Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

«Беларускае слова будзе жыць!»

Количество просмотров:

vercinski 1Эпоха Адраджэння прынесла свету вялікія дасягненні. З іх, напрыклад, адкрыццё Амерыкі (1492) Хрыстафорам Калумбам зрабіла магчымым падзел свету на Стары і Новы, а выданне 6 жніўня 1517 года кнігі «Песня царя Давыда еже словуть Псалтыръ» палачанінам Францыскам Скарынам у Празе садзейнічала і надалей культурнаму прагрэсу на беларускіх, землях. Да гэтай вялікай даты ў гісторыі сучаснай Беларусі мы пагаварылі з Анатолем Вярцінскім – беларускім паэтам, драматургам, публіцыстам, крытыкам, перакладчыкам, які, безумоўна, ганарыцца подзвігам Ф. Скарыны і жыве надзеяй, што беларускае слова, беларуская кніга будуць жыць заўжды.

«Больш, чым трэба…»

Спрабуючы адказаць на пытанне аб спазнаным і перажытым за свае 85 год, вядомы пісьменнік адказаў лапідарна, але ёмка: «Больш, чым трэба для аднаго чалавечага жыцця». Сапраўды, розныя эпохі даволі хутка змянялі адна адну – перадваенная, ваенная, пасляваенная, хрушчоўская адліга, брэжнеўскі застой, перабудова… Бацька, Ілля Арцёмавіч, сельскі фельчар, прайшоў Вялікую Айчынную і вярнуўся жывым. Маці, Александрына Рыгораўна, працавала ў калгасе. На плячах бацькоў было чацвёра дзяцей – Анатоль, Лідзія, Франя, Уладзімір. У жыцці Анатоля Ільіча Вярцінскага, як вынікае з нашай размовы, заўсёды міжвольна прысутнічае параўнанне – як было раней і як адбываецца цяпер, бо многае змянілася з пары дзяцінства і маладосці. «Усялякі раз, калі раніцай запальваю пліту, каб нагрэць ваду ці нешта зварыць, успамінаю, як гэта было ў часы майго дзяцінства. Зараз цыркнулі запалак – адразу з’явіўся агонь! Падлеткамі ж мы з братам Валодзем ездзілі ў лес па дровы, пілілі бярозу. Вось так няпроста здабываліся цяпло і агонь, на якім пасля рыхтавалася ежа. Асабліва запомнілася, як на кляновым лісці «маці з сваёй урачыстай усмешкай» выпякала хлеб.
«Яшчэ вельмі добра помню, як вучыўся араць. Было мне недзе  адзінаццаць-дванаццаць год. Дзед падарыў мне маладое жарабя, і зразумела, яму было цяжка цягнуць плуг. Я падганяў свайго коніка, ён адразу пачынаў бегчы. Адным словам, і сам добра не ўмею, і вучу араць няўмеку. Вучымся – і мучымся. Нават даходзіла да слёз. Сёння прагрэс імкліва аддаляе людзей ад прыроды. Паехаць у лес, каб згатаваць шашлыкі – гэта адно. А вось жыць жыццём прыроды, зменамі, якія адбываюцца ў ёй,  –зусім іншая справа».

Дарога да ведаў

Да  пачатку Вялікай Айчыннай вайны А. Вярцінскі (нар. у 1931 годзе) паспеў толькі закончыць першы клас у роднай вёсцы Дзямешкава, пасля 1945 г. «хадзіў па веды» ў суседнюю вёску, дзе мясцілася сямігодка, сярэднюю школу заканчваў у мястэчку Камень. Даводзілася адольваць шлях у 9-10(!) кіламетраў. «Прачынаешся раніцай, каб сабрацца ў школу, а маці ўжо скрабе бульбу на сняданак. А потым ідзеш за тымі самымі ведамі, часам зімовай непратаптанай дарогай. Вучыўся добра. Скончыў школу на «выдатна», універсітэт – «з адзнакай».
Кніга, мяркуючы са слоў пісь-менніка, была заўжды надзейным сябрам і «аддушынай». «Маці казала, што пісаць я навучыўся хутка, а вось чытаць атрымлівалася неадразу, але калі «зачытаў», то перачытаў усе кнігі, якія былі ў вёсцы. У асноўным гэта была класіка. Пры газавай  лямпе прачытаў «Дон Кіхота», «Востраў скарбаў», «Ціхі Дон», «Вайну і мір». Адразу пасля вайны ў мясцовай хаце-чытальні з’явіліся беларускія аўтары – Янка Купала, Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў і Янка Брыль, Пімен Панчанка. Яны былі, можна сказаць, маімі першымі літаратурнымі настаўнікамі, іхнія творы падштурхнулі ўзяцца за пяро. Ці не самы моцны ўплыў, памятаю, аказалі паэзія А. Куляшова і сваёй жывой мовай апавяданні Янкі Брыля.

На Берасцейшчыне

Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі БДУ (1956) А. Вярцінскі паехаў працаваць у Давыд-Гарадок на Століншчыну. Чаму якраз туды? Бо там, у мясцовай газеце «Сцяг Леніна», працаваў яго таварыш па вучобе – Павел Андрэевіч Місько (1931 – 2011). Дарэчы, заўважым, большасці ён вядомы як дзіцячы пісьменнік, а ён насамрэч і таленавіты раманіст, і перакладчык. Разам з А. Вярцінскім ён пачынаў друкавацца ў студэнцкай газеце. «Вось ён і з'агітаваў мяне прыехаць на Берасцейшчыну, што я і зрабіў, хаця меў афіцыйнае накіраванне ў іншую газету. Працаваў загадчыкам аддзела пісем. Як толькі і чым толькі ні даводзілася ездзіць па палескім бездарожжы, каб правяраць чытацкія лісты, здабываць матэрыял для газеты. Праз нейкі час узнікла жаданне перайсці ў берасцейскую абласную газету, дзе я таксама друкаваўся. Але атрымалася так, што з-за адсутнасці вакансій пэўны час давялося яшчэ папрацаваць у камянецкай раённай газеце. Запомніліся веласіпедныя падарожжы па Камянеччыне, у тым ліку па мясцінах, дзе пачынаецца Белавежская пушча». Мяркую, што пад час гэтай журналісцкай працы, пісаліся не толькі розныя заметкі і нарысы, але і вершы, у якіх лірычны герой выказвае свой эмацыйны стан, у прыватнасці пачуцце закаханасці. Прывяду хаця б наступныя радкі: «Пайшло яно – // Незваротнае, // Як час, як само жыццё. // Глядзім услед, гаротныя: // «Бывай, бывай, пачуццё!» // Думалі, што ты вечнае, // Што нам любіць і любіць. // А выйшла так недарэчна, // Што горай не можа быць».

vercinski 2

 

Сябры, калегі

Тых, з кім А.І. Вярцінскі мог быць асабліва шчырым, каб абмеркаваць любыя тэмы, пачынаючы ад асабістых да грамадска-палітычных пытанняў, было няшмат. Анатоль Вярцінскі меў добрыя сяброўскія адносіны з Васілём Быкавым. «Я працаваў у «Літаратуры і мастацтве», ён – у «Гродненскай праўдзе». Часта ездзіў да Быкава, падоўгу гутарылі з ім. Я пісаў пра яго творы, пра яго мастакоўскую і чалавечую адметнасць. Згадаю, да прыкладу, сваю «Оду магчымасцям мірнага жыцця, або Штрых да партрэта Васіля Быкава». Калі пісьменнік стаў аб’ектам разноснай, паклепніцкай крытыкі, мы з Генадзем Бураўкіным звярнуліся ў ЦК КПБ з лістом-пратэстам. Са студэнцкіх гадоў сябравалі з Нілам Гілевічам. І ў чалавечым, і ў творчым, і ў грамадзянскім плане. Мне цяпер яго вельмі не хапае».
Напэўна, мала хто ведае, што менавіта па ініцыятыве дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання Ніла Гілевіча і Анатоля Вярцінскага, была прынята пастанова наконт свята – Дня Беларускага пісьменства, якое сёлета сустракае Полацк – малая радзіма нашага першадрукара Францыска Скарыны, а ў наступным, 2018 годзе, будзе праводзіцца ў нашым родным горадзе.

Думкі наўздагон

Пяцьсотгадовы досвед кнігадрукавання, які маем мы, беларусы, адна з важных прычын, каб ганарыцца нашай гісторыяй, у якой былі розныя моманты. Францыск Скарына – гэта адназначна ўнікальная постаць. Біяграфія беларускага першадрукара – шчаслівае супадзенне магчымасцяў і жаданняў. Акрэсліваючы ролю друкаванага слова, варта згадаць хаця б некаторыя моманты: стагоддзе таму, на пачатку ХХ ст., газета «Наша ніва» была важным асяродкам беларускага кнігадрукавання: на яе старонках жыло і гучала слова Якуба Коласа, пэўны час рэдактарам «Нашай нівы» быў Янка Купала, газета спрыяла выданню адзінага зборніка Максіма Багдановіча «Вянок» (1914). Даўно ідзе пагалоска, што, нібыта, магчымасці друкаванага слова вычарпаны. Сапраўды, век камп’ютара надышоў, мы карыстаемся магчымасцямі ХХІ стагоддзя – стагоддзя высокіх інфармацыйных тэхналогій. Наша задача, з аднаго боку, зрабіць усё магчымае, каб не страціць чалавечнасць, галоўную прыкмету духоўнасці грамадства, з другога боку, як дапаўняе А. Вярцінскі, зрабіць усё магчымае, каб роднае слова не стала экзотыкай. Развітваючыся пасля цікавай і змястоўнай размовы, Анатоль Вярцінскі прамовіў сваё пажаданне-надзею ў тое, што беларускае слова, беларуская кніга будуць жыць ЗАЎЖДЫ! Хай яно так і будзе!

Гутарыла Наталля ГЕТМАН.