Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

Цячэ зерне, нібыта рака

hlebopriemny punkt 1Яшчэ нядаўна тут было не праціснуцца ад аўтамабіляў, гружаных саспелым духмяным зернем жыта, пшаніцы і трыцікале, а таксама маленькімі цёмнымі кругляшамі каштоўнага для Беларусі прадукту – алейнага насення рапсу. Цяпер жа на Іванаўскім вытворчым участку ААТ «Драгічынскі камбікормавы завод» адносна спакойна: прадпрыемства ўвайшло ў стабільны будзённы рытм, выконваючы у тым ліку дзяржаўны заказ па нарыхтоўцы збожжавых і зернебабовых культур.

 – План па нарыхтоўцы збожжа сёлета амаль выкананы: на складах ужо ляжыць больш за чатыры з паловай тысячы тон (у тым ліку пераходзячы фонд), – тлумачыць кіраўнік структурнага падраздзялення, старшы майстар Юрый Мікалаевіч Гарбацэвіч.
На працягу ўсяго жніва сюды звозілі рапс ААТ «Дружылавічы», «Машэраўскі», «Дастоева», а таксама гаспадаркі са Столінскага, Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў. Усяго ў лік дзяржзаказу для ТАА «Аграпрадукт» Камянецкага раёна нарыхтавана каля 3000 тон рапсу.
– Яго якасць сёлета не выклікае сумненняў, – дапаўняе тэхнік-лабарант Алена Віктараўна Калодзіч, – для высвятлення гэтага на прадпрыемстве дзейнічае лабараторыя. Рэгулярна мы адбіраем пробы і робім аналізы на вільготнасць збожжа, якасць (харчовае або фуражнае), іншыя паказчыкі.
Пасля гэтага збожжа пры неабходнасці адпраўляецца на дасушку ў зернесушыльны комплекс ЗСК-20, а затым астуджаецца і транспарцёрам-загрузчыкам ГУАР адразу падаецца на склад. Тут жа ствараюцца неабходныя ўмовы для працяглага захоўвання сыравіны пад пільным кантролем спецыялістаў.

hlebopriemny punkt 2


Акрамя рапсу, для патрэб перапрацоўчых прадпрыемстваў закладзена каля 500 тон харчовага жыта і трыцікале, якія беражліва выгадавалі і даставілі акцыянерныя таварыствы «Дружылавічы», «Дастоева», «Кастрычнік-Агра» і «Машэраўскі». Цяпер зерне будзе захоўвацца да запатрабавання Мінскім камбінатам хлебапрадуктаў і «Аграпрадуктам».
– Зараз у нас часовае зацішша. Выкарыстоўваем яго з карысцю – для абслугоўвання абсталявання і тэхнікі (трактары МТЗ-82, ДЗ-130, аўтамабілі ГАЗ-53 і «Газэль», аўтапагрузчык), – працягвае аповед Юрый Мікалаевіч. – Затым у верасні-кастрычніку будзем нарыхтоўваць зерне кукурузы для РУВП «Экзон-Глюкоза» (план – 1500 тон).
На базе Іванаўскага ўчастка таксама ёсць вальцовы млын, на якім для насельніцтва выконваецца размол пшаніцы на вышэйшы і першы гатунак, і драбнілка для грубага памолу. Маецца конь для арэнды ў асабістую гаспадарку (перавозка або ворыва).
Штат прадпрыемства пасля аптымізацыі складае ўсяго 16 чалавек. Больш за шэсць гадоў калектыў узначальвае Ю. М. Гарбацэвіч. У гутарцы ён прасіў адзначыць самых вопытных і надз-
ейных супрацоўнікаў: майстра Людмілу Віктараўну Дрозд, кіроўцу, які працуе больш за 27 гадоў, Пятра Рыгоравіча Кананчука, слесара Аляксандра Сцяпанавіча Мірчука, сямейную пару – слесара Сяргея Мікалаевіча і апаратчыка Святлану Яўгенаўну Жушму. У складаны для завода час яны засталіся на прадпрыемстве, добрасумленна выконваючы сваю працу.

Валерый МІХАЛЬЧУК.
Фота аўтара.