Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Асалода ад «Асалоды»

Количество просмотров:

Даніну пашаны малой радзіме кожны аддае па-свойму, па-свойму праяўляе клопат пра яе. Адны мацуюць яе пазіцыі і аўтарытэт, добрасумленна несучы службу на дзяржаўнай мяжы, другія памнажаюць яе дабрабыт, засяваючы нівы жыватворным зернем, трэція ўслаўляюць яе непаўторную красу натхнёнай песняй.

З 2008 года, часу заснавання, ушаноўвае палескі куточак, меладычна распавядае пра яго землякам з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама жыхарам іншых краін народны ансамбль песні “Асалода” Іванаўскага РЦКіНТ. У складзе калектыву зладжана дзейнічаюць вакальная і аркестровая групы.

Дзе б ні гастралявалі артысты, публіка заўжды прымае іх надзвычай цёпла, уражаная самабытнасцю, высокім выканальніцкім майстэрствам, разнастайнасцю і вытанчанасцю рэпертуара, у якім пераважаюць яркія, каларытныя беларускія песні.
Адметны голас артыстаў на поўную моц гучыць падчас раённых мерапрыемстваў. Нядаўна яны вярнуліся з творчай вандроўкі на Кобрыншчыну, дзе давалі сольны канцэрт. Сапраўдным святам выступленні калектыву з’яўляюцца для адпачываючых у санаторыі “Алеся”. Традыцыйнымі сталі гастрольныя туры ў польскі горад Янаў-Падляскі. У мінулым годзе радасць ад судакранання з музычна-песеннай творчасцю “Асалоды” атрымалі госці абласных “Дажынак” у Давыд-Гарадку.
Ансамбль прымае ўдзел у прэстыжных конкурсах і фестывалях. Так, летась невычэрпны талент яго ўдзельнікаў, самаахвярнае служэнне мастацтву былі высока ацэнены журы абласнога фестывалю “Ляці, наша песня!”, які ладзіўся ў Пружанах.
Напружанымі, насычанымі сустрэчамі з гледачамі абяцаюць быць будні творцаў і надалей. Калектыў плануе ажыццявіць шмат цікавых творчых задумак, днямі ён атрымаў запрашэнне на юбілейную вечарыну Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
Кожны з артыстаў (іх 17 чалавек) уносіць свой неацэнны ўклад у агульны поспех, кожны ўдзельнік – асоба шматгранная, таленавітая, але творчым натхняльнікам, “рухавіком” ідэй “Асалоды”, несумненна, з’яўляецца яго мастацкі кіраўнік Васіль Гарох, які карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай не толькі ў калектыве, але і ў высокім кіраўніцтве. Яскравае сведчанне таму – Ганаровая грамата за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё культуры Брэсцкай вобласці і па выніках работы за 2017 год галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

Ірына САЛОМКА.
Фота аўтара.