Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Общество

Уладзімір Шэляговіч: «Ідэі будуць заўсёды. Проста трэба ўмець іх рэалізоўваць»

Количество просмотров:

Сёння ў рубрыцы «Невялікая, але наша» Уладзімір Шэляговіч, былы начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама.

З Агдэмера

Родам я з вёскі Агдэмер Драгічынскага раёна. Тут жа скончыў пачатковую школу, потым дзесяцігодку ў Гутава ў 1967 годзе. Цягнула да тэхнічных спецыяльнасцей, хацеў паступаць у Пружанскі саўгас-тэхнікум, але потым перадумаў. Якраз прыехаў зямляк з Гродна, які вучыўся там у культасветвучылішчы, расказаў, чым займаецца. А я да таго часу ўжо самастойна навучыўся граць на гармоні і баяне. Нават аднойчы замест настаўніка спеваў, які захварэў, мне давялося акампаніраваць школьнаму хору на раённым аглядзе ў Драгічыне. Гэта было нешта! Я, зялёны, непісьменны ў музычным сэнсе, ратаваў, як мог, сітуацыю.
Гутарка з прыяцелем мяне натхніла, і паехаў я паступаць у Гродна. Быў залічаны, і пачаў навучанне. Напомню, што гэта было культасветвучылішча, а не музычнае, куды пры паступленні патрабавалася музычная адукацыя.
Па заканчэнні двух курсаў быў прызваны ў армію, дакладней, на Чырванасцяжны Балтыйскі флот. Служыў у Ліепаі, у Латвіі. Два разы трапляў у водпуск дзякуючы сваім музычным захапленням: двойчы падрыхтаваў роту да агляду страявой песні, і абодва разы рота займала першае месца. Пасля трох гадоў флоцкай службы я і яшчэ чацвёра таварышаў па камсамольскай пуцёўцы адбылі на будаванне Камскага аўтамабільнага завода ў Набярэжных Чаўнах.
Летам працаваў на ўсесаюзнай камсамольскай будоўлі, але вымушаны быў звольніцца, каб скончыць навучанне – трэці курс. Таму ў жніўні вярнуўся на радзіму, перавёўся на завочнае аддзяленне і стаў шукаць работу. Неўзабаве быў прызначаны дырэктарам гарадскога Дома культуры ў Іванаве. Адпрацаваў на гэтай пасадзе дзесяць гадоў. А наступныя трыццаць, з 1983-га па 2013-ты, – начальнікам аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама.

Дырэктар Дома культуры

Дырэктарам Дома культуры я стаў у кастрычніку 1972-га. У гэты час у штаце не было ніводнага спецыяліста-музыканта. Рэпетыцыйнай дзейнасці – практычна нуль. Але пашанцавала ў адным – у гэты час вярнуўся з Расіі ўраджэнец Адрыжына Іван Міхайлавіч Дзянейка – баяніст, спецыяліст найвышэйшага класа. Потым ён запрасіў яшчэ аднаго спецыяліста, духавіка Васіля Гуляева. Яны асабліва былі прыметныя ў той час, паколькі ў цэлым калектывы той пары былі прымітыўныя.
Таму першае, за што давялося брацца, – гэта стварэнне самадзейнасці. Трэба сказаць, што тады мы адчувалі падтрымку партыйных структур, якія атрымалі ўводную райкама дапамагаць сферы культуры. І мы паволі сталі запрашаць дыпламаваных спецыялістаў, ад якіх можна было штосьці патрабаваць і чакаць.
У выніку недзе за гадоў пяць мы паднялі калектывы на досыць высокі ўзровень. Гэта адчулі ў вобласці, ды і мы самі гэта бачылі, калі бывалі на розных абласных аглядах. А праз дзесяць гадоў можна было смела казаць, што ўзровень самадзейнасці Іванаўскага раёна стаў вельмі высокім.
Час, пра які вяду гаворку, – гэта перыяд стварэння літаратурных, літаратурна-музычных, мастацкіх гасцёўняў. Папулярная была работа мастацкіх майстэрняў, якія часта выконвалі працу прапагандысцкага характару, якой у савецкія гады надавалася пільная ўвага. Іх работу трохі перапрафіляваў начальнік абласнога ўпраўлення культуры Віталь Клімчук, які арыентаваў мастацкія майстэрні на афармленне Дамоў культуры. І Дамы культуры перамяніліся. З’явіліся ўпамянутыя творчыя гасцёўні, сталі праводзіцца сустрэчы з цікавымі людзьмі: ветэранамі, настаўнікамі, паэтамі. Падобная практыка была запатрабавана, і людзям падабалася.

