Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Экономика

Кафэ «Мёд» адкрылася пасля пераабсталявання

Жыхары Іванаўскага раёна добра памятаюць рэстаран «Пад ліпамі». Аб'ект прыдарожнага сэрвісу, размешчаны практычна на ўездзе ў горад, карыстаўся папулярнасцю сярод мясцовага насельніцтва і шматлікіх гасцей. Але за дваццаць сем гадоў існавання рэстаран значна састарэў і патрабаваў рэканструкцыі.

Зыходзячы з гэтага, кіраўніцтва Брэсцкага абласнога спажыўтаварыства прыняло рашэнне цалкам змяніць імідж установы. Так, замест рэстарана «Пад ліпамі» з'явілася кафэ «Мёд», адкрыццё якога адбылося другога верасня падчас святкавання Дня беларускага пісьменства.
Удзел ва ўрачыстасці прынялі старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ліс, старшыня праўлення “Белкаапсаюза” Валерый Іваноў і старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун.
Звяртаючыся да прысутных, ганаровыя госці Анатоль Ліс і Валерый Іваноў адзначылі неабходнасць стварэння такіх аб’ектаў, пасля наведвання якіх у людзей складзецца ўражанне пра краіну ў цэлым.
Старшыня Іванаўскага райспажыўтаварыства Ганна Барысюк, у сваю чаргу, падкрэсліла, што назва кафэ была абрана невыпадкова:
– Мёд – гэта слова, якое на працягу стагоддзяў нясе ў сабе энергію магутнасці і сілы. Мы верым, што новая назва і сучасны інтэр'ер прынясуць новы поспех нашаму аб’екту прыдарожнага сэрвісу.
Пасля ўрачыстага перарэзвання стужкі, госці змаглі ўбачыць абноўленае кафэ. Паглядзець, дарэчы, было на што. Інтэр’ер установы выкананы пры дапамозе сучасных матэрыялаў. Аўтаматычныя дзверы, утульныя канапы, на якіх можна размясціцца кампаніяй, традыцыйныя столікі, лампы ў стылі праванс, вялікія вокны да падлогі, зона бара і танцпляцоўкі, смачныя напоі і разнастайныя стравы нацыянальнай кухні. Гэта толькі малая частка таго, чым кафэ збіраецца здзіўляць сваіх гасцей.

Kafe Med 1
Kafe Med 3
Kafe Med 4


Прыемным падарункам наведвальнікам стала летняя тэраса, на якой можна адпачыць за кубачкам кавы ці гарбаты, згуляць вяселле,
адзначыць дзень нараджэння і іншую прыемную падзею. Абноўленае кафэ разлічана на семдзесят пасадачных месцаў.
Мясцовым жыхарам, якія прысутнічалі на ўрачыстым адкрыцці, сучасны выгляд прыйшоўся да спадобы.
Станоўчыя водгукі давялося пачуць не толькі ад моладзі, але і старэйшага пакалення, якое добра памятае былы рэстаран. Хочацца верыць, што кафэ “Мёд” спадабаецца і шматлікім гасцям нашага горада.

Анастасія ЦАЛЮК.
Фота аўтара.