Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Общество

Навасёлкі. Малая радзіма

На самым усходзе нашага раёна размясцілася маляўнічая вёска Навасёлкі. Невялікі населены пункт месціцца ў гушчы беларускага Палесся, наводдаль ад буйных аўтамабільных трас і чыгуначных шляхоў, але сярод найяскравейшых багаццяў нашай беларускай прыроды. Многім людзям наканавана было нарадзіцца ў гэтай вёсачцы. Як і кожная беларуская вёска, Навасёлкі па-свойму чымсьці асаблівыя. Адна з незвычайных адметнасцяў вёскі ў тым, што сёння ў ёй застаўся жыць... толькі адзін чалавек.


Вёска пусцее і, на жаль, гэта незваротны працэс. У снежні 2013 года ў нашай газеце выйшаў вялікі матэрыял пра Навасёлкі. Тады аўтар давала гістарычную даведку: «У 1929 годзе тут налічвалася 120 жыхароў, у 1997-м – 22 двары і 38 жыхароў, у 2013 годзе – 8 жыхароў». І, відаць, сёння варта дапоўніць гістарычную даведку тым, што на 1 студзеня 2022 года ў ёй пастаянна жыве толькі адзін чалавек.

novoselki-1


Навасёлкі – папулярная назва сярод вёсак Беларусі. У нашай краіне такую назву маюць больш за 100 населеных пунктаў. Кожны з іх адметны сваёй гісторыяй. Гісторыя ж вёскі Навасёлкі ў янаўскім краі сыходзіць углыб стагоддзяў. Паводле аднаго з паданняў, некалькі стагоддзяў таму ў суседняй вёсцы Атолчыцы жыў пан. Чымсьці не дагадзілі яму некалькі сялян і іх выселілі за межы вёскі. Так і пачала ўтварацца на новым месцы вёска, якую і назвалі Навасёлкі. У пэўны час насельніцтва вёскі дасягала некалькіх соцень чалавек. Так, паводле перапісу 1959 г., у вёсцы пражываў 201 жыхар. Тут працавала пачатковая школа, у якой у 1961 г. навучаўся 41 вучань.
Вялікая Айчынная вайна забрала жыцці некалькіх жыхароў вёскі. У 1974 годзе ў вёсцы Полкацічы быў усталяваны помнік 55 жыхарам вёсак Атолчыцы, Вілы, Каралін, Кротава, Навасёлкі, Полкацічы, Скарацічы, Закуцце, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Недалёка ад Навасёлак раней знаходзіўся мураваны храм, які ў розныя часы належаў праваслаўным (Атолчыцкая Пакроўская царква) і католікам (Касцёл Маці Божай Ружанцовай). Яго наведвалі і жыхары Навасёлак. Культавая ўстанова была пабудавана ў 17 стагоддзі як касцёл, у 1867 годзе яна была пераведзена ў праваслаўную канфесію. А потым зноў вернута католікам у 1923 годзе. Намаганнямі парафіян і ксяндза Дзімітровіча ў 1926 годзе касцёл быў адрэстаўраваны. Аднак пасля рэстаўрацыі яму давялося існаваць нядоўга: ён быў разбураны падчас другой сусветнай вайны. Сёння аб месцы, дзе стаяў храм, нагадвае толькі мемарыяльны камень з надпісам: «Здесь с XVI по середину XX вв. существовал христианский храм, в разное время относившийся к православной и католической конфессиям».
Адна з галін майго роду паходзіць з тых самых Навасёлак – там нарадзілася мая прапрабабуля Агаф’я Іванаўна Лазарчук (пасля шлюбу – Моўчан). Яе дачка і мая прабабуля Еўфрасіння Андрэеўна (па мужу – Рыжко) ўзяла шлюб у вёсцы Табулкі Пінскага раёна, дзе пражыла ўсё жыццё і пакінула нашчадкаў. Таму мне, ураджэнцу і жыхару сталіцы, з-за цікавасці да Навасёлак давялося пабываць у гэтай далёкай вёсцы двойчы. І асабліва плённай была другая паездка, якая адбылася ў 2020 годзе. Падчас яе мне давялося выпад-
кова пазнаёміцца з мясцовым жыхаром, які шмат расказаў пра вёску і яе жыхароў, а яшчэ аказалася, што ён ведаў, дзе жылі мае сваякі, і паказаў дакладнае месца, дзе стаяла хата, якой няма ўжо шмат дзесяцігоддзяў. Засталіся закінутымі і многія іншыя будоўлі ў вёсцы.
Час ідзе. Вёска Навасёлкі, на жаль, пусцее. Падобны лёс напаткаў многія вёскі раёна. З 16 населеных пунктаў аднаго толькі Моладаўскага сельсавета ў кожным чацвёртым жыве менш за 10 жыхароў: у Вілах – 9 чалавек, у Атолчыцах – 6 чалавек, у вёсцы Лысуха – 2 чалавекі, але меней за астатнія – у Навасёлках.
Спіс населеных пунктаў Іванаўшчыны з цягам часу змяняецца. Яшчэ жывуць у памяці жыхароў усходняй часткі раёна назвы вёсак, якіх ужо даўно няма на картах Беларусі. У кнізе «Памяць» Іванаўскага раёна сабраны назвы некаторых з іх. Каля Навасёлак зніклых населеных пунктаў нямала: вёска Кучавы ў 1980-х злілася з вёскай Моладава; Дзедавічы і Панцавічы ў 1980 годзе, а таксама Заазер’е ў 1978 годзе ўвайшлі ў склад Моталя; Закуцце і Скарацічы ў 1980 годзе зліліся з Полкацічамі; Пнюхі і Закалле зліліся з вёскай Псышчава; у 1-й палове XIX ст. перастала існаваць Росаш, а да рэформы 1861 года зніклі Багнаўцы (абодва населеныя пункты месціліся паблізу вёскі Моладава).
За кожным са зніклых населеных пунктаў – доўгая гісторыя, лёсы цэлых пакаленняў і соцень людзей, якія сёння раз’ехаліся па ўсім свеце. Аднак памяць аб малой радзіме працягвае жыць, як жывуць і добрыя ўспаміны аб вёсцы Навасёлкі Моладаўскага сельсавета Іванаўскага раёна. Сёння яе жыхары і іх нашчадкі таксама раз’ехаліся, аднак памяць аб маляўнічай вёсцы на ўсходзе янаўскага краю жыве ў іх успамінах.

novoselki-3

 Мікалай Заяц.
Фотаздымкі з архіва аўтара.