Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Алея знакамітых землякоў з'явілася ў гарадскім парку

Количество просмотров:

Незвычайная культурная падзея адбылася першага верасня ў гарадскім парку. Шматлікія госці і мясцовыя жыхары сталі сведкамі нараджэння цікавага арт-праекта
«Алея знакамітых землякоў».

Восем майстроў-разьбяроў па дрэве з розных куткоў нашай краіны з'ехаліся да нас, каб прыняць удзел у абласным пленэры разьбяроў і стварыць скульптуры знакамітых асоб, якія праславілі Іванаўшчыну і пакінулі значны след у гісторыі айчыннага і сусветнага мастацтва і літаратуры. Гэта пісьменнікі Ян Пратасовіч, Фёдар Дастаеўскі, Аляксей Каўко і Змітро Віталін, фалькларыстка Марыя Саковіч, мастакі Францішак Бруздовіч, Марыя Андрэйковіч-Бутаўт і Анатоль Рубановіч. Працаваць над работамі майстры пачалі дваццатага жніўня. Перш чым прыступіць да стварэння скульптур, разьбяры знаёміліся з біяграфіяй сваіх герояў. Рабілася гэта дзеля таго, каб падкрэсліць цікавыя факты з жыцця. Так, скульптура Ганаровага жыхара Іванаўскага раёна, былога галоўнага рэдактара раённай газеты Аляксея Каўко была зроблена ў выглядзе хлопчыка з кнігай у руках, таму што свае першыя творы ён напісаў яшчэ будучы юнаком. Мастак Анатоль Рубановіч трымае ў руках фарбы і пэндзлік, пісьменнік Фёдар Дастаеўскі – пяро.

Адкрываючы «Алею знакамітых землякоў» старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Дарагакупец адзначыла, што падчас падрыхтоўкі Дня беларускага пісьменства кіраўніцтва раёна імкнулася зрабіць адно вялікае свята для ўсіх жыхароў і шматлікіх гасцей:
– Паглядзіце, якая прыгажосць вакол. У парку з'явілася сучасная спартыўная пляцоўка, бегавая і веладарожка. Цэнтральная алея стала сапраўды культурнай, творчай. У выніку абласнога пленэра створаны скульптуры нашых знакамітых землякоў. Ад імя раённай улады хачу выказаць словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел у стварэнні гэтых вобразаў. Веру, што гарадскі парк стане наведваемым аб'ектам.  
Дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук, у сваю чаргу, выказала словы падзякі ў адрас раённай улады:
–  Штогод мы ладзім пленэр у тых раёнах, дзе кіраўніцтва зацікаўлена ў зберажэнні гісторыі свайго краю, сваіх знакамітых землякоў. Віншую ўсіх прысутных з гэтай падзеяй. Веру, што творчая моладзь будзе як мага часцей наведваць гарадскі парк і ганарыцца сваім родным краем.
Пасля афіцыйнага адкрыцця вядучыя азнаёмілі прысутных з кожнай скульптурай, паведаміўшы пра гісторыю жыцця герояў, чые фігуры размясціліся на культурнай алеі.

Анастасія ЦАЛЮК.
Фота аўтара.