Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

...А песні нас чакаюць дома

vecher perepelkina 01“Плача ў жыце перапёлка. Нас збірае Перапёлкін,” – прыкладна так выказаўся пра дзейства, што адбывалася на сцэнічнай пляцоўцы раённага Цэнтра культуры і народных традыцый у мінулую пятніцу, паэт Мікола Панасюк.
Тут праходзіла святочная імпрэза, ініцыяваная і падрыхтаваная Валянцінам Перапёлкіным, падчас якой гучалі песні кампазітара, напісаныя на словы членаў літаб’яднання “Ясельда”, што дзейнічае пры раённай газеце “Чырвоная звязда”.

 

У зале прыглушаецца святло – і на вялізным экране высвечваюцца фотаздымкі, якія яскрава распавядаюць пра будні і святы рэдакцыйнай суполкі ў розныя гады яе існавання. Кожны з занатаваных фотатэхнікай кадраў – маляўнічы сведак жыццёвых падзей, людскіх лёсаў…
Пералістаўся чарговы здымак – спыненае  і ўвекавечанае імгненне: А. Т.Каўко, В.М.Міхальчук, А.М.Крэйдзіч – тры галоўныя рэдактары, тры пераемнікі, якія ўзначальвалі (апошні ўзначальвае і сёння) раёнку за час яе бытнасці – асобы шматгранныя, таленавітыя, творчыя. На жаль, мы ўжо ніколі не спаткаем Аляксея Трафімавіча ні на гарадскіх вуліцах, ні ў рэдакцыйным кабінеце, а вось з фотаздымкаў ён так хораша ўсміхаецца тым, хто перагортвае гэтыя фотадакументы, нібы і не было таго апошняга расстання. Чаргуюцца кадры, перапаўняюць сэрца ўспаміны – і ўсё гэта адбываецца на ненавязлівым фоне песні Валянціна Перапёлкіна, якую ён прысвяціў любімай газеце. Так хвалююча распачыналася канцэртная праграма…
Яна павінна была адбыцца яшчэ мінулай восенню ў рамках святкавання сямідзясятай гадавіны газеты, але жыццё ўнесла свае карэктывы…
Мерапрыемства, па словах галоўнага рэдактара штотыднёвіка Анатоля Крэйдзіча, які, дарэчы, і адкрыў творчую вечарыну, з’яўлялася своеасаблівай рэпетэцыяй да будучага юбілейнага канцэрта, прымеркаванага да пяцідзесяцігоддзя заснавання раённага літаратурнага аб’яднання, якое будзе адзначацца ў наступным годзе.
На свята завіталі прыхільнікі творчасці кампазітара, супрацоўнікі райгазеты, аўтары песенных тэкстаў. Адклаўшы шматлікія справы, на сустрэчу з песняй прыехалі шчырыя “ясяльдзяне” (сааўтары кампазітара) з Брэста ды Мінска.

vecher perepelkina 02

vecher perepelkina 03

 


 Аўтары слоў

Неаднойчы даводзілася чуць ад Валянціна Васільевіча, што кампазітар не адзіны і (заўважце!) не галоўны аўтар песні. А “галоўным”, па яго сцверджанні, з’яўляецца не хто іншы, як паэт. Як мне падаецца, пытанне гэта дыскусійнае, больш таго, на яго, пэўна, ніколі і не знойдзеш адназначнага адказу. Да прыкладу, у аўтара тэкстаў да песень Валянціна Перапёлкіна Надзеі Паліўка – уласнае меркаванне на гэты конт: яна аддае лаўры вяршынства ў песні… мелодыі.
- Словы – гэта цела песні, а музыка і выканаўца твора – душа і сэрца, - разважае Надзея Уладзіміраўна. – Ну, што было б з маім вершам без музыкі, прачыталі б людзі і забылі, а ў песні ён гучыць, жыве…
Падчас канцэрта прагучалі дзясяткі песень на словы аўтараў вышэйзгаданай Надзеі Паліўка, Лізаветы Саханчук, Валерыя Кухарчука, Уладзіміра Сітухі, Міколы Трафімчука, Міколы Панасюка і інш.
З любасцю распавядаючы пра сваіх сааўтараў, Валянцін Васільевіч узгадаў імя невядомага іванаўцам аўтара слоў да песні “Белы туман” Уладзіміра Харкевіча. Кампазітар паведаміў, што жыве гэты таленавіты чалавек ва Украіне, але сам - беларускі паляшук, а яго родныя жывуць у Іванаве і маюць самае непасрэднае дачыненне да райгазеты.
Сярод песень, што прагучалі падчас канцэрта, былі як узлюбленыя іванаўцамі творы, так і прэм’ерныя выкананні. Гэта песні пра каханне і вернасць, любоў да бацькоўскага краю, да самага роднага чалавека – маці, да свету і жыцця, рознапланавыя ў жанравых адносінах: ад інтымна- спавядальніцкіх і ўзнёсла-захапляльных да твораў драматычнага і нават трагічнага гучання.
Падчас вечарыны паэты ўзнёсла і красамоўна выказвалі шчырыя словы ўдзячнасці і пашаны кампазітару і выканаўцам песень.

vecher perepelkina 04

vecher perepelkina 05

 

 

Выканаўцы  

Данесці чароўную магію песні да слухача дапамаглі таленавітыя выканаўцы Лідзія Дабравольская (яна ж і аўтар слоў да песень), Тамара Калілец, Ларыса  Талатыннік, Марыя Чэкан, Таццяна Касянюк, Алена Утыра, ансамбль “Сланечнікі” чацвёртай гарадской школы і інш. А яшчэ сам кампазітар.
У кожнага артыста – свой непаўторна-адметны голас, свая манера выканання.
У кожнага – свой лёс і няпростыя моманты ў лёсе. Але ж жыццё без песні страчвае сваю прыцягальную сілу. Таму яны пяюць. Нягле-
дзячы на складаныя выпрабаванні. Магчыма, ад гэтага іх песня яшчэ больш хвалюючая, яшчэ больш пранізлівая.
З вялікім шкадаваннем гаварыў Валянцін Перапёлкін пра ансамбль “Сланечнікі”. Чаму са шкадаваннем? Справа ў тым, што таленавітыя выканаўцы Яніна Гац, Алена Антоненка, Вольга Андрановіч, Зоя Луцэвіч сёлета заканчваюць школу, таму, натуральна, калектыў распадзецца. Шмат душы і працы ўклала ў адораных вучаніц кіраўнік ансамбля Наталля Мароз, ведучы іх па прыступках музычнай лесвіцы.

vecher perepelkina 06

 

 

Кампазітар

Але ж цэнтральнай фігурай урачыстасці быў, без сумніву, кампазітар. Валянцін Васільевіч – асоба, натура звышадораная, неардынарная, чалавек глыбокага разумовага досведу, тонкага душэўнага складу.
Як праўдзіва зазначыў Анатоль Крэйдзіч, Валянцін Перапёлкін піша цудоўныя артыкулы ў газету, якія хвалююць надзвычайнай адкрытасцю, шчырасцю пачуццяў. Не менш кранальная і яго музычная творчасць.
Іграй пад пошум спелых траў,
Дзе звонкі ранак рдзее.
Сам Бог, відаць, цябе абраў
Для радасці, надзеі.

Іграй яшчэ, шпарчэй іграй.
Ад сэрца – гукі, словы.
Ты славіш песняй родны край,
Народ, Радзіму, мову.

Так імпэтна ўсхвалявана выказаўся пра музыку кампазітара Уладзімір Сітуха.
Яна пранізвае душу наскрозь, як пранізваюць холад альбо гарачыня.
Недасведчанаму ніколі не спасцігнуць той вялікай таямніцы, як у творчым працэсе ў слова ўдыхаецца музыка, надаючы гэтаму слову сілы крылаціць сэрцы. Нам застаецца толькі здагадвацца, якія з мелодый кампазітар выпакутаваў сам, а якія прыйшлі да яго аднекуль «зверху».

vecher perepelkina 07

 

Слухач

Дапаўняючы вышэйсказанае аб трох састаўляючых песні (аўтар слоў, кампазітар, выканаўца), хачу ўнесці матэматычную папраўку. Мне здаецца, каб песня адбылася, патрэбны чатыры (не тры) састаўляючыя. І гэтай, чацвёртай, павінен быць слухач. Песні цесна ў закутках душы аднаго толькі творцы ці выканаўцы – яна павінна нанізвацца на душы людзей, сваім эмацыйным зарадам прабіваць тоўшчу непрыступнасці, вызваляць душу, заціснутую пад заваламі жыццёвага друзу, ад таго невыносна пакутлівага, што абцяжарвае, прыгнятае.
Так было падчас канцэрта Валянціна Перапёлкіна: душа выпроствала крылы, прасвятлялася. Нарадзіліся наступныя радкі:

Непадробная шчырасць -
Песня!
Як жа ты плачаш балесна!
Як жа ты радуеш сэрцы!
Жыць не даеш ў паняверцы.

Святая Вялікасць – Песня!
Акрыленасць раніцы весняй,
Душы трапяткой спавяданне,
З красой і любоўю спатканне.

Вандроўніца вечная – Песня!
Табой спакусіцца - не грэшна.
Прымаю цябе, як прычасце.
О Песня! Чароўнае шчасце!

Валянціна Пуцыковіч, загадчык сектара аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, мяркуючы, што выказвае ўражанне аб вечарыне ўсіх прысутных, прызналася, што песня, як рэнтген, прасвечвала душу. Жывую, якая ўмее захапляцца, радавацца, пакутаваць. Падчас канцэрта штось “роднае, шчымлівае” шчымела пад сэрцам, яно з’яднала людзей, зрадніла, успомнілася дзяцінства, матуля…

vecher perepelkina 08

Ірына САЛОМКА.