Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Люди и судьбы

Яднаюць спорт, Радзіма, мова


Узгадваючы ў рамках праекта «Восемдзесят», прымеркаванага да юбілею раёна, імёны людзей, чые лёсы знітаваны з мінуўшчынай і сучаснасцю малой радзімы, не маглі абысці ўвагай нашага слыннага земляка – беларускага дзяржаўнага дзеяча, Міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргея Кавальчука.

Успамінаецца падзея, якая надарылася каля двух гадоў таму: тады ў выдавецкай установе з узрушэннем абмяркоўвалі сенсацыйную вестку пра тое, што ўраджэнец Іванаўшчыны, супрацоўнік Службы бяспекі Прэзідэнта, назначаны новым кіраўніком Міністэрства спорту і турызму. І ўжо неўзабаве наша рэдакцыйная машына імчала ў невялічкую вёсачку Глінна, дзе жывуць бацькі міністра, каб пачуць ад іх пра таго, каму аказаны высокі гонар і давер.
Душэўная адкрытасць, дабрыня і ветласць, трывожна-светлая сляза асвячалі сардэчны расповед Ніны Сцяпанаўны і Міхаіла Іванавіча.
«Ці справішся, сынок?» – такой была першая рэакцыя маці на паведамленне сына аб кардынальных зменах у яго жыцці.
Ці ж насамрэч справіўся? Ці ёсць чым ганарыцца беларускім спартсменам? Якія перспектывы ў айчыннага спорту? І якім чынам уплывае аўтарытэтная пасада на ўнутраную сутнасць чалавека? Гэтыя і шэраг іншых пытанняў хацелася б задаць выбітнаму земляку. 
Са спартыўнымі дасягненнямі краіны знаёмяць нас сродкі масавай інфармацыі, але звестка, атрыманая, як кажуць, з першых вуснаў, мае больш значную вагу. 
Але ж як «дастукацца» да міністра, калі ён адмежаваны ад цябе не толькі доўгімі стужкамі дарог, але ж, асабліва, шчыльным працоўным графікам, у якім ці ёсць месца для размовы з карэспандэнтам раённай газеты? 
Першае, што прыйшло ў галаву, – гэта звярнуцца па дапамогу да маці Сяргея Міхайлавіча.
Тэлефонную трубку зняла Ніна Сцяпанаўна. Пакуль абменьваліся вітаннямі і я тлумачыла жанчыне, з якой мэтай ёй патэлефанавала, у трубцы выразна гучалі гукі дзяржаўнага гімна.


На маё пытанне пра Сяргея Міхайлавіча субяседніца з усмешкай паведаміла:
– Якраз з Міхаілам Іванавічам бачым сына па тэлевізары: уручае ўзнагароды пераможцам Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі.
– Дык вось адкуль гукі гімна, – падумала пра сябе, а ўслых спытала аб тым, якім чынам можна звязацца з міністрам.
Канечне ж, размова з Сяргеем Міхайлавічам у першую чаргу тычылася спорту. 
– Сучасная Беларусь – спартыўная краіна, – адзначыў ён. – У сусветнай спартыўнай супольнасці пераважае прыязнае стаўленне да беларускіх спартсменаў, а канкурыраваць з беларусамі ў спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы, веславанні ўвогуле лічыцца за гонар; у свеце трымаюцца высокай думкі пра нашу спартыўную інфраструктуру, вельмі паважаюць Прэзідэнта. 
Беларусь годна справілася з правядзеннем Еўрапейскіх гульняў, якія аб’ядналі людзей розных нацыянальнасцей і адкрылі нашу краіну як мясціну з неабмежаванымі магчымасцямі для здзяйснення задум і праектаў у галіне спорту, турызму, эканомікі, культуры. Была выканана вялікая падрыхтоўчая работа на ўсіх узроўнях. У гэтай справе не было дробязяў, кожны на сваім месцы дасканала прапрацаваў усе дэталі. Госці адчулі і нашу нацыянальную самабытнасць, і ўласцівую нам гасціннасць, і, безумоўна, прафесіяналізм беларускіх спартсменаў. Вынікі пераўзышлі чаканні – 68 медалёў (на папярэдніх гульнях 49). Усяго ж за мінулы год спартыўная скарбонка краіны папоўнілася 846 медалямі, заваяванымі на буйных міжнародных турнірах (вынік 2018 года – 680 медалёў). 
На сённяшні дзень у беларускім спорце дамінуюць веславанне на байдарках і каноэ, цяжкая атлетыка, сучаснае пяцібор’е, скачкі на батуце. У айчынных спартсменаў ёсць вялікі патэнцыял у боксе, акадэмічным веславанні, канькабежным і веласіпедным спорце. Дасягнуты нядрэнныя вынікі ў валейболе, гандболе і спартыўнай гімнастыцы. 
Ёсць і недахопы. На жаль, не на належным узроўні выстраена становішча ў хакеі, недастаткова развіты клубны футбол. Ідзе амаладжэнне ў біятлоне. Розныя віды спорту па-рознаму праходзяць этапы станаўлення.
Падчас дыялогу ўзнікла тэма развіцця спартыўнай інфраструктуры, пашырэнні даступнасці фізкультурна-спартыўных збудаванняў для масавага занятку насельніцтва фізічнай культурай і спортам.
– Гэтаму пытанню надаецца пільная ўвага, – запэўніў Сяргей Міхайлавіч. – Пабудаваны 41 Лядовы палац, што дазваляе ажыццяўляць падрыхтоўку спартсменаў ва ўсіх рэгіёнах. Карпатлівая работа вядзецца па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы для футбола. Згодна з праграмай «Бонфесто — детям» пры падтрымцы Прэзідэнта краіны практычна ў кожным раёне мае быць футбольнае поле са штучным пакрыццём. Усяго павінна быць 118 палёў (функцыянуюць 30%, у тым ліку ў Іванаве). Актыўна будуюцца басейны. Закладзена будаўніцтва басейна і ў нашым райцэнтры, увод у эксплуатацыю запланаваны ў 2021 годзе.
Дзякуючы мінулым еўрапейскім гульням было набыта шмат спартыўнага інвентару. Цяпер гэты інвентар перададзены дзіцяча-юнацкім спартыўным школам.
На дасягнутым спыняцца не збіраемся.
– Сяргей Міхайлавіч, цяпер, зыходзячы са свайго ўласнага вопыту, можаце адназначна сфармуляваць, што для Вас азначае быць міністрам? – пытаюся.
– Быць міністрам – значыць поўнасцю аддавацца рабоце, дапамагаць людзям, унікаць у праблемы і імкнуцца вырашаць іх, – атрымліваю адказ. – У гэтай няпростай справе мяне падтрымлівае каманда аднадумцаў – наш калектыў, зладжаны, дружны, а таксама сям’я, родзічы, сябры.
– Цяпер у Вас менш застаецца вольнага часу? Магчыма, і хобі Ваша – спорт – засталося ў мінулым? Пэўна, й на малую радзіму наведацца няма калі? – турбую міністра здагадкамі.
– Вольнага часу на самай справе мала. Калі гаварыць пра спорт, то цяпер ён ужо не хобі, а, лічы, прафесія. Выкройваю хвіліны для заняткаў. Міністр спорту павінен быць спартыўным. Не інакш. А малая радзіма… Яна застаецца Радзімай. Радзей прыязджаю дамоў, факт трэба прызнаць. Але гэта не значыць, што родны кут страціў для мяне былую прывабнасць. Радзіма вабіць, кліча, у яе набіраюся сілы, энергіі. 
– І зараз, калі сын прыязджае ў вёску, ён шукае спаткання з лесам, родным Днепра-Бугам, – дадае Ніна Сцяпанаўна. – Яму б наталіцца водарам лясным, хоць краем вока зірнуць з шырокага парома на мяккія хвалі, на светлыя далягляды, якія адкрываюцца пагляду!
Сапраўды, радзіма – адхланне для душы. Калі Сяргеева жонка бачыць, што той вельмі стомлены, яна безапеляцыйным тонам заяўляе: «У вёску пара, да бацькоў!»
А я дранікаў напяку, якія любіць сынок, аладкаў мучных. Яму даспадобы простая матчына ежа. 
Унучак нарадзіўся ў Сяргея: нядаўна годзік споўніўся, – не можа ўтрымацца, каб не падзяліцца радаснай весткай Ніна Сцяпанаўна. – Сын не нарадуецца. Хоць на хвілінку завітае да дзяцей, каб пацешыцца з малога, пабачыць, як падрастае хлопчык.
– Дык ці правільна я разумею, што, стаўшы міністрам, Ваш сын па сваёй сутнасці застаўся ўсё тым жа чалавекам, кар’ера не патушыла ў ім тонкіх душэўных пачуццяў?
– Так. Ён застаўся ўсё тым жа вясковым хлопцам, гадаванцам зямлі сваёй. Увішны ў сялянскай працы. Любіць пагутарыць з аднавяскоўцамі. Кожнаму руку пацісне. Пагамоніць як роўны з роўнымі па-свойму, па-паляшуцку.
У голасе жанчыны гучыць пяшчотнае замілаванне і шчымлівае мацярынскае шкадаванне, якіх сын не бачыць у гэтыя імгненні, але, несумненна, ведае, адчувае, што бацькоўская любоў асвячае пакручастыя сцяжыны, па якіх вядзе яго лёс, застаецца тым выратавальным берагам, дзе можна знайсці збавенне ад згрызот, адшукаць сябе сапраўднага і паразумецца з такім часам няпростым светам, у якім наканавана жыць

Ірына Саломка.
Фото Валерый Міхальчук.