Мы пайшлі іншым шляхам

Ад прызначэння на пасаду начальніка аддзела культуры я доўга адмаўляўся. Я не быў знаёмы з фінансамі, бухгалтэрыя была для мяне загадкай. Толькі з трэцяга разу мяне, па сутнасці, прымусілі ісці на пасаду. Першы сакратар райкама Гетманчук заявіў: «Больш пытанне не абмяркоўваецца. Аддайце яму ключы і завядзіце ў кабінет».
Яшчэ на пачатку сваёй працы ў якасці начальніка аддзела я разумеў: культурную сферу сяла не падняць без кадраў. Можна запрашаць студэнтаў. Але пры гэтым улічваць тое, што вопыту няма, практыкі няма, здольных – адзінкі з кожнага выпуску, да і тых імкнуліся замацаваць за Гродзенскай вобласцю.
Таму я пайшоў іншым шляхам: стаў запрашаць спецыялістаў, якія шукалі добрае месца. А добрае месца – гэта тое, дзе забяспечвалі жыллём. Дапамог мне адзін вопытны рэвізор, які паказаў пастанову Савета Міністраў СССР, якая дазваляла мясцовым органам у планавым парадку закладваць у бюджэт сродкі на будаванне і набыццё жылля.
Год ці два сітуацыя ў бюджэце раёна была выдатнай, калі дадатна задавальнялі ўсе нашы запыты. І пад маю просьбу выдаткоўваліся грошы на будаванне і набыццё жылля. Калі мы гэта зрабілі – да нас хлынуў паток класных спецыялістаў. Тады самадзейнасць нашага раёна, не буду скромнічаць, расквітнела. З’явіліся калектывы і музыканты. Сталі з’яўляцца званні «народных». А гэта давала магчымасць увядзення новых ставак, магчымасць працаваць на паўтары стаўкі і такім чынам зарабляць больш. А зарплата плюс жыллё – гэта велізарны стымул для працы, гэта забяспечанасць сям’і. Літаральна за год мы рванулі наперад, раёну пасыпаліся прызавыя месцы. Усе вакол дзівіліся, як мы гэтага змаглі дасягнуць.

Замест народнай творчасці — сем залаў папяровых кветак

Хачу спыніцца на стварэнні музея народнай творчасці ў Моталі. Складана ішоў працэс стварэння гэтага музея. Ідэя яго належала Арсенію Ваніцкаму, намесніку Міністра культуры БССР. Падтрымаў яе Уладзімір Іванавіч Балюк, які тады ўзначальваў гаспадарку. Але спачатку не пайшла канцэпцыя стварэння музея. Быў момант, калі нам наогул прапанавалі стварыць у Моталі… музей папяровых кветак. Уявіце, што б гэта было: сем залаў музея, запоўненых папяровымі кветкамі! Пасмешышча…
Але потым мне пашчасціла пазнаёміцца з аўтарытэтным мастаком Уладзімірам Міхайлавічам Капшаем. Да таго часу ён ужо аформіў пяць музеяў, з іх два – за мяжой. Ён скрупулёзна вывучыў народную творчасць Палесся і прафесійна прапанаваў канцэпцыю музея.
Будынак узводзіў калгас. Але неўзабаве гладкія гады скончыліся, эканоміка ўступіла ў крызіс, і кіраўніцтва калгаса да гэтай ідэі падастыла. Урэшце калгас перадаў будынак на баланс аддзела культуры. А час быў такі, што грошай не было ні ў каго – ні ў нас, ні ў калгаса. Гаспадарка нам выстаўляе рахунак – не помню дакладна, які гэта быў год – на мільён рублёў. Сума па тых часах велізарная. Я разумеў, што гаспадарцы таксама патрэбны фінансы. Хай не за адзін раз, паступова, але мы гэтыя грошы выплацілі.
Адкрыццё было найшыкоўнае, з удзелам кіраўніка вобласці. Тады гэта быў Уладзімір Заламай. Мне даводзілася не аднойчы з ім сутыкацца, ён браў удзел у калегіях абласнога кіравання культуры, добра ведаў праблемы, што стаялі перад нашай сферай, выдатна разумеў яе значэнне і часта аказваў дапамогу па розных пытаннях.

Музей назаўжды

Пасля Моталя пайшла цяга да музеефікацыі раёна. Гэта, я лічу, вельмі правільна, таму што ніводная іншая ўстанова не параўнаецца з музеем у пытанні захавання памяці. Усё, што туды закладзена, застанецца назаўжды. Праз музей будзе бачна і традыцыя, і культура. Не буду далей дэталёва спыняцца на гэтай тэме, гэта можа быць асобная гутарка. Потым з’явіўся музей народнай медыцыны ў Стрэльна.
Нашымі музеямі жыва цікавіўся Віталь Клімчук, начальнік абласнога ўпраўлення культуры. Ён мог за суткі дзе-сяць ідэй нарадзіць. Напрыклад, прыедзе ў раён, акуляры паправіць і выдасць: «Пастой-пастой. Ёсць ідэя. Напалеон Орда». І ён пачаў тармасіць раён, падымаць пытанне на розных нарадах. І я зразумеў, што не адкручуся ад гэтай тэмы.
Наогул ідэяй увекавечання памяці Напалеона Орды Клімчук загарэўся пасля адкрыцця музея ў Моталі, калі ўбачыў той узровень, на якім мы стварылі гэты музей.

Нельга ставіць помнік Напалеону

Наступным пытаннем пасля стварэння музеяў стала пытанне адкрыцця помніка Напалеону Ордзе. Нягледзячы на тое, што ён сам жыў у розных краінах, маляваў архітэктурныя краявіды гэтых краін, помніка яму не было нідзе. Толькі ў Францыі нядаўна адкрылі створаную па заказу Міністэрства культуры мемарыяльную дошку на доме, дзе ён жыў.
Сродкі на скульптуру спачатку збіралі працаўнікі культуры. Потым далучыліся іншыя людзі і арганізацыі. Першай была раённая інспекцыя па падатках і зборах, якую ўзначальваў тады Уладзімір Сцяпанавіч Казак. Так была зроблена затраўка, і працэс пайшоў далей. Потым прыйшлі грошы райвыканкама. Гэтак і назбіралі на помнік Ор-дзе – адзіны ў Еўропе.
У той час, калі трэба было адліваць скульптуру, дзяржаўны ліцейны цэх быў скасаваны. Па нашай просьбе чатыры энтузіясты ў калгаснай кацельні ў Калодзішчах пад Мінскам арганізавалі гэты цэх і прынялі наш заказ.
Калі ішла работа па ўстаноўцы помніка, хтосьці з аблвыканкама, як нам казалі, абурыўся: «Што там у Іванава? Помнік Напалеону ставяць! Напалеон на Расію напаў, а яму помнік ставяць! Папярэдзьце Куніцкага і Шэляговіча, што абодва працаваць не будуць!». Не разабраліся, зблыталі мастака і імператара…
Высокая камісія з Мінска на чале з мастаком Іванам Міско прыязджала разбірацца з нашым самаўпраўствам. Прыехалі. Убачылі. Ахнулі.
Нямая сцэна.
Але да Міско не падступіцца: «На пераплаўку!».
Яму пярэчаць: «Іван Якімавіч, мы лічым, што помнік атрымаўся». І ўсё-такі абаранілі помнік, з невялікімі заўвагамі.
У пакутах нараджаўся праект. Але столькі народу, як на адкрыцці гэтага помніка, я не ўспомню. Усе вуліцы былі запоўнены.
Мы вярнулі гэта імя нашай культуры, нашай гісторыі. Палякі дагэтуль не могуць прабачыць нам, што чалавека, пра якога яны казалі, як пра польскага мастака, мы ўпісалі ў беларускі культуралагічны кантэкст.
Наогул наша раённая культура – гэта маса выдатных лю-дзей, якія ўславілі сваю малую радзіму. Вартыя ўпамінання сотні. Я бязмерна ўдзячны ім за работу і паразуменне.
Прыемна ўсведамляць, што захоўваецца тое разуменне важнасці культурнай сферы для жыцця раёна з боку кіраўніцтва райвыканкама, якое заўсёды ў станоўчым ключы характарызавала Іванаўшчыну. Ідэі і прапановы ішлі не толькі нам, але мы іх умелі і ўмеем увасабляць.

Гаварыў Ігар ГЕТМАН.