Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Далі джазу

Количество просмотров:

Прыемная навіна прыйшла ў наш раён на мінулым тыдні: малады эстрадна-джазавы ансамбль Minimal Groove Band стаў уладальнікам дыплома другой ступені ў намінацыі «Інструментальны ансамбль. Традыцыйны джаз» шостага адкрытага фестывалю-конкурсу джазавай музыкі «Чысць-2018» у рамках праекта «Міншчына сустракае джаз».

Першы джазавы фестываль адбыўся на пляцоўцы Чысці ў 2012 годзе па ініцыятыве Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь. За гады існавання біяграфія фестывалю значна пашырылася. Сёлета ўдзел у конкурсе прымалі музыканты з Мінска, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей, Маладзечанскага і Салігорскага раёнаў – усяго васямнаццаць салістаў, дзесяць ансамбляў і тры джаз-бэнды. Удзельнікі сапернічалі ў чатырох намінацыях: «Саліст – джазавы вакал», «Саліст – інструменталіст», «Інструментальны ансамбль» і «Аркестр – бэнд». Журы, у склад якога ўвайшлі музыканты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Каліноўскі і Вадзім Чайкоў, артыст Ігар Бранкоўскі і джазавая вакалістка Яўгенія Лятун, ацэньвала ўзровень выканаўчага майстэрства, тэхніку валодання інструментам, увасабленне сцэнічнага вобразу і культуру выканання ўдзельнікаў. Узначаліў журы заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, вядомы на постсавецкай прасторы джазмэн і трубач Валерый Шчэрыца.
Для ўдзелу ў конкурсе нашы землякі падрыхтавалі тры творчыя нумары – адзін джазавы стандарт і два хіты традыцыйнага джазу. Мастацкі кіраўнік калектыву Яўген Шыршоў з кожным удзельнікам бэнда асабіста разбіраў музычную праграму. Музыканты, у сваю чаргу, адказна падыходзілі да рэпетыцый. Уклад у падрыхтоўку да конкурсу ўнеслі гукааператар раённага Цэнтра культуры і народных традыцый Ігар Панасовіч, які быў адказны за гук, і начальнік аддзела культуры райвыканкама Валянціна Барадзінчык, якая аказала дапамогу ў арганізацыі паездкі. Дзякуючы гэтаму выступленне маладых джазмэнаў было высока ацэнена не толькі членамі журы, але і гледачамі, аб чым сведчыць узнагарода.
Дарэчы, у жыхароў Іванаўшчыны ёсць унікальная магчымасць паслухаць чароўныя гукі джаза ў выкананні эстрадна-джазавага ансамбля Minimal Groove Band. Сёмага снежня джазмэны прэзентуюць сваю новую праграму Jazz Province. Не пазбаўляйце сябе магчымасці пабываць на канцэрце жывой музыкі. Пачатак канцэрта – у 18 гадзін. Па пытаннях набыцця білетаў звяртайцеся ў касы Цэнтра культуры і народных традыцый.  

Анастасія ЦАЛЮК.