Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by

Культура

Дыпломы «Львёнка» папоўнілі скарбонку янаўскіх музыкантаў і танцораў

Количество просмотров:

Часта можна пачуць меркаванне пра тое, што цяперашняе пакаленне моладзі адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў большай мабільнасцю, інтэлектуальнай развітасцю, навучальнасцю многім няпростым прадметам.

Трэба згадзіцца, што гэта – абсалютная праўда. Дзіця пяці-шасці год без асаблівых складанасцяў хутка засвойвае камп’ютар, інтэрнэт. Аднак без падтрымкі дзіцячых талентаў – разумовай, з боку настаўнікаў, фінансавай, з боку бацькоў – было б па-іншаму.

На працягу мая ў беларускім горадзе Ліда праходзіў фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва «Львёнок», які пяць год таму набыў статус рэспубліканскага. У сёлетнім фестывалі было прадстаўлена 35 намінацый у розных відах мастацтва (вакал, харэаграфія, сцэнічнае майстэрства, інструментальная музыка), удзельнічалі 3500 хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту – ад чатырох да сямнаццаці год. У ліку іх былі нашы таленты – навучэнцы СШ №4, якія ўдала выступілі ў розных дысцыплінах: у намінацыі «Фартэпіяна» (сола) Марыя Апольская стала Лаўрэатам 1 ступені, Дар’я Гарох, Ніка Рэуцкая былі ўзнагароджаны Дыпломамі 1 ступені, Надзея Казека прызнана Дыпламантам 2 ступені (настаўнік Л. Перчанка). У намінацыі «Фартэпіяна» (ансамбль) дуэт Дар’і Гарох і Мікалая Паўлюкаўца атрымаў Дыплом Лаўрэата 1 ступені (настаўнік Л. Перчанка), Марыя Кічко і Павел Жыдковіч сталі Дыпламантамі 3 ступені (настаўнікі Л. Перчанка
і А. Фісенка); фартэпіянны квартэт у складзе Ангеліны Гедзька, Анастасіі Новік, Марыі Старавойтавай, Варвары Такарчук – Дыпламант 3 ступені (настаўнікі В. Засімовіч і Л. Перчанка).
У намінацыі «Мастацкае слова» (пад кіраўніцтвам выхавацеля Л. Астаповіч, гурток «Почитай-ка») чытальніцы – Дар’я Жушма (на здымку), Ніка Рэуцкая і Яна Гетман сталі Лаўрэатамі конкурсу (1 і 3-яй ступені). Тры ўдзельнікі – Ульяна Лобан, Павел Жыдковіч, Мікалай Вайцяшук – прывезлі з Ліды Дыпломы 1 ступені з прысваеннем звання «Дыпламант». Размаўляючы пасля конкурсу, таленавітыя вучні дзяліліся сваімі ўражаннямі: Даша выступала ўжо на вялікай сцэне неаднойчы, таму не хвалявалася, аб’ектыўны Паша прызнаўся, што можна было б і лепш прачытаць. Ульяна, Коля і Яна, для якіх гэта быў дэбют, аднагалосна прызналіся, што журы не варта баяцца, яно добрае і нават усміхаецца дзецям.
Сем дыпломаў атрымалі  ўзорныя хоры старэйшай і малодшай катэгорыі «Асоль» і «Фасоль», вакальны ансамбль, а таксама салісткі-акадэмісткі. Падрыхтоўкай калектываў займалася Наталля Мароз. Як паведаміла настаўніца, дзеці чацвёрты раз прымалі ўдзел у гэтым конкурсе. Нягледзячы на высокі ўзовень канкурэнцыі, калектывы атрымалі высокія балы ад журы.
– З кожным годам усё цяжэй канкурыраваць з другімі калектывамі. Каб атрымаць лаўрэацкае месца, трэба чым-небудзь адрознівацца. Менавіта таму мы з дзецьмі заўсёды знаходзімся ў творчым пошуку, загаддзя рыхтуем конкурсную праграму, якая здзівіць нават самае строгае журы, – адзначыла падчас сустрэчы Наталля Мароз. Па выніках конкурсу ўзорны хор «Асоль» (старэйшая група) заняў другое месца і быў узнагароджаны дыпломам Лаўрэата. Хор «Фасоль» (малодшая група) стаў Лаўрэатам 1 ступені.
Выдатным атрымалася канцэртнае выступленне вакальных ансамбляў «Экспрэс» і «Дзілі-бэнд», якія сталі Лаўрэатамі 2 і 3 ступені адпаведна. З дыпломамі пераможцаў конкурсу «Львёнок» на малую радзіму таксама вярнуліся салісткі-акадэмісткі, якія выступалі ў намінаціі «Сольнае выкананне. Акадэмічны вакал». Так, Марыя Апольская стала Лаўрэатам 2 ступені, Маша Старавойтава і Маша Гарох – Лаўрэатамі 3 ступені. Кожная выступала ў сваёй узроставай катэгорыі.
Формула перамогі, па словах Наталлі Мароз, заключаецца ў прафесіяналізме кіраўніка і яго каманды. Немалаважную ролю, на думку настаўніцы, складаюць памочнікі калектыву. Вялікую падтрымку ў падрыхтоўцы вучняў жанчыне аказалі Ігар Панасовіч і Валянцін Перапёлкін, якія займаліся аранжыроўкай музычных нумароў, Марына Гарох, Яўгенія Клімовіч і Алена Старавойтава, падрыхтаваўшыя канцэртныя нумары, канцэртмайстары Анастасія Вядзёрчык і Вольга Засімовіч, Вольга Казека і Вольга Засімовіч. Акрамя таго, Наталля Мароз звярталася да паслуг харэографаў Вольгі Цярлецкай і Марыі Юшкевіч. Сваіх вучняў Наталля Мароз рознымі спосабамі прывучае да класічнай музыкі – творам Баха, Шапэна, Моцарта.
–  Папулярнай «папсовай» музыкай кормяць толькі жабракоў. Паважаючы сябе чалавек будзе слухаць сусветную класічную музыку, – адзначыла настаўніца.
Гаворачы пра награды лідскага рэспубліканскага конкурсу «Львёнок» хочацца спыніцца на дасягненнях дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў і харэаграфічнага ад-
дзялення Адрыжынскай дзіцячай школы мастацтваў. Паспрабаваць свае творчыя сілы і пазмагацца за перамогу ў адзін з конкурсных дзён адправіліся дзіцячыя ансамблі танца «Яначка» і «Dance Life», а таксама тэатр танца «Smile».  
Падрыхтоўкай танцораў займаліся мастацкія кіраўнікі калектываў – харэограф Вольга Цярлецкая і балейтмайстар Ганна Сідаровіч. Ансамбль танца «Яначка» здзіўляў журы рускім танцам «Забавушки» і беларускім танцам «Ручаёк». Тэатр танца «Smile» спецыяльна для конкурснай праграмы падрыхтаваў эстрадныя танцы «Пад Каляды» і «Цыркачы».  Творчыя нумары нашых харэографаў былі адзначаны высокімі ацэнкамі журы. Дзіцячы ансамбль танца «Яначка» стаў Лаўрэатам 3 ступені ў намінацыі «Народны танец».  Тэатр танца «Smile»  – Лаўрэатам 3 ступені ў намінацыі «Эстрадны танец». Ансамбль танца «Dance Life» (кіраўнік – Наталля Дзяцук) быў узнагароджаны Дыпломам 1 ступені з прысваеннем звання «Дыпламант» за стараславянскі танец-гульню «Яшчар» і Дыпломам 2 степені з прысваеннем звання «Лаўрэат» за харэаграфічную пастаноўку «Зязюля».
Было ў той дзень, як расказалі дзеці, многа радасці: яны наведалі велічны Лідскі замак, пагулялі па горадзе, у якім ім запомніўся прыгожы фантан, пасядзелі ў мясцовай кавярні, дзе елі смачнае-смачнае марожанае. Аднак самае галоўнае, мабыць, тое, што гэтыя маленькія дзеці разумеюць, для чаго яны займаюцца музыкай, спрабуюць свае сілы ў танцы, чытанні літаратурных твораў.Яны хочуць сказаць іншым, што ў беларускім горадзе Іванава, ці Янаве, як яго называюць месцічы, растуць маленькія «зорачкі», якія ў будучым заззяюць сваімі талентамі: хтосьці пакажа свае ўменні ў музыцы і танцах, нехта – у літаратуры. І не толькі бацькі і настаўнікі будуць ганарыцца імі, іх поспехамі, але і яны самі.

Анастасія ЦАЛЮК,
Наталля КАЗАКЕВІЧ.
Фота аўтараў.