
Абноўлены мемарыял у Стрэльна
На мінулым тыдні ў вёсцы Стрэльна адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны адкрыццю абноўленага мемарыяла воінам-аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі раённай улады, сельскага выканаўчага камітэта, ААТ «Бакунова», навучэнцы Сачыўкаўскага ВПК д/с-СШ, старасты сельскіх населеных пунктаў, грамадскасць.
Як распавяла старшыня сельсавета Галіна Чулгунідзі, помнік, пабудаваны без малога паўстагоддзя таму, меў патрэбу ў рамонце. Таму сёлета Брэсцкім аблвыканкамам было выдзелена 15 тысяч рублёў са сродкаў рэспубліканскага суботніка на гэтыя мэты. Яшчэ каля 500 рублёў у добраўпарадкаванне ўнёс сельвыканкам.
Аднаўленчыя работы былі даручаны будаўнікам з ААТ «Бакунова».
– За гэтыя некалькі месяцаў мы абтынкавалі і пафарбавалі помнік, памянялі гранітныя таблічкі з імёнамі ахвяр вайны, адрэстаўравалі малыя архітэктурныя формы, – тлумачыць прараб гаспадаркі Дзмітрый Панасюк. – Затым добраўпарадкавалі тэрыторыю, праклалі дарожку, усталявалі агароджу, высадзілі туі, разбілі клумбы.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Дарагакупец адзначыла, што дзяржава надае сур’ёзную ўвагу захаванню помнікаў, брацкіх магіл і пахаванняў. Гэта ўсё дорага каштуе.
– Вельмі прыемна, што мы працягваем ушаноўваць удзельнікаў вайны – нашых дзядоў, прадзедаў, знаёмых, аднавяскоўцаў. Бо менавіта іх подзвіг прынёс нам мір і дабрабыт. Дык няхай да гэтых месцаў ніколі не зарасце народная сцежка, – рэзюмавала Алена Паўлаўна.
Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі вянкі і кветкі да помніка, ушанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
Валерый Міхальчук.