Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Былі ўсе падставы ехаць у Паставы

paleshukiУ чарговы раз гасцінная Пастаўская зямля вітала вялікіх энтузіястаў, апантаных ідэяй захавання самабытных музычных і песенных традыцый свайго народа. Пад спеў гармоніка і звон цымбалаў тут прайшоў дзевятнаццаты міжнародны фестываль народнай музыкі. Мерапрыемства, што праводзіцца пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ладзілася з мэтай папулярызацыі беларускай музычнай спадчыны, узбагачэння рэпертуару калектываў мастацкай творчасці лепшымі ўзорамі народнай музыкі, развіцця міжнародных культурных сувязей.

 У фэсце бралі ўдзел аматарскія ансамблі, інструментальныя групы, фальклорныя калектывы і індывідуальныя выканаўцы на народных музычных інструментах са сталіцы і розных рэгіёнаў нашай краіны, а таксама з Расіі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі.
Гонар прадстаўляць Брэстчыну на гэтым грандыёзным музычным форуме выпаў заслужанаму аматарскаму калектыву РБ ансамблю народнай музыкі і песні “Палешукі” раённага Цэнтра культуры і народных традыцый. Іванаўцам зноў жа выпала пачэсная місія адкрываць свята: артысты віртуозна выканалі “Старажытную сюіту” ў апрацоўцы мастацкага кіраўніка калектыву – таленавітага і няўрымслівага Івана Засімовіча.
Праграма фестывалю ўключала прэс-канферэнцыю з кіраўнікамі дэлегацый, членамі аргкамітэта, прадстаўнікамі СМІ, традыцыйны конкурс творчых калектываў i выканаўцаў на народных музычных інструментах «Хто каго?», літаратурнае свята “Пакуль пяём на роднай мове мы, жыве зямля бацькоў, жыве Радзіма”, тэатралізаванае прадстаўленне «Музыка беларускіх палацаў і сядзіб» з удзелам калектываў старадаўняй музыкі, музычна-тэатралізаваную праграму «Пастаўскі баль», гала-канцэрт, іншыя музычныя, забаўляльныя і культурна-масавыя мерапрыемствы. Удзельнікі форуму мелі магчымасць наведаць шыкоўныя выставы народных мастацкіх рамёстваў і промыслаў у «Горадзе майстроў» і сельскія падвор’і.
Для выступлення ў конкурснай праграме іванаўскія артысты падрыхтавалі кампазіцыю “Палеская інструментальная” і “Прыпеўкі” (аўтарамі тэкстаў некаторых з іх з’яўляюцца мясцовыя паэты Уладзімір Фалітарык і Уладзімір Гетманчук) пад акампанемент трох жалеек і казабаса – старадаўняга палескага басовага інструмента, які на сённяшні дзень практычна выйшаў з выкарыстання. Харэаграфічныя пастаноўкі да конкурсных нумароў, у якіх прымала ўдзел выкладчыца харэаграфічнай школы мастацтваў Марыя Юшкевіч, зрабіла Ганна Сідаровіч, кіраўнік ансамбля народнага танца “Янаўцы”.
Прадстаўнічае журы, у склад якога ўвайшлі музычныя аўтарытэты на чале з народным артыстам Беларусі Міхаілам Казінцом, высока ацаніла майстэрства каларытных “палешукоў”: калектыў узнагароджаны Дыпломам лаўрэата другой ступені за папулярызацыю народнага мастацтва і развіццё музычных традыцый, а салістка ансамбля – непаўторная прыпевачніца Наталля Лістраценка – ушанавана Дыпломам лаўрэата трэцяй ступені.
- Фестываль, шырока адлюстроўваючы багатыя рэгіянальныя традыцыі Беларусі і нацыянальныя адметнасці іншых краін, спрыяў духоўнаму ўзбагачэнню, - прызнаецца Н.П.Куліч, дырэктар раённага ЦКіНТ, - гэта тая жыватворная крыніца, з якой пачарпнем натхненне на ўласныя творчыя пошукі. Уражанні аб свяце самыя найлепшыя. Нягледзячы на капрызы надвор’я, мерапрыемства прайшло на высокім арганізацыйным і выканальніцкім узроўні.

Ірына САЛОМКА.