Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Дрэва як сімвал сакральнасці

Количество просмотров:

Пра кнігу Валерыя Мароза “Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны”

Калі я ўпершыню ўзяў у рукі гэтую кнігу, у мяне адразу мільганула маладушная думка: “Колькі мне спатрэбіцца часу, каб прачытаць яе?”. Але тут жа прыйшла іншая: “А колькі ж часу трэба было, каб яе напісаць?”
Дзесяць год стваралася гэтая кніга. Дзесяць год карпатлівай работы рупнага навукоўца, апрацоўка болей за пяць тысяч крыніц, вынікам якой сталі больш за пяцьсот старонак дробным шрыфтам, якія нясуць у сабе ўнікальную інфармацыю пра сакральную архітэктуру Берасцейшчыны. У анатацыі да кнігі сказана, што прапанаванае даследаванне ўяўляе сабой “дастаткова маштабную спробу” гістарычнай рэканструкцыі хрысціянскіх святынь Берасцейшчыны ад пабудовы да разбурэння. Аднак такая характарыстыка будзе надта сціплай. Разглядаемая кніга – не “спроба” і не “дастаткова маштабная”. Гэта даследаванне, аналагаў якому ў сучаснай беларускай навуцы я асабіста не ведаю, хоць і стараюся сачыць за даследаваннямі ў гуманітарнай навуцы.
“Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны” – трэцяя кніга Валерыя Мароза.  Першая – “От Берестья до Бреста: из века в век” прысвечана гісторыі абласнога цэнтра. Другая (у суаўтарстве) расказвала пра палітычную гісторыю Заходняй Беларусі пасля 1939 года. Трэцяя - адбівае трагічную гісторыю беларускай хрысціянскай традыцыі. Некалькі стагоддзяў на беларускай зямлі драўлянымі будаваліся пераважна праваслаўныя і грэка-каталіцкія (уніяцкія) цэрквы, бо яны былі цэрквамі сацыяльных нізоў – беларускага сялянства. Уніяцтва, якое прыйшло на змену праваслаўю ў XVII - XVIII стагоддзях, нягледзячы на гвалтоўнасць свайго прыходу, у выніку ўсё роўна выканала сваю місію не толькі як захавальніка хрысціянскай веры, але і этнічных адметнасцяў тутэйшага люду. Сваю місію па паланізацыі былых праваслаўных каталіцызм усходняга абраду не выканаў, а сама ўніяцкая царква заслужыла ад рыма-каталікоў назву “сварлівай сястры”. Ды й рыма-каталіцызм на Палессі не быў такім пампезным, як у іншых рэгіёнах, – касцёлы будаваліся тут часта таксама драўляныя.
Па словах аўтара, якраз драўляныя храмы дазваляюць найбольш яскрава прасачыць усю ўнікальнасць духоўнай гісторыі краю, на якой адбіліся ўплывы як Усходу, так і Захаду.
“Беларусь – вельмі цікавая духоўная прастора. Тут злучыліся праваслаўная, візантыйская традыцыя і культура заходняя, каталіцкая. Нават у нас, у Іванаўскім раёне, гэта яскрава адчуваецца. Прыкладам можа быць царква ў Опалі. Таксама мы маем унікальны іканапіс, па якім можна прасачыць багаслоўскія тэндэнцыі той або іншай эпохі.


Культавыя пабудовы паказвалі маральныя і сацыяльныя тэндэнцыі часу, бо для парафіян царква – не толькі Дом Божы, але і ўласнасць хрысціянскай грамады, паселішча, своеасаблівае сэрца сяла або мястэчка. Якраз сваімі драўлянымі храмамі Беларусь увайшла ў сусветную спадчыну ЮНЕСКА”, - гаворыць у нашай размове Валерый Вячаслававіч.
Аўтар вядзе чытача праз стагоддзі гісторыі Палескага краю, сістэматызуючы гісторыю драўляных хрысціянскіх святынь на працягу больш за тысячу год – храналагічны ахоп проста ўражвае, асабліва калі сутыкаешся не толькі з велізарным часавым ахопам, але і з глыбокім пранікненнем у саму сутнасць пытання.  
“Кніга доўга не выдавалася, і я глыбока ўдзячны Міністру інфармацыі Аляксандру Мікалаевічу Карлюкевічу за фінансавую падтрымку выдання. Кніга атрымалася выдатнай па знешнім выкананні. І, спадзяюся, па змесце таксама, хоць я не маю права даваць ёй ацэнку. Але на міжнароднай навуковай канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы” якраз такую ацэнку яна атрымала з боку аўтарытэтных даследчыкаў”, – працягвае аўтар.
Гісторыя напісання кнігі пачалася з нарыса. Аўтар планаваў матэрыял прыкладна на васямнаццаць старонак, пачаў працаваць. А спыніўся, калі  было набрана… паўтары тысячы старонак камп'ютэрнага тэксту.
“Драўляныя помнікі” – не тая кніга, якую будзеш чытаць на адным дыханні. Гэта энцыклапедычнае выданне, якое магчыма вывучаць невялікімі ўрыўкамі, каб арыентавацца ў гушчыні імёнаў, дат, фактаў. Рыса энцыклапедычнага выдання – бесстароннасць падачы матэрыялу. Гэты аб’ектывізм – яшчэ адна станоўчая характарыстыка даследавання. Такая пазіцыя сумленнага даследчыка робіць даследаванне велічным помнікам беларускай духоўнасці, трагізму яе гісторыі, які палягае найперш у перыядычных спробах падпарадкаваць веру інтарэсам дзяржавы.
Так было і ў Вялікім Княстве  Літоў-скім, і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расійскай імперыі. Асабіста аўтару гэтых радкоў было цікава чытаць якраз пра расійскі перыяд. Ранейшыя эпохі збольшага былі прадстаўлены і ў савецкі час, хоць яны зыходзілі з трохі дзіўнай канцэпцыі, якую вядомы беларускі гісторык Мікола Улашчык характарызаваў словамі “Бога няма, але ўсё роўна наш праваслаўны лепшы за іхняга каталіцкага”.
Пра ХІХ стагоддзе звестак было менш. Сваёй кнігай Валерый Мароз ліквідуе гэты прабел. Ён проста дае інфармацыю з даследаваных крыніц, паказвае на мала або зусім невядомых шырокаму колу чытачоў фактах трагедыю ламання традыцый, якія ўрэшце прыводзілі не да моўнай, тым больш ментальнай асіміляцыі, а змяншалі рэлігійнасць, збяднялі духоўнае жыццё тутэйшага люду.    
Яшчэ адна рыса кнігі – ахайнасць у адносінах да беларускай мовы, да тэрміналогіі, што асабліва важна для даследавання, якое расказвае пра сакральную гісторыю. Выданне будзе запатрабавана як навукоўцамі, так і шырокім колам чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй сваёй краіны ці хаця б гісторыяй малой радзімы.
“Я не змог прысвяціць родным мясцінам у выданні столькі месца, колькі б хацелася. Рамкі выдання не дазволілі гэтага зрабіць”, – прызнаецца Валерый Вячаслававіч. У прыватнасці, больш месца хацелася б адвесці такім людзям як лабуры. Аўтар, дарэчы, катэгарычна не згодны, калі лабуроў лічаць нейкай разнавіднасцю несумленных зборшчыкаў падаткаў. Па словах Валерыя Мароза, Янаў заўсёды быў вельмі набожным мястэчкам, і лабуры не былі выключэннем. Жылі яны не так ужо і багата, што таксама сведчыць пра іх сумленныя адносіны да людскіх ахвяраванняў. Дзясяткі цэркваў на Янаўшчыне і Драгічыншчыне з’явіліся якраз дзякуючы дзейнасці лабуроў.
…Храм – гэта не проста помнік архітэктуры. Гэта найперш месца, дзе людзі збіраюцца ў імя Божае. Храм можа існаваць толькі пры ўмове існавання вернікаў. Якраз ім і прысвечана значная частка даследавання: Канстанцін Карпінскі, Леў Паеўскі, Міхаіл Баброўскі, Плакід Янкоўскі… Напэўна, для ўсіх пералічаных асобаў будуць актуальнымі словы праваслаўнага паэта Сяргея Новіка, якія ён калісь сказаў пра каталіцкага ксяндза Адама Станкевіча: “Ты моцна ў буру і пагоду наш родны Сцяг і Крыж трымаў, між беларускага народу святую праўду засяваў…”

Ігар Гетман.