Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Беларускае карэнне і расійская крона

Количество просмотров:

dostoevo 1Шаноўныя сябры «Янаўскага краю»!  Сёння мы пачынаем новы праект “Людзі і кнігі”, прысвечаны Дню беларускага пісьменства, які прыйдзе ў Янаў-Іванава ў верасні наступнага года.  Год – не такі ўжо й працяглы час, як здаецца. Таму мы вырашылі доўга не цягнуць і распачынаць праект адразу пасля таго, як нам афіцыйна і ўрачыста была перададзена эстафета свята ў Полацку.  Мы плануем бліжэй пазнаёміць чытача з аўтарамі, мясцінамі, установамі, якія складаюць падмурак нашай літаратурнай, культурнай, гістарычнай спадчыны. Праект не задумваецца аўтарскім. У ім будуць удзельнічаць як прафесійныя журналісты, так, спадзяемся, і нашыя пазаштатныя аўтары і чытачы. Давайце разам пакажам духоўнае багацце роднага кутка найперш самім сабе, перш чым яго ўбачаць госці, якіх чакаем 2 верасня наступнага года.
А пачынаем новы праект артыкулам пра літаратурна-
краязнаўчы музей Дастоеўскай сярэдняй школы імя Фёдара Дастаеўскага.

Пачнем з даведкі

Шмат год назад быў сведкам спрэчкі двух аспірантаў Інстытута гісторыі – магілёўца і берасцейца. Берасцеец, хоць і быў аспірантам-гісторыкам, але заканчваў філфак па спецыяльнасці «беларуская філалогія і гісторыя». Магілёвец з доляю пагарды папытаў, што дало яго субяседніку вывучэнне філалагічных дысцыплін. Той адказаў: “Я прачытаў усяго Дастаеўскага”. Больш пытанняў не было…
Аднак не будзем займацца самападманам і меркаваць, што сярод нас шмат тых, хто грунтоўна знаёмы са спадчынай Фёдара Міхайлавіча. Я і сам такі: некалькі месяцаў назад мо ўпершыню са студэнцкіх часоў выхапіў урывак з “Преступления и наказания”, а так больш чытаў Дастаеўскага ў цытатах розных даследчыкаў. Прыкра, але што зробіш. Таму некалькі слоў пра яго месца ў гісторыі сусветнай літаратуры.
Фёдар Дастаеўскі – класік рускай літаратуры, творчасць якога каштоўная не проста сама па сабе, але і тым уплывам, які яна аказала на сусветную літаратуру. Пакінуў прыкметны след у літаратуры найперш так званым “Вялікім пяцікніжжам”, у якое ўваходзяць раманы “Преступление и наказание”, “Идиот”, “Братья Карамазовы”, “Подросток”, “Бесы”.
У маладосці быў удзельні-кам рэвалюцыйнага кола пад агульнай назвай “петрашэўцы” (па імю свайго кіраўніка Міхаіла Петрашэўскага). Пазней светапогляд змяніўся. Адзіным ідэалам для Дастаеўскага праз усё жыццё быў  Хрыстос. Пісьменнік стаў рэлігійным кансерватарам і прынцыповым манархістам. Параўноўваючы светапогляд двух самых вялікіх рускіх пісьменнікаў другой паловы ХІХ стагоддзя – Дастаеўскага і Талстога – даследчыкі часам супрацьпастаўляюць іх наступным афарызмам: “Талстой ішоў ад Бога да д’ябла, Дастаеўскі – ад д’ябла да Бога”…
…Сёння Дастаеўскі актуальны ў асяроддзі расійскіх інтэлектуалаў-кансерватараў, што бачаць у Фёдары Міхайлавічы  аўтарытэтнага філосафа расійскай дзяржаўнасці, якая, згодна яго ўяўленням, магла адбыцца на трывалым нацыянальна-рэлігійным падмурку.
А зараз – пра беларускі след у радаводзе пісьменніка.

dostoevo 2

 

“І без жалю капытамі конь казацкі тут ступаў…”

Назваць Дастаеўскага беларускім пісьменнікам – тое самае, што Пушкіна – вялікім эфіопскім. Але памятаць пра карэнні яго роду, пра звязанасць з нашай зямлёй – гэта значыць узбагаціць даследчыцкую скарбніцу пра вялікага пісьменніка.  
Упершыню Дастоева ў Літоўскай метрыцы – зборы дакументаў канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага – згадваецца ў 1452 годзе.  У 1506 го-дзе пінскі князь Фёдар Іванавіч выдаў прывілей на валоданне землямі ў ваколіцах Дастоева Данілу Рцішчаву. Яго сыны ўжо ўзялі прозвішча Дастаеўскіх. Сваю сядзібу сям’я збудавала на ўсход ад сучаснага Дастоева.
Страшны час пачаўся для шляхецкіх сядзіб у 1648 го-
дзе, калі Багдан Хмяльніцкі пачаў “экспарт рэвалюцыі” на беларускія землі. “І без жалю капытамі конь казацкі тут ступаў”, – так пісаў пра трагічную старонку ў беларускай гісторыі Якуб Колас у сваёй паэме “Сымон-музыка”. Не адзін раз дратавалі беларускую зямлю казацкія коні.
Раскопкі сядзібы, праведзеныя пад навуковым кіраўніцтвам дацэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандра Башкова, паказалі, што яна загінула па-геройску, вытрымаўшы цяжкі бой з казакамі, якіх прывёў на Палессе Антон Нябаба.  
Пасля знішчэння сядзібы Дастаеўскія не мелі сродкаў яе аднавіць і пакінулі родныя мясціны. На працягу стагоддзяў ніводзін Дастаеўскі, у тым ліку і Фёдар Міхайлавіч, не з’яўляўся на зямлі продкаў. Хаця памяць пра карані ў радзіне захоўвалася, пра што сведчыла жонка пісьменніка, якая прыводзіла словы мужа пра тое, што ён паходзіць “з Літвы”.
Літва ў часы Дастаеўскага – гэта сённяшняя Беларусь, славянская краіна з гераічным мінулым, якая воляю гісторыі стала часткаю Расійскай імперыі. Прыналежнасць да той гістарычнай Літвы, да яе шляхты – крыніца гонару для многіх тагачасных жыхароў імперыі.   

