Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Экономика

Горкі «Мёд»

Количество просмотров:

Два тыдні таму адчынілася ў Янове новае кафэ «Мёд». Для тых, хто яшчэ не ведае, скажу: «Мёд» – гэта новая рэінкарнацыя рэстарана «Пад ліпамі».

Каго ні папытай, з кім ні пагавары, усе людзі здзіўляюцца: нашто памянялі любімую, звыклую назву, у песні апетую? Новы назоў выклікае пэўнае падазрэнне: адкуль узяўся «Мёд», калі «Ліпы» зніклі? Што гэта за мёд, можа штучны, які калісь, у часы татальнага дэфіцыту,  быў закліканы замяніць мёд сапраўдны. З чаго яго калацілі ў тую пару, цяжка ўспомніць, але для падману і суцяшэння спажыўца на паўлітровых слоіках нахабна малявалі пчалу, якая да гэтай пачварнай ідэі ніякіх адносінаў не мела.
Магчыма, новая назва абумоўлена тым, што ў кафэ будуць трошкі мёдам прыгандлёўваць? А можа будуць медавухі якія прадаваць, каб не адной гарэлкай мужыкі заліваліся. Зрэшты, калі і гарэлкаю, то таксама можна будзе, дзякуючы назве, паарыгінальнічаць. Памятаеце анекдот пра малога сына, якому бацька, за якім хлопчык прыйшоў у бар, даў пакаштаваць гарэлку:
«– Горкая?
– Ага…
– А ты думаў, мы тут мяды распіваем?».
Аднак, дастаткова пра назву. Можа з часам і прыжывецца. Пры ўмове, што спадабаюцца выбар, сэрвіс і цэннік.
А з гэтым у «Мёда», здаецца, якраз і праблема.
Заехаў у новае кафэ я з калегай некалькі дзён назад у абедзенны перапынак. Знешне ўсё беззаганна. Усё новае і файнае. Хочаш – сядай у зале, хочаш – на свежым паветры. Ветлівая жанчына прапануе зрабіць замову.
Выдатна. Пытаю пра комплексны абед. У адказ: «Извините…». Ладна, паспрабуем вызначыцца самастойна. Першых страваў пазначана тры. З іх – адной няма, другую трэба доўга чакаць. Трэцяя (боршч), як на мой розум, дарагаватая, але ж раз прыйшоў, то не пой-дзеш галодны, мусова браць.
Пачынаем вызначацца па асноўнай страве. Тут паўтараецца папярэдняя сітуацыя: некаторыя з абазначаных далікатэсаў «трэба будзе пачакаць». Колькі чакаць? «З паўгадзіны».
Даўгавата. Давайце, што хутчэй, курынае філе, напрыклад, на гарнір – рызота. «Рызота няма». Ладна, смажаную картоплю. Плюс шклянку таматнага соку і шклянку мінеральнай вады.
Сядзім з калегам, чакаем замову. Заўважу: на ўсё кафэ нас двое і жджэм мы тое, што не павінны доўга чакаць.
Аднак чакаем  паўгадзіны.
Калі, нарэшце, прынеслі замоўленае, ацанілі мы ўсё як вельмі смачнае. Зрэшты, магчыма на ацэнку кулінарных цудаў паўплываў фактар доўгага чакання, бо з голаду клацнулі мы свае абеды хутка як сабака муху.
І астатні момант: заплаціў я за свой візіт у кафэ 10 рублёў 80 капеек. Каб вам стала страшней, перавяду на старыя грошы: 108 тысяч.   
Салёнаю мне здалася тая мінеральная вада. Скрыгануў зубамі: на халеры мне схацелася, бы той казаў, «медку похлебать»… Чым «Галактыка» і «Палескі» не задавальняюць з іх абедамі па тры рублі?
…Наступным разам пайшоў у правераны «Палескі». Памянуў яго калегу «Пад ліпамі». І падумаў: калі і далей яго пераемнік працягне такую маркетынгавую палітыку, то хутка я ў «Палескім» буду і «Мёд» памінаць…
Ян Палескі.
Р.S. Можа, хтось скажа: што вы прычапіліся да іх, яны ж толькі адкрыліся, адно на ногі становяцца! Адкажам уяўнаму апаненту: якраз таму і спяшаемся, што рыхтык у першыя дні актыўна фармуецца грамадская думка. Чаму пры адкрыцці новых устаноў гандлю або харчавання стараюцца, як правіла, рабіць дэмакратычныя кошты, а выбар арыгінальным? Якраз таму, каб прыцягнуць кліента, каб скласці ў лю-
дзей прыемнае ўражанне. Таму і крычым крыкам: трэба нешта мяняць, бо бяда будзе. Усяго два тыдні мінула ад часу адкрыцця, а ўжо ўсе кіроўцы на трасе ведаюць, што ў Янове самае дарагое кафэ ад Гомеля да Кобрына…