Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Без межаў

Количество просмотров:

Па хрусткіх студзеньскіх снягах акурат у той блаславёны  час, калі лунаюць над горадам нашым пранікнёныя песнапенні ў гонар Святога Богаяўлення і звонкай радасцю плешчуцца іардані, прыходзіць да нас міжрэгіянальны фестываль “Фальклор без межаў”.

Адзінаццаты раз сустракалі гэтае шыкоўнае свята янаўцы. У актавай зале раённага Цэнтра культуры і народных традыцый у гэты дзень было надзвычай шматлюдна. Сцэна, стылізаваная пад зімовую вуліцу з прыцярушанымі срэбрам шэрані дрэвамі, велічнымі купаламі храма, азоранымі святлом Віфлеемскай зоркі, нагадвала пра Раство Хрыстова, пра святыя вечары, абуджаныя ўзнёслым спевам калядоўшчыкаў.
Усхвалявана, благагавейна гучала Малітва Гасподня ў выкананні народнага акадэмічнага хору РЦКіНТ пад кіраўніцтвам Валерыя Ткачука, якой распачалася ўрачыстасць. Сэрцы гледачоў горача адклікаліся на гэты малітоўны зварот да Айца Нябеснага, напаўняючыся мірным духам, светлым настроем спадзявання на збаўленне людства ад пагібелі вечнай, якое прыйшло разам з Нара-
джэннем Хрыстовым.
Жыхароў і гасцей Іванаўшчыны сардэчна вітаў благачынны цэркваў Іванаўскай акругі іерэй Уладзімір Камкоў, падкрэсліўшы, што ў наш век глабалізацыі, калі сціраюцца культурныя адрозненні паміж этнасамі і народамі, вельмі важна захаваць унікальнасць, нацыянальную адметнасць, што і засведчвае фестываль “Фальклор без межаў”.

Fest2
Fest3
Fest4
Fest5
Fest6
Fest7
Fest8
Fest9


Шмат дарог і сцежак вялі артыстаў на свята. У ім бралі ўдзел мастацкія калектывы з розных рэгіёнаў Беларусі і суседніх краін: Украіны, Расіі, Польшчы. Ліліся вольна песні народнага фальклорнага ансамбля “Дебряночка” з Бранска (фота 1), мужчынскага хору “Куранты” з польскага горада Бельск-Падляскі, фальклорнага гурта “Вэрбычэнька” з украінскага сяла Любязь (фота 4), народнага ансамбля Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў “Грамніцы”, народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фолк-групы “Ягорава Гара” з Гомеля, народных ансамбляў народнай песні і музыкі “Люлечка” з Асіповіч (фота 2), “Прымакі” з Лунінца, калектыву мастацкай сама-
дзейнасці Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі “Зоркі Туркменістана”. Свой адметны голас да паліфаніі фестывалю далучылі іванаўскія гурты: Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні “Палешукі” (фота 3), народны ансамбль народнай песні “Ярыца”, вакальны ансамбль “Янаўскія чараўніцы”, народны ансамбль песні “Асалода”. Аздобілі канцэртную праграму харэаграфічнымі і тэатралізаванымі кампазіцыямі тэатр танца “Smile”, народны ансамбль танца “Янаўцы”, тэатр гумару “Лабуры”.
Мовай музыкі і песні артысты распавядалі пра па-
дзею нараджэння Боскага Немаўляці, пра шчодрыя вечары з пажаданнямі гаспадарам здароўя і дабрабыту, каханне “під калыною на всэ жыття”, кУма з кумою, якія “ўсю ночку кушалі бліночкі”, пра няўдалага кавалера, які паехаў да дзеўкі сватацца, ды застаўся з гарбузом, небараку прымака і інш.
У гэтыя моманты лагодай свяціліся твары гледачоў і артыстаў, адыходзілі прэч мітусня, жыццёвыя згрызоты і непаразуменні – мастацтва сваёй чароўнай сілай лучыла людзей, нараджала давер і згоду.
Гэтая ўсеагульная ўзрушанасць гучала і ў звароце да іванаўцаў і гасцей горада старшыні Іванаўскага райвыканкама Юрыя Бісуна.
– Пачаўшыся з мясцовага фальклорнага свята ў Тышкавічах, – адзначыў Юрый Юр’евіч, – фестываль з году ў год пашыраў межы і перарос у міжрэгіянальны. Ён збірае шмат людзей, якія імкнуцца зберагаць  нацыянальную  культуру, што застаецца ў спадчыну ад пашанотных продкаў. Хто не ведае вытокаў сваіх, той не мае будучыні. Цудоўна, што ёсць такія калектывы, якія прапагандуюць нацыянальныя каштоўнасці, потым пераемнікамі будуць дзеці, унукі. Фальклор не мае межаў, як не мае межаў шчырае сяброўства.  І наш фестываль – таму пацвярджэнне.
Пад меладычныя спевы кіраўнікам калектываў прыпаднеслі духмяныя караваі – дар гасціннай Янаўскай зямлі.

Анастасія ЦАЛЮК.
Фота аўтара.