dostoevo 3

Аднаўленне памяці

А цяпер – у нашы часы. Ідэя стварэння літаратурна-краязнаўчага музея ў Дастоеўскай школе з’явілася даўно (правобразам музея можна лічыць куточак, аформлены настаўніцай Людмілай Раманавай). Вялася даследчыцкая работа, збіраліся артэфакты.  Завязалася перапіска ўнука Дастаеўскага, Андрэя Фёдаравіча Дастаеўскага, з былым дырэктарам школы Мікалаем Паўлавічам Раманавым. Адшукаліся цікавыя звесткі пра сувязі Дастоева з родам Дастаеўскіх. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы матэрыялаў музея прынялі былы настаўнік, апантаны краявед Іван Сямёнавіч Крапчук, настаўніца Алена Мікалаеўна Мацукевіч, былы ўдзельнік партызанскага руху Мікалай Аляксандравіч Кухарчук, дырэктар школы Вячаслаў Андрэевіч Ткачук.
І вось у 1982 годзе музей быў афіцыйна адкрыты. За час існавання яго наведалі госці амаль з усіх краін Еўропы, Кітая, Ізраіля. Найбольш частымі гасцьмі, зразумела, з’яўляюцца расіяне. А літаральна некалькі дзён таму музей наведаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Васільевіч Ліс. Музей стаў пераможцам рэспубліканскіх аглядаў літаратурна-краязнаўчых музеяў, узнагароджваўся шматлікімі граматамі, заносіўся на раённую Дошку гонару па выніках 2010 года.
З 2009 па 2013 год  захавальнікам фондаў музея быў Анатоль Іосіфавіч Бурак, які зрабіў велізарны ўнёсак у развіццё музея. У час яго работы пры фінансавай падтрымцы райвыканкама была значна пашырана экспазіцыя музея, найперш тая яе частка, якая непасрэдна была прысвечана Фёдару Дастаеўскаму. Дзякуючы энтузіязму Анатоля Іосіфавіча, музей завязаў кантакты і з нашчадкамі роду, і з даследчыкамі жыцця і спадчыны Дастаеўскага.
Анатоль Бурак задоўга да таго, як узначаліў музей, далучыўся да краязнаўчай работы, быў у ліку названых вышэй краязнаўцаў. Чалавек выдатнага эстэтычнага густу, сам афармляў экспазіцыю музея. Сёння праўдзівай яе аздобай з’яўляецца партрэт Дастаеўскага, выкананы Бураком.
Гаворачы пра музей, нельга некалькі слоў не сказаць пра ідэю аднаўлення сядзібы. Яе парэшткі існавалі да 1960-х гадоў. Анатоль Бурак неяк згадваў, што ў дзяцінстве разам з сябрамі любіў гуляць на тых развалінах, залазіць на разваліны моста або ў склеп. У час меліярацыі ўсё гэта было знішчана. Мара Анатоля Іосіфавіча пра аднаўленне сядзібы так і засталася марай да нашых дзён. Сёння зноў ўзнікла асцярожная надзея на рэанімацыю ідэі аднаўлення за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У гэтым зацікаўлена і кіраўніцтва Іванаўскага райвыканкама, якое заўсёды падтрымлівала ініцыятывы па захаванні памяці роду Дастаеўскіх, а таксама многія жыхары Дастоева і Іванаўскага раёна.
Едучы ў госці,  мы ведалі, што якраз у час нашага прыезду будзе праходзіць знаёмства з музеем першакласнікаў гэтага года, таму прыхапілі для іх невялікія сувеніры – магніты з выяваю помніка Фёдару Міхайлавічу. Развітаўшыся з дзеткамі, працягнулі размову пра стан музея з дырэктарам Дастоеўскай школы Сяргеем Шпакоўскім і цяперашнім захавальнікам фондаў музея Валянцінай Пуцыковіч. Сёння ў музеі – больш за тры тысячы экспанатаў, сярод іх праўдзівыя рарытэты – прыжыццёвыя выданні і фотаздымкі Дастаеўскага. Без перабольшання, гэты сціплы школьны музей можа даць фору многім сучасным зборам, перапоўненым копіямі і муляжамі. Канешне, калі адбудзецца цуд аднаўлення сядзібы роду, можна прагназаваць, што школьны музей збяднее. Але ж у агульнай справе захавання памяці гэта трэба ўспрымаць як непазбежную ахвяру ў імя агульнай высакароднай справы – захавання памяці шляхецкага роду, які даў сусветна вядомага пісьменніка.
Зроблена нямала.  Але многае ў вывучэнні беларускіх каранёў роду Дастаеўскіх яшчэ чакае свайго асэнсавання.

Ігар Гетман.   
Фота аўтара.