Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

І боль, і жаль скараюцца любові

Количество просмотров:

Але з прасветласцю якой сцвярджаць я свету не баюся
Сваёю кожнай баразной: Жыву! Люблю! He наталюся!

Ніна Мацяш.

Сёлетні год адметны для Беларусі юбілеем слыннай берасцейскай літаратурнай зоркі Ніны Мацяш. 20 верасня Ніна Язэпаўна магла б адзначыць свой 75-ы Дзень народзінаў. Магла б… Але ж ніць яе жыцця абарвалася балесна і нечакана дзесяць гадоў таму.
У такім раптоўным і раннім сыходзе вінавацяць невылечную хваробу, якая адняла ў жанчыны ногі, па кроплі выпівала жыццёвыя сілы, але так і не змагла зламаць яе непакорлівую душу.

А мо прычына ў іншым? Мо творцы цесна было ў зямным прагматычным свеце? Яна трызніла ўзвышаным, марыла душою з небам гаварыць. Тыя, хто блізка ведаў паэтку, часта параўноўвалі яе з птушкай: яна жыла з неадольнай прагай палёту, няўрымсліва рвалася “з нікчэмства быту — да святла, каб стаць відушчым — да святла, з сіла любога — да святла”.
Імкнулася ўвысь… Птушка з гордым узмахам крыла… І Неба прыняло яе. Пэўна, там, у ясным іншасвеце, дзе яго насельнікі – “не тое голле, па-над якім вятрам бяды скуголіць усцяж, і ноч у ноч, і дзень пры дні”, яе чуллівае сэрца ўжо не плача па любові. Але ж болю ў сэрцах тых, каго звялі з Нінай Язэпаўнай пуцявіны лёсу, смылець і смылець…

Сустрэча з паэткай

Я з тых людзей, якія не мелі шчасця быць асабіста знаёмымі з паэткай. Але яна адкрылася мне праз яе вытанчанае “святадарнае” слова. Важнай жа нагодай ізноў дакрануцца да яе творчасці, успомніць гэтага светлага чалавека стала чарговае пасяджэнне народнага жаночага клуба “Прадслава”, якое ў цёплай сяброўскай атмасферы прайшло ў літаратурнай гасцёўні раённага Цэнтра культуры і народных традыцый.
- Запрашаем на нашу сустрэчу Ніну Мацяш, - адкрыла імпрэзу кіраўнік клуба Ларыса Дрычыц.
І Ніна Язэпаўна… далікатна-ўзнёсла ўвайшла ў залу. Увайшла несмяротнай “Калыханкай маме” (песня на вершы Н.Мацяш, музыку І.Вінаградавай), чуллівай, пранікнёнай, пяшчотнай – і азарыўся любоўю твар кожнага прысутнага і ўвесь лістападаўскі дзень.
Быць разам выпадае нам
так мала...
Забудзь трывогу вечную сваю,
Прыляж, мая
натомленая мама,
Як некалі ты мне, табе спяю.
Задрэмлюць веі над вачыма
 карымі —
He дам упасці й парушынцы я.
Сустрэнься ў сне з сабой,
мая ласкавая,
З вясной сваёю, любая мая.
Паэтка, якой у жыцці не да-