Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

"Ад мінулага – да будучыні"

Количество просмотров:

tyshkoviciСвята вёскі пад такою назваю зладзілі для сяльчан у мясцовым Доме культуры  супрацоўнікі Тышкавіцкай сельскай бібліятэкі, Дома культуры, Тышкавіцкай сярэдняй школы і філіяла Мотальскай дзіцячай школы мастацтваў.
Вядучыя Іна Данілевіч і Алёна Бондар нагадалі шматвекавую гісторыю роднай вёскі, якая вядзе свой адлік па адных звестках ад 1502 года, а па другіх – ажно ад 1398-га. Духоўная еднасць дапамагала выжыць у ліхалецці, а жыватворны фальклор заўсёды падтрымліваў  у хвіліны адчаю.


Фальклорна-этнаграфічны калектыў “Знаходка”, якому хутка споўніцца сорак гадоў, мілагучна адкрываў таямніцы свайго доўгалецця. Радавалі сэрца песні і другога мастацкага калектыву – “Жураўка”. Прыемна ўразіла выступленне педагагічнага калектыву Тышкавіцкай школы, які ў вершаванай форме прадставіў летапіс сваёй навучальнай установы.
Пашаны і ўвагі быў удастоены былы дырэктар школы Іван Сцяпанавіч Шпак – чалавек, неабыякавы да гісторыі роднага краю, з-пад пяра якога выйшлі ў свет тры кніжкі: “Тышкавічы: учора і сёння”, “Часоў былых і новых сувязь”, “Тышкавічы – класіка палескага фальклору”. Былі ўшанаваны самы пажылы і самы маленькі жыхары вёскі. Гэта Таццяна Ціханаўна Бартош і Насценька Мацукевіч. Падарунак ад Мотальскага сельвыканкама за добраўпарадкаванасць свайго двара і прылеглай вуліцы атрымала сям’я Мікалая Андрэевіча і Марыі Якаўлеўны Аніскавец. А мнагадзетная сям’я айца Георгія і матушкі Таццяны (Кузьмінчук) падарыла гледачам уласны маленькі канцэрт.
На пытанні вядучых адказалі тыя маці, якія ў апошнія гады былі ўдастоены звання “Жанчына года”. У іх ліку Ала Іванаўна Каткавец (у намінацыі “За поспехі ў выхаванні дзяцей”), Зінаіда Ігнатаўна Бартош (“За актыўную грамадскую дзейнасць”), Соф’я Андрэеўна Новік (“За паспяховы дэбют у бізнесе”). Усе адзначаныя жанчыны атрымалі кветкі ад дырэкцыі ААТ "Тышкавічы-Агра".
На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі песні на словы яшчэ аднаго тышкаўца Васіля Сцяпанавіча Каткаўца, загадчыка Любаньскага аддзела культуры Мінскай вобласці.

Ала МАРЗАН.
НА ЗДЫМКУ: момант свята.  Фота аўтара.