Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Гучыць для народа гурт «Асалода»

Количество просмотров:

Творчы калектыў, пра які пойдзе гаворка, вядомы далёка за межамі раёна, вобласці і нават краіны. За гады свайго існавання народны ансамбль народнай музыкі «Асалода» змог не толькі атрымаць любоў гледачоў, але і стаць своеасаблівай візітнай карткай Іванаўшчыны. З’яўляючыся дыпламантам шматлікіх конкурсаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, калектыў знаходзіцца на творчым уздыме, удасканальвае сваё майстэрства, радуючы аматараў народнай песні новымі запісамі і канцэртнымі праграмамі. Усё гэта стала магчымым дзякуючы пятнаццаці творчым, неабыякавым, самадзейным артыстам і іх справядліваму, чуламу кіраўніку, які не ўяўляе сваё жыццё без музыкі.  

На мінулым тыдні ансамбль раённага Цэнтра культуры і народных традыцый адзначыў свой дзесяцігадовы юбілей. Канцэртная зала была поўная гледачоў, што асабліва радавала артыстаў «Асалоды». У якасці вядучай выступіла Ларыса Дрычыц, якая паведаміла гісторыю калектыву, знаёміла прысутных з яго ўдзельнікамі.

Раз Гарох, два Гарох...

23 ліпеня 2008 года ў творчай біяграфіі народнага ансамбля адзначаны як дзень нараджэння. Калектыў быў створаны на базе ААТ «Белсолад». Загадам генеральнага дырэктара Мікалая Кенды на пасаду мастацкага кіраўніка быў прызначаны Васіль Гарох, рэжысёрам – жонка Людміла Гарох, гукааператарам – сын Віктар Гарох. Харэаграфіяй і сцэнічным рухам займалася нявестка Марына Гарох. За кароткі прамежак часу ўдалося сфарміраваць пеўчы склад і аркестравую групу, забяспечыць удзельнікаў касцюмамі. Менш чым праз два гады, 18 красавіка 2010 года, калектыву было прысвоена высокае званне «народны». З 1 кастрычніка 2014-га года базай дзейнасці народнага ансамбля «Асалода» стаў раённы Цэнтр культуры і народных традыцый.

Любы калектыў стварае кіраўнік

Свае музычныя ўніверсітэты мастацкі кіраўнік ансамля «Асалода», яго творчы лідар Васіль Гарох, пачаў праходзіць у Янаве. Тут ён скончыў музычную школу, быў удзельнікам духавога аркестра. Тэрміновую службу малады хлопец праходзіў у ваенным аркестры. Пасля з поспехам скончыў курсы акампаніятараў, Гродзенскае культпрасветвучылішча, займаў пасаду кіраўніка хора, розных ансамбляў. Звяртаючыся да прысутных, кіраўнік дынастыі яркіх работнікаў культуры Іванаўшчыны, музыкант-віртуоз, лаўрэат шматлікіх конкурсаў Васіль Віктаравіч адзначыў тых людзей, дзякуючы якім сёння існуе «Асалода». У іх ліку – кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта, начальнік аддзела культуры райвыканкама Валянціна Барадзінчык, адміністрацыя Цэнтра культуры і народных традыцый. Не абыйшоў мастацкі кіраўнік і ўдзельнікаў ансамбля – Аліну Берташ, Валянціну Балюк, Таццяну Касянюк, Наталлю Лістраценка, Віталя Лініка, Аляксандра Бандаровіча, Кацярыну Талатыннік, Мікалая Гароха, Аляксея Крывецкага, Дзмітрыя Страпко, Вольгу Кухарчук, Таццяну Палянскую, Марыну Сяргееву, Кірыла Сафронава.
Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас бацькі В.Ф. Гароха, які прысутнічаў у зале:
– Якраз ён дараваў мне пуцёўку ў прафесію, прывіў любоў да музыкі, без якой я ўжо не ўяўляю сябе. Разам са мной ён развучваў шматлікія эцюды і гаммы, пакуль сябры бегалі па вуліцы з мячом, – адзначыў Васіль Віктаравіч. Пасля чаго дадаў: – У нас шмат творчых планаў і праектаў, якія, веру, у хуткім часе будуць рэалізаваны.  

Asaloda 1
Asaloda 11
Asaloda 2
Asaloda 3
Asaloda 4
Asaloda 5
Asaloda 6
Asaloda 7
Asaloda 8
Asaloda 9

Шчымлівыя ўспаміны і памятныя падарункі

падарылі юбілярам ганаровыя госці. Так, дырэктар Белаазёрскай школы мастацтваў Валерый Скарына ўзгадаў першыя музычныя крокі Васіля Гароха падчас яго працы ў Белаазёрску, творчыя нумары, стаўшыя сапраўдным брэндам. Пасля чаго вакалісткі Пескаўскага сельскага Дома культуры зрабілі музычны падарунак калектыву і ўсім гледачам, выканаўшы песню, аўтар якой – мастацкі кіраўнік «Асалоды». Кампазітар Валянцін Перапёлкін, у сваю чаргу, падкрэсліў: – Не кожны маленькі гарадок, як наш Янаў, можа пахваліцца такімі грандамі мастацкай самадзейнасці, яркімі талентамі і самабытнай культурай. Разам з гэтымі калектывамі дзесяць гадоў таму з’явіўся выдатны ансамбль «Асалода». Мне вельмі прыемна, што ўзначальвае яго чалавек, які схіляецца перад музыкай, які не шкадуе ні грошай, ні часу на развіццё народнага ансамбля народнай музыкі, які заўсёды цікавіцца жыццём удзельнікаў калектыву. І дай Божа, каб гэта працягвалася як мага больш.   
Словы віншаванняў ад імя адміні-страцыі адкрытага акцыянернага таварыства «Белсолад» гучалі ў гэты дзень з вуснаў яго прадстаўніка Андрэя Дзенісейкі, які адзначыў высокі прафесіяналізм артыстаў, іх адданасць творчасці, якая дазваляе памнажаць духоўныя таленты Іванаўшчыны. Да вышэйсказаных слоў далучылася і прадстаўніца Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Орды Юлія Корзік. Прыемным дадаткам да асноўнага падарунка ад калег стаў музычны нумар у выкананні баяніста-віртуоза Дзяніса Вакера.
Пад гукі фанфараў уздымаліся былыя ўдзельнікі народнага ансамбля «Асалода». Нягледзячы на стомленасць пасля цяжкай змены на заводзе, яны спяшаліся на рэпетыцыю, змянялі працоўную вопратку на сцэнічныя касцюмы, рабілі ўсё магчымае дзеля мастацтва. Пацверджаннем таму сталі словы Вольгі Ляшко, адной з былых удзельніц «Асалоды»:  
– На рэпетыцыі і канцэрты мы беглі з неверагоднай энергіяй, якой зараджаў Васіль Віктаравіч. Ён заўсёды цікавіўся нашымі справамі на рабоце, дома. Калі ўзнікала такая неабходнасць – дапамагаў, прыслухоўваючыся да парадаў наконт творчай дзейнасці ансамбля, – зазначыла жанчына.
Свае словы віншаванняў выказалі калектыву і ўдзельніцы ансамбля «Пралеска», заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні «Палешукі», харэограф ансамбля Марына Уладзіміраўна Гарох.

Высокія ноты мастацтва

Заставацца на высокім узроўні і ўдзельнічаць у розных конкурсах «Асалодзе» дапамагае начальнік аддзела культуры райвыканкама Валянціна Барадзінчык: – Нам выпала велізарнае шчасце бачыць на сцэне калектыў, які сваім асаблівым дарам, любоўю да музыкі можа заводзіць зал і трымаць яго некалькі гадзін у стане натхнення і палёту. Калектыў, якім мы па праву ганарымся, – падкрэсліла Валянціна Андрэеўна. Пасля чаго ўручыла калектыву Ганаровую грамату за асабісты ўклад у справе захавання традыцыйнай культуры на тэрыторыі Іванаўскага раёна, развіццё песеннага мастацтва і грашовую прэмію на развіццё матэрыяльнай базы ансамбля.
Гаворачы пра творчы калектыў, нельга не адзначыць раённую ўладу, якая заўсёды аказвала падтрымку. Словы падзякі і віншаванняў з нагоды юбілею ад імя кіраўніцтва райвыканкама выказала старшыня Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Дарагакупец.
– Мне вельмі прыемна знаходзіцца ў гэтай зале. Сёння на Іванаўшчыне Каляды працягваюцца такім цудоўным святам. Хачу далучыцца да ўсіх віншаванняў і пажадаць, каб ваша творчае жыццё працягвалася не адным дзесяцігод-
дзем, – зазначыла Алена Паўлаўна. Пасля чаго ўзнагародзіла калектыў Ганаровай граматай Савета дэпутатаў і грашовай прэміяй.  
Дзякуй, «Асалода»!

Шмат цёплых слоў гучала ў адрас юбіляраў і ад тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння калектыву, і ад адданых гледачоў. Свята атрымалася. Яно доўжылася на працягу амаль трох гадзін, увесь канцэрт суправаджаўся фотапрэзентацыяй з творчага жыцця калектыву і бурнымі апладысментамі гледачоў, якія доўга не адпускалі артыстаў са сцэны.
Дзякуй, «Асалода», і спявай!

Анастасія ЦАЛЮК.
Фота аўтара.