радзімы. Дзе б ні быў, а цягне ў бацькоўскую вёсачку. Здаецца, колькі таго нашага раёна, а ўсё роўна там, у Шчакоцку, неяк камфортней. Хоць і маці чатыры гады як няма, а бацьку ідзе дзевяносты год. Ён жыве ў Моталі, у сваёй унучкі. Я ж езджу з Іванава ў Шчакоцк, даглядаю бацькоўскую сядзібу:

Да цябе прыеду,
мілая хаціна,
Па сялянскай звычцы
сяду на парог…

Увогуле пра вёску ў мяне многа вершаў. Бо немагчыма не пісаць пра людзей, якія жывуць тут. Вёска — выток і крыніца маёй творчасці.

Знак роўнасці паміж матэматыкай
і літаратурай

Па жыцці я — эканаміст. Закончыў Мінскі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі ў 1981 годзе. Два гады пасля заканчэння адпрацаваў на Магілёўшчыне, потым вярнуўся на Брэстчыну. І ў калгасе быў, і на заводзе. Потым — дваццаць два гады ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі Іванаўскага райвыканкама.
Пісаць пачаў у школьныя гады. Любіў аднолькава матэматыку і літаратуру. Так у мяне і па жыцці атрымалася перапляценне гэтых дзвюх стыхій. Калі вучыўся ў восьмым класе, трапіў у аварыю, мяне збіла машына. Трое сутак быў, можна сказаць, на тым свеце, не прыходзячы ў прытомнасць. Потым — дзевяць месяцаў па бальніцах. Часу ў бальніцах было многа, чытаць надакучыла. Пачаў пісаць. Спачатку нешта смешнае, несур’ёзнае, а потым паэтычная «багна» мяне зацягнула канчаткова. Пачаткам маёй творчасці лічу якраз той восьмы клас сваёй вучобы. Праўда, гэта быў доўгі восьмы клас, бо давялося з-за траўмы застацца ў ім на другі год. Падтрымалі мяне настаўнікі мовы і літаратуры, якія падбадзёрылі і заахвоцілі да паэтычнай практыкі.
Наступным крокам стала адпраўка некалькіх вершаў у рэдакцыю «Чырвонай звязды». Пасля гэтага мяне запрасілі на пасяджэнне літаратурнага клуба «Ясельда» пры рэдакцыі раёнкі, якім кіраваў тады паэт Мікола Трафімчук. Ён ухваліў мае спробы, і ў 1974 годзе ў «Чырвонай звяздзе» быў апублікаваны мой першы верш. Ну а далей пайшла справа: мяне друкавалі ў раённай газеце, у абласной, мае вершы гучалі на Беларускім радыё. Многа друкаваўся ў часопісе «Першацвет» (выходзіў такі ў 1990-я гады). І нарэшце ў 1994 годзе выйшла мая першая кніга — «Зараніца». У 2013-м выйшла другая — «Пах чаромхі і аеру» і ў наступным, 2014 годзе — «Черёмуховый край», дзе сабраны мае вершы на рускай мове. У хуткім часе будуць перавыдадзеныя дзве першыя з пералічаных кніжак.
Акрамя таго, пішу нешта новае: і вершы, і апавяданні, і абразкі. Я заядлы грыбнік, таму ёсць у мяне «Грыбныя гісторыі Гетманчука». Таксама (не ведаю, ці атрымаецца) збіраю матэрыял для напісання рамана пра наш край. Рабочая назва яго — «Стагод-
дзе». Храналагічна ён будзе ахопліваць роўна сто год — з 1900-га па 2000-ы. Размова пра першыя пяцьдзясят год задумана па расказах сучаснікаў, а другая палова — з 1950-га па 2000-ы — прайшла на маіх вачах. Тэрытарыяльна раман не будзе прывязаны выключна да нашых мясцін. Размова будзе весціся і пра іншыя куткі Берасцейшчыны, і нават пра Магілёўшчыну. У сваю пару цікавымі ўспамінамі пра ваеннае ліхалецце дзялілася былы ваенны ўрач, гаспадыня кватэры, дзе я жыў у час свайго знаходжання ў Магілёўскай вобласці. Не хацелася б, каб яе ўспаміны прапалі дарэмна, таму абавязкова хачу іх выкарыстаць.
Любоў да матэматыкі лічу спадчыннай. Па бацькоўскай лініі мы ўсе — «лічыльнікі»: бацька мой працаваў кладаўшчыком, брат — бухгалтарам, ну а я — эканамістам. Ваганняў пры выбары прафесіі не было: адразу ў інстытут народнай гаспадаркі. Праўда, там я паўтара года, між іншым, вывучаў журналістыку і маю пасведчанне грамадскага журналіста. Так што ў пэўнай ступені з журналістыкай я звязаны. Дарэчы, у нашай ВНУ выходзіла свая студэнцкая газета, а я быў у ліку тых, хто яе рабіў.

Уплывы
і прыклады

Стараюся падтрымліваць адносіны з мясцовай пісьменніцкай грамадой, найперш з Васілём Жушмаю, Валянцінам Перапёлкіным, кантактую з Міколам Трафімчуком у Мінску, Валерыем Кухарчуком, які зараз жыве ў Амерыцы, Лізаветай Саханчук, Ірынай Саломка. Канешне, не магу не ўспомніць Анатоля Крэйдзіча, з якім даўно сябруем і дапамагаем адзін аднаму.
У класічнай рускай літаратуры для мяне ўзор і прыклад — Сяргей Ясенін і Міхаіл Лермантаў. Я ездзіў на Паўночны Каўказ, па лермантаўскіх мясцінах. Можна сказаць, усе куткі там аблазіў. А што да Ясеніна… Не буду хаваць: мне падабаецца, калі гавораць, што ў маіх вершах знаходзяць ясенінскія матывы. Вельмі паважаю спадчыну Уладзіміра Высоцкага — і як паэта, і як спевака, і як акцёра. З нашых аўтараў шаную Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Святлану Алексіевіч. Гэта вяршыні, вялікія аўтары, якія змаглі данесці праўду і пра вайну, і пра жыццё наогул. Падкупляюць праўдзівасцю і адсутнасцю непатрэбнага пафасу. Люблю творчасць Віктара Гардзея, Міколы Федзюковіча, Анатоля Шушко, Яўгеніі Янішчыц, Ніны Мацяш.
Але пры ўсёй павазе да сваіх сучаснікаў усё ж такі
Я спяваць вучыўся
ў Купалы
З палымяных
і народных слоў,
Калі восень павуцінне
ткала
І махала крыламі буслоў.
Я спяваць у Коласа
 вучыўся,
Каб гарэлі словы,
як касцёр,
Каб мой голас звонкі быў
 і чысты,
Нібы срэбра рэчак і азёр.
Я спяваць вучыўся
ў роднай маці.
Яе голас радасна звінеў,
Як яна гайдала люльку
 ў хаце
І спявала
калыханку мне…

Традыцыі
і сучаснасць

Але колькі б мы ні гаварылі пра аўтараў, пра дастойныя творы сапраўднай літаратуры, усё роўна не адысці ад адчування таго, што сёння зацікаўленасць літаратурным словам не такая, як была раней. Увогуле запатрабаванасць кнігі, любой кнігі, не абавязкова мастацкай, не тая. Інтэрнэт мяняе сам прынцып пошуку інфармацыі. Але ўсё роўна застануцца людзі, якім будзе патрэбна друкаваная кніга. Патрэбна таму, што яны проста любяць кнігу і не здрадзяць ёй. Таму я думаю, што ўсё ж такі друкаваныя выданні застануцца, хай і не ў тым аб’ёме, як раней. Можа я занадта кансерватыўны, але я люблю традыцыйную кнігу, бо яе аснова — грунтоўнасць. Што такое інтэрнэт? Сёння ёсць, а заўтра электрычнасць прападзе, і ўсё — ты адарваны ад жыцця. А кніга як была, так і застанецца. Тым больш што яе нельга разглядаць выключна як крыніцу інфармацыі. Файнае выданне прыемна проста ўзяць у рукі, адчуць задавальненне ад афармлення, ілюстрацый, ад паху друкарскай фарбы толькі што выдадзенай кнігі. Гэта зусім іншы комплекс адчуванняў, чым той, калі ты чытаеш з экрана.
Аднак, нягледзячы на тое, што я тут прамовіў цэлую оду ў гонар традыцыйнай друкаванай кнігі, каб быць да канца сумленным, адзначу, што ўплыў часу спазнала мая ўласная бібліятэка. Раней я актыўней збіраў кнігі. А сёння палову ўласнага кнігазбору аддаў раённай бібліятэцы. Пакінуў толькі самыя любімыя.
Прычым я, не саромеючыся, магу называць сябе кнігалюбам, рэгіянальна абмежаваным. Я люблю нашу ўсходнеславянскую літаратуру і ніколі не збіраў аўтараў замежных.
 
Я — вольны мастак

Чаму я так сябе называю? Бо пазбягаю сучасных пісьменніцкіх асяродкаў — як Саюза пісьменнікаў Беларусі, так і Беларускага саюза пісьменнікаў. Папраўдзе, я нават не заўсёды магу сказаць, хто з маіх калег у якім саюзе: абы чалавек добры быў. Асабіста я не адчуваю патрэбы быць у нейкай творчай грамадзе. Як чалавек свабодны, маю на гэта права.
Раней, пры Савецкім Саюзе, пісьменнік, не ахоплены членствам у творчым саюзе, быў пастаўлены ў больш жорсткія ўмовы, чым яго калега з Саюза пісьменнікаў. Членства ў ім давала права на чаргу ў выдавецтва, на аванс за кнігу і г. д. А зараз іншыя ўмовы, і я, напрыклад, і без арганізацыі адчуваю сябе ў творчым плане вельмі добра.

Дзень пісьменства

Я чакаў надыход першай нядзелі верасня. Свята пісьменства запатрабаванае грамадствам, асабліва творчай інтэлігенцыяй. Я пабачыў на Дні пісьменства шмат пісьменнікаў, беларускіх і замежных. Таксама адзначыў бы, што адметнаю часткаю свята сталі своеасаблівыя кніжныя выставы, якія далі магчымасць калі не купіць, то хаця б убачыць найлепшыя сённяшнія выданні і нашай, і сусветнай літаратуры. Здаецца, што гасцям спадабалася ў нас і што свята запомнілася надоўга. Увогуле лічу, што выбар нашага горада для правядзення Дня пісьменства быў абсалютна апраўданы. Гаварыць пра сябе або сваіх калег было б нясціпла, але ж у нас ёсць выдатныя прыклады культурнай спадчыны. Усё ж такі на нашай зямлі бярэ пачатак род Дастаеўскіх, тут жылі Орды і Скірмунты. Усё гэта рана ці позна павінна было прыцягнуць увагу да Янава.
Дый увогуле Дзень пісьменства — гэта адно з тых свят, якія паказваюць нашу прывязанасць да роднай зямлі. Бо асабіста я не хаваю і ганаруся тым, што не змог бы жыць у іншай краіне, акрамя сваёй…
…Я таксама,
як продкі калісьці,
Марыў папараць-кветку
знайсці.
І ішоў з нараджэння,
з калыскі
Па нялёгкім
і шумным жыцці.
Я шукаў скрозь туманы
і вецер
І зялёнага лесу абрус…
І знайшоў сваю
папараць-кветку:
Гэта край мой —
мая Беларусь!

Ігар ГЕТМАН.
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА.