Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Гасцей чакалі тышкаўцы

Количество просмотров:

На другі дзень дзея фэсту перамясцілася ў сельскі Дом культуры аграгарадка Тышкавічы, дзе адбыўся гала-канцэрт і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання ўдзельнікаў грандыёзнага мерапрыемства.

За некалькі гадзін да пачатку свята фальклору ў холе разгарнулася выстава-продаж народных умельцаў. Тут можна было сустрэць вырабы з каменю, выдатныя жаночыя ўпрыгожванні, неверагодныя шэдэўры з лозапляцення, сувенірную прадукцыю «Я люблю Янаў». Асаблівыя ўражанні ў прысутных выклікалі мастацкія вышыўкі, непаўторныя ўзоры дзіцячай творчасці, драўляныя вырабы, зробленыя рукамі вучняў дзіцячай школы мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. У гэты ж час жадаючыя маглі пачаставацца духмянымі пірагамі, булачкамі і піражкамі, смачнай гарбатай.

На свята хата гасцямі багата

Вельмі шчодрым на прыемныя сюрпрызы аказалася свята для ўдзельнікаў і гледачоў. З маляўніча аформленай сцэны адкрываюцца чароўныя сельскія краявіды. У заснежанай, упрыгожанай вясковай хаце мясцовыя жыхаркі звонка спяваюць песні, усхваляючы Дзеву Марыю, нарадзіўшую Ісуса Хрыста. Гаспадар з гаспадыняй у гэты час накрываюць стол і чакаюць шматлікіх гасцей, каб пачаставаць іх смачнымі палескімі стравамі. Так пачалася тэатралізаваная праграма «На свята хата гасцямі багата», падрыхтаваная супрацоўнікамі Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, у рамках якой адбылося выступленне фальклорных калектываў – удзельнікаў рэгіянальнага свята.

Музыка не мае межаў  

На працягу двух гадзін у зале звінелі музыка, шчыры смех і мудрыя прымаўкі, дэманстраваліся танцы і разнастайныя яркія ўбранні самабытных артыстаў.   
Не шкадавалі апладысментаў для прадстаўнікоў мужчынскага хору «Куранты» з польскага горада Бельск-Падляскі, які прыехаў у суправаджэнні свайго мастацкага кіраўніка Аліны Негярэвіч. Мілагучныя спевы ўразілі прысутных. Прыемным падарункам стала песня, якую калектыў выканаў на беларускай мове.
– Столькі апладысментаў, сардэчнасці, як у Беларусі, больш нідзе не сустракалі. У рамках фестывалю мы змаглі бліжэй пазнаёміцца з культурай Янаўшчыны і ўдзельнікамі творчых калектываў Беларусі, Расіі, Украіны і Туркменістана, падзяліцца вопытам, – адзначыла А. Негярэвіч.  
Удзельнікі народнага ансамбля «Грамніцы» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў не першы год бяруць удзел у фестывалі. Колькі глыбіні было ў іх песнях, колькі яскравасці ў танцах.
Станоўчымі эмоцыямі ўзбагацілі гледачоў падчас фэсту ўдзельнікі народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фолк-групы «Ягорава Гара».
Цёпла сустракалі гасцей з Туркменістана – студэнтаў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, членаў калектыву мастацкай самадзейнасці «Зоркі Туркменістана». Віртуозная гульня на барабанах і танцы не пакінулі абыякавым нікога з прысутных.

Fest12
Fest13
Fest14
Fest15
Fest16
Fest17
Fest18


– Нам вельмі прыемна сёння знаходзіцца ў Тышкавічах. Дзякуй арганізатарам за запрашэнне на фестываль. Веру, што наш калектыў яшчэ не аднойчы выступіць на Іванаўшчыне, – зазначыў мастацкі кіраўнік калектыву Байрам Рахманаў.
Гарачымі апладысментамі сустракалі народны фальклорны ансамбль «Дебряночка» з Бранска.
– Сённяшняе свята фальклору сапраўды не мае межаў. Іванаўшчына – унікальны рэгіён са сваімі традыцыямі. Дзякуючы такім мерапрыемствам атрымоўваецца ўмацаваць сяброўства паміж краінамі. Нягледзячы на ўсе рознагалоссі, мы будзем запрашаць да сябе выступаць калектывы з Беларусі і Украіны, – зазначылі ўдзельнікі ансамбля.
Шчырыя апладысменты выклікала выступленне народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Люлечка» з Асіповіч, «Прымакоў» з Лунінца, народнага ансамбля народнай песні «Асалода», заслужанага калектыву народнай музыкі і песні «Палешукі», ансамбля «Яначка», ансамбля танца Мотальскай дзіцячай школы мастацтваў «Маталяначка» з Іванаўскага раёна. Праз  выступленні творчыя калектывы дэманстравалі самабытнасць малой радзімы, свайго рэгіёна.
Фінальным акордам канцэртнай праграмы стала цырымонія ўзнагароджвання ўдзельнікаў фестывалю, якую правёў кіраўнік раёна Юрый Юр’евіч Бісун.
– У гэтыя цудоўныя святочныя дні падыйшоў да свайго лагічнага завяршэння наш фестываль, галоўная мэта якога  – захаванне народных традыцый. Мы і далей будзем перадаваць іх нашым дзецям і ўнукам. Хачу адзначыць, што мы заўсёды рады бачыць у раёне самыя разнастайныя творчыя калектывы, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.   
Дыпломамі і памятнымі падарункамі былі ўзнагароджаны ўсе калектывы, якія прымалі ўдзел у свяце, а таксама арганізатары мерапрыемства. Асабістыя словы падзякі гучалі ў адрас спонсараў, якімі выступілі ААТ «Тышкавічы-Агра», ПГУП «Святлана» (С.М. Шушман), СФГ «Знаходка Палесся» (Т.М. Каткавец).

Анастасія ЦАЛЮК.
Фота аўтара.