Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Люди и судьбы

Вёска мая родная…

Количество просмотров:
Крыху гісторыі
Вярхусце – вёска ў Ляскавіцкім сельсавеце за 4 кіламетры ад Іванава. У 1935 годзе ў ёй налічвалася 80 дзяцей школьнага ўзросту, у 1940 – было 94 двары і 467 жыхароў, у 1997 – 150 двароў і 403 жыхары. Працавалі пачатковая школа і магазін. 
Дакладна ніхто не ведае, калі ўзнік гэты населены пункт. Цяперашняе старэйшае пакаленне яго жыхароў са слоў сваіх продкаў сцвярджае, што вёска налічвае не адно стагоддзе. Калісьці яна знаходзілася ўздоўж дарогі Янаў-Стараселле. Частыя войны і набегі іншаземцаў перашкаджалі спакойнаму жыццю вяскоўцаў, рабавалі іх і нібыта спалілі вёску, тады яе жыхары вырашылі ссяляцца на хутары,  бліжэй да лесу. Аб тым, што вёска існавала раней, сведчыць магіла іншаземных воінаў у нашым лесе, якія загінулі ў час ваеннага ліхалецця. Тое месца ў нас называюць «турынню». Існуе легенда, быццам бы захопнікі нарабавалі многа золата і закапалі  яго ў абмялеўшай сажалцы, якая знаходзілася пасярэдзіне вёскі,  прыклаўшы яго вялікім валуном. Пазней жыхары вырашылі дастаць той камень з сажалкі (яна была неглыбокая), запраглі коней, але толькі крыху зрушылі яго з месца. Адтуль з-пад каменя адразу хлынула вада. Ніхто таго каменя больш не бачыў. Праўда, пасля апошняй вайны трэба было паглыбіць вадаём. Гэтую справу даручылі мясцоваму трактарысту. Ён з ахвотай узяўся за работу, наслухаўшыся, што ў сажалцы схавана золата. Але  так яго і не знайшлі.
У 1943 годзе па даносу здраднікаў за сувязь з партызанамі фашысты расстралялі 38 чалавек, палавіна з якіх былі дзеці. Многія вяскоўцы не вярнуліся з фронту, засталіся навечна ляжаць на чужыне або прапалі без вестак. Няма ўжо ў жывых ніводнага ветэрана вайны.
Магчыма, калі-небудзь мы ўсё-такі даведаемся пра больш поўную гісторыю Вярхусця (верагодна  звесткі ёсць у дзяр-
жаўным музеі г. Гродна),  а зараз хочацца расказаць  пра яе сённяшні дзень. Паводле апошняга перапісу насельніцтва зараз у вёсцы пражываюць 340 чалавек, налічваецца 133 гаспадаркі, 89 чалавек – пенсіянеры, 187 – людзі працаздольнага ўзросту, 64 – дзеці да 18 гадоў. Самай старэйшай жыхарцы Вярхусця  Кацярыне Якімаўне Масюк ідзе дзевяноста пяты год. Дзевяноста гадоў споўнілася днямі Івану Ульянавічу Масюку, восемдзесят сем – Марыі Мікітаўне Малашчук, восемдзесят шесць  – Канстанціну Аляксандравічу Гарбацкаму. 
Перасяленцы
У дзевяностыя гады мінулага стагоддзя  вёску чамусьці   залічылі ў разрад неперспектыўных, таму мары моладзі аб будаўніцтве клуба ў Вярхусці так і засталіся марамі. Будавацца ў вёсцы нікому не дазвалялі. 
...Непрыкметна вёска пачала старэць, працаздольнае насельніцтва выходзіла на пенсію, а  моладзь з-за адсутнасці жылля і аб'ектаў сацкультбыту ад'яджала ў гарады. Узнікла праблема – на калгаснай ферме не было каму працаваць. Менавіта тады кіраўніцтва калгаса імя Горкага  вырашыла пабудаваць у Вярхусці  дзесяць аднатыпных домікаў, пазней былі ўзведзены яшчэ два. Якраз тады ў пошуках лепшых заробкаў да нас прыехалі шматдзетныя маладыя сем'і з Любяшоўскага раёна Украіны, дзве сям'і – перасяленцы з чарнобыльскай зоны. Яны і сталі жывёлаводамі.
З кожным годам вёска мяняе сваё аблічча. З райцэнтра да Вярхусця і па яго  цэнтральнай вуліцы імя Горкага пракладзены новы асфальт. Амаль у кожным доме ёсць прыродны газ, заменена лінія электраперадач, ёсць вулічнае асвятленне, высокахуткасны інтэрнэт. Таму і не дзіўна, што ўсе пустуючыя дамы хутка раскупляюцца. 
Навасёлы
Акрамя вуліц імя Горкага, Піянерскай, Палявой, Трудавой, Несцярука і Новай у вёсцы зусім нядаўна з’явіліся вуліцы імя Я. Купалы і Кляновая. Тут будуць узведзены восем дамоў для мнагадзетных сем'яў. А першым навасёлам на вуліцы Кляновай стала маладая сям'я Таццяны і Анатоля Ілюшыных, у якой трое дзяцей. Вядзецца  будаўніцтва дамоў  маладых сем'яў Сяргея Цімашука, Вольгі Яроцкай, Аляксандра Мацвейчука, Аляксандра Каваліка і іншых. 
З аб’ектаў сацкультбыту ў нас працуе толькі магазін Іванаўскага райспажыўтаварыства. За ўсім астатнім даводзіцца ехаць у Іванава. Таму мае аднавяскоўцы, у каго няма ўласнага транспарту, мараць, каб быў наладжаны нармальны рух рэйсавага аўтобуса, ці адкрыты маршрут гарадскога аўтобуса, паколькі ў абед з Іванава ў вёску даводзіцца дабірацца на папутным транспарце або на таксі. Вечарам у горад даехаць – таксама праблема.
Да родных вытокаў
Мае землякі ніколі не забывалі сваю малую радзіму, сцяжынкі да роднага дома. Пакуль былі жывымі бацькі – дапамагалі тым даглядаць агарод, весці  хатнюю гаспадарку. Калі не стала іх продкаў, трывалыя сувязі з бацькаўшчынай у маіх землякоў не аслабелі.
З раённага цэнтра вярнуліся ў бацькоўскія хаты Зінаіда Фёдараўна Галяк і Валянціна Аляксандраўна Сідаровіч, якія прыклалі ўсе намаганні, каб пакоі ў іх напаміналі гарадскія кватэры. Нягледзячы на салідны ўзрост (а Валянціне Аляксандраўне 73 гады) і перанесены інсульт, жанчына вядзе актыўны лад жыцця. Яна даглядае агарод, вышывае, ездзіць на веласіпедзе па ягады і грыбы. Толькі яна ведае чарнічна- сунічныя і грыбныя мясціны ў нашым лесе, які заўсёды шчодра адорвае яе сваім багаццем. Доўгі час жыла і працавала ў Мінску ўраджэнка Вярхусця Людміла Ціханаўна Сеніна. Пасля выхаду на пенсію яна з мужам Юрыем вярнулася на сваю малую радзіму. І жыве жанчына больш у вёсцы чым у сталіцы. Тут яна займаецца агародніцтвам, вырошчвае кветкі.
Вярнуліся ў родную вёску сем’і М. Сяглюка з Украіны, Л. Застроўскай з Іванава, з Драгічынскага раёна ў новы дом засялілася сям’я С. Бычык. У бацькоўскіх дамах робяць рамонт цяперашнія гараджанкі 
Р.І. Кузьмянчук, З.А. Шэляговіч.
Дачнікі
Вясна ўсё больш уступае ў свае правы, вяскоўцы выходзяць на свае агароды. Жывуць вясновымі клопатамі і дачнікі: гараджане В.В. Васільчанка, Г.С. Дашкун, І.А. Свірэпа, ды і іншыя (з усімі яшчэ незнаёма), сем’і ўраджэнцаў вёскі В.І. Лапачук, М.Ф. Усовіч, З.К. Васько, В.І. Масюка, А.А. Бахурэвіч, Г.І. Юхнік, Т.В. Семяніхінай, Н.М. Падбярэзскай, Н.Д. Нічыпорчык і яе сястры Вольгі. Пералік гэты можна працягваць, бо з кожным годам усё больш былых жыхароў Вярхусця апрацоўваюць бацькоўскія агароды як дачы.
Па жыцці –
з раённай газетай
Мае землякі – працавітыя людзі, заслужылі сярод вяскоўцаў павагу і аўтарытэт. Гэта «пенсіянеры са стажам» (заў. аўт.) былыя жывёлаводы А.Н. Грышчук (мнагадзетная маці), Д.І. Масюк, паляводы М.В. Цімашук, Л.Я. Масюк, В.М. Цімашук, механізатар Ц.А. Цімашук, кладаўшчыца Н.І. Масюк. За сціпласць, сардэчнасць, добразычлівасць паважаюць у вёсцы і тых, хто сумленна працаваў у іванаўскіх арганізацыях і на прадпрыемствах. Сярод такіх К.А. і М.Ф. Гарбацэвіч, Р.П. і К.А. Гарбацкія, Л.Б. Цімашук, Г.З. і І.Г. Гайкевіч і іншыя. Большасць пенсіянераў на працягу многіх гадоў з’яўляюцца актыўнымі падпісчыкамі і чытачамі раённай газеты.
– «Янаўскі край» выпісваюць шэсцьдзесят два чалавекі, – расказвае паштальён і стараста вёскі Вярхусце Людміла Анатольеўна Талатыннік. – Сярод іх  мае бацькі Валянціна Міхайлаўна і Анатоль Уладзіміравіч Кунахаўцы, Таццяна Аляксееўна Галяк, Алена Міхайлаўна Жук, Гарабацэвічы, Гайкевічы, Гарбацкія, а таксама Марыя Іванаўна Шамшорык, Таццяна Пятроўна Галяк, Пётр Дзмітрыевіч Дайнека, Мікалай Іванавіч Сідарэнка і іншыя. Няхай прабачаць мне тыя, каго я не назвала, бо не хопіць газетнай старонкі, каб усіх пералічыць...
Да прыкладу, у размове са мною Галіна Захараўна Гайкевіч сказала, што выпісвае раёнку і свайму сыну, які жыве з сям’ёй у суседняй вёсцы Шчакоцк. А за кожны свежы нумар газеты, які прыходзіць у яе дом, жанчына ледзь не сварыцца з мужам, каму першаму яго чытаць. Вось такія, улюбёныя ў «Янаўскі край» мае аднавяскоўцы. 
Я ж назаўсёды ўлюбёная ў сваю вёску. Бязмежна люблю горад Мінск, дзе вучылася ва ўніверсітэце. Пабывала я і ў замежных краінах. Толькі родны куточак майму сэрцу найдаражэйшы. Тут калісьці ў дзяцінстве з сяброўкамі пасвіла на выгане гусей, стаўшы дарослай – кароў. Ды й па сённяшні дзень я жыву на прыволлі, хаця маю ў горадзе добраўпарадкаваную кватэру. Штодня любуюся роднымі краявідамі і не магу налюбавацца імі. 
З надыходзячым святам Вялікадня, мае шаноўныя землякі!
 Леаніла Кароль.
 Валерый Міхальчук.