Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Бязмежны свет. І кніга. І натхненне…

Количество просмотров:

psyschevo 1З першых дзён жыцця перад дзіцяткам рассцілаецца неспазнаны свет, які напачатку абмежаваны утульнай калыскай, цёплымі мамінымі рукамі, лагоднай усмешкаю бацькі. Пазней далягляды гэтага свету пашыраюцца да памераў роднай хаціны, падворка з роснаю сцежкай, цнатлівым румянцам трапяткіх арабін. Па меры сталення чалавек усё больш яскрава ўсведамляе, што навакольны свет, аказваецца, увогуле не мае межаў, жыцця не хопіць, каб адкрыць для сябе яго зачаравальную глыбіню і шыр, шматабяцальныя перспектывы, непаўторнае хараство краявідаў. Але адвечная прага пазнання, закладзеная ў сэрцы, прымушае шукаць адказы на шматлікія пытанні аб неразгаданых таямніцах светабудовы.
І тады на дапамогу прыходзіць кніга, мудрая і ўсёведная. На яе даверлівых старонках знаходзім і “след гісторыі”, і рэаліі сучаснасці, і дапытлівыя пошукі будучыні. З кнігай набіраемся вопыту, узрастаем духоўна, натхняемся яе пранікнёным расповедам.

 На працягу 70 гадоў дорыць людзям святло друкаванага слова сельская бібліятэка аг. Псышчава. На юбілейнае мерапрыемства ў мясцовы Дом культуры завіталі супрацоўнікі і ветэраны бібліятэчнай галіны Іванаўшчыны, цікаўныя чытачы і проста неабыякавыя людзі. Актыўны ўдзел у свяце падрастаючага пакалення стаў неаспрэчным сведчаннем таго, што кніга ў камп’ютарны век па-ранейшаму застаецца захапляльнай і запатрабаванай.
Нехта з вялікіх сцвярджаў, што гады чалавечага жыцця ляцяць хутчэй, чым лістота з асенняга дрэва. З гэтым цяжка не пагадзіцца. Аднак, калі для чалавека 70-годдзе – час азірнуцца на пройдзены шлях і збіраць плады сваёй працы, для бібліятэчнай установы – гэта пара росквіту, якая можа доўжыцца бясконца.
Мерапрыемства стала прыемнай нагодай перагарнуць старонкі гісторыі бібліятэкі.
У далёкім 1947 годзе ў вёсцы Псышчава адчыніла дзверы першая хата-чытальня, якой загадваў Барыс Міхнавец. Кніжны фонд складаў 300 экземпляраў. У першыя дзесяцігоддзі тут працавалі Яўстафій Грэбень, Цімафей Сянюта, Іван Гетманчук, Вольга Барычэўская, Таццяна Бучык, Сяргей Малашчук.

psyschevo 2


У 1965 годзе бібліятэка размясцілася ў мясцовым Доме культуры. На той час кніжны фонд значна папоўніўся (налічвалася каля чатырох тысяч экземпляраў).
Ва ўстанове з ліпеня 1973 года на працягу 36 гадоў добрасумленна працавала Любоў Максімовіч, для якой у сціплым слове “бібліятэка” ўвасоблена амаль усё яе жыццё, насычанае клопатамі, хваляваннямі і светлымі здзяйсненнямі. Яна ўмела заінтрыгаваць, зацікавіць чытачоў, карпатліва пракладвала шлях у свет пазнання і мудрасці.
Змяняліся пакаленні, чытацкія прыярытэты. Сапраўдным прафесіяналам, шчырым рупліўцам біблітэчнай справы на сённяшні дзень з’яўляецца Валянціна Спаравік, якая, пераняўшы больш за тры дзясяткі гадоў таму эстафету ў сваёй папярэдніцы, дорыць чытачам радасць зносін з кнігай, сваім асабістым прыкладам натхняе вяскоўцаў на чытанне літаратуры, развівае іх мастацкі густ.
Сённяшняя бібліятэка – гэта цэнтр грамадска-культурнага і духоўнага жыцця сельскай глыбінкі. Яна граматна арыентуецца на павевы часу, валодае шырокімі інфармацыйнымі рэсурсамі, карацей кажучы, тут ёсць усё неабходнае для задавальнення запытаў наведвальнікаў. Гэта адзначылі ў сваіх віншавальных зваротах метадыст Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф.І. Панфёрава Алена Гарбацэвіч, загадчык аддзела абслугоўвання Таццяна Астапук, калегі з СБ аграгарадкоў Моталь, Дружылавічы, Тышкавічы, Крытышын.
Слова для віншавання меў старшыня Опальскага сельвыканкама Сяргей Мельнік.
Плённае супрацоўніцтва яднае бібліятэку са школай, сельскім Домам культуры, школай мастацтваў. Мацуецца яно не толькі цеснаю дружбаю з кнігай, але і сумеснымі цікавымі праектамі, мерапрыемствамі. Сардэчную ўдзячнасць бібліятэкару выказала кіраўнік Псышчаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу Святлана Тонка.
Вельмі кранальным атрымалася прывітанне ад самых маленькіх наведвальнікаў бібліятэкі. Артысты Дома культуры, выхаванцы школы мастацтваў аздобілі свята музычнымі нумарамі.
Падчас мерапрыемства былі раскрыты некаторыя сакрэты, схаваныя ў чытацкіх фармулярах, вёўся аповед пра дасведчаных аматараў кнігі. Былі ўзнагароджаны Васіль Пернач (на фота) і Анастасія Какудовіч, самыя старэйшыя чытачы бібліятэкі, Венета Хоміч, самы эрудыраваны чытач, Галіна Мазько і Алена Мазько, яркія ўдзельнікі мерапрыемстваў, сям’я Яўгена і Лідзіі Парфеевец, дзе чытаюць тры пакаленні.
…Вандроўка цягам у 70 гадоў завяршылася, але не згасае святло бібліятэкі. Нягледзячы на хуткаплыннасць часу, трансфармаванне каштоўнасцей, высокая вартасць добрай кнігі застаецца непарушнай.

Ірына САЛОМКА.