Телефон рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 Email: zviazda@brest.by

Два волаты паэзіі красы

kolos kupalaМілагучная, трапяткая беларуская мова, што ідзе з глыбінь вякоў і беражліва перадаецца з пакалення ў пакаленне, векавечыцца ў цудоўных творах пісьменнікаў і паэтаў, узнёсла гучала ў раённай бібліятэцы імя Фёдара Панфёрава падчас літаратурна-музычнай кампазіцыі “Жыццё, аддадзенае народу”, прымеркаванай да 135-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Вядучыя Вольга Кавалевіч і Аляксей Крывецкі, апранутыя ў нацыянальныя строі, пад ціхую мелодыю цымбалаў распавялі пра важную падзею культурнага жыцця Беларусі – Дзень пісьменства, зазначыўшы, што свята аб’ядноўвае ўсіх, хто шануе кнігу, нагадвае пра неабходнасць захавання багатай народнай спадчыны. І яно, гэтае свята, паказвае глыбіню і самабытнасць беларускай культуры, мовы і літаратуры, адлюстроўвае хараство беларускага друкаванага слова, выказвае даніну павагі беларускім асветнікам. Наша зямля нарадзіла Рагвалода і Рагнеду, Ефрасінню Полацкую і Кірылу Тураўскага, Міколу Гусоўскага і Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага і Сымона Буднага…


Запрошаныя на мерапрыемства навучэнцы ўстаноў адукацыі горада паглядзелі змястоўны фільм пра гісторыю айчыннай друкаванай кнігі.
Сакавітым беларускім словам вітаў на ўрачыстасці аматараў роднай мовы Ігар Гетман, кандыдат філалагічных навук, галоўны рэдактар раённай газеты “Янаўскі край”. Ігар Уладзіміравіч падкрэсліў, што сёлетнія ўрачыстасці з нагоды свята пісьменства праходзяць пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і, што асабліва хвалююча, іванаўцам выпаў гонар прымаць у наступным годзе гэтае шыкоўнае свята на сваёй зямлі.
Бягучы год адметны для Беларусі шматлікімі ўрачыстымі датамі, сярод якіх – юбілеі Янкі Купалы і Якуба Коласа – паэтаў, якія, нарадзіўшыся на свет у адзін, 1882-і, год, неслі людзям «агонь душы і сэрца жар», сталі выразнікамі дум беларусаў.
У ходзе мерапрыемства яго ўдзельнікі пачулі цікавыя звесткі пра жыццёвыя і творчыя шляхі выдатных майстроў слова, авеяныя святлом купальскіх вогнішчаў, чароўным водарам лясных гушчароў, асвечаныя не толькі празрыстымі расянымі кроплямі лугоў і квітнеючых ніў, але і расой жальбы і смутку. Нягледзячы на рознасць творчай сутнасці аўтараў, кожны з іх па-свойму адмыслова складаў малітву ў гонар Айчыны … Так закладваўся падмурак беларускай літаратуры.
Аповед пра пісьменнікаў суправаджаўся вершамі, прысвечанымі творцам. Заварожвалі спеўныя галасы салістаў Кацярыны Талатыннік, Наталлі Лістраценка, Андрэя Страпко, Аляксандра Аскіркі. Пад акампанемент Валерыя Ткачука звінелі цымбалы, на якіх віртуозна ігралі Ірына Вайцяховіч ды Іна Прыбышчук. У выкананні Валянціны Пашко і Уладзіміра Фалітарыка натхнёна гучалі несмяротныя купалаўскія і коласаўскія радкі, якія перасягнулі ў 21 стагоддзе, нагадваючы сучаснікам, што ёсць у нас неацэнная спадчына, апетая волатамі мастацкага слова, – наша Бацькаўшчына, якая “загоіць раны ад усіх знямог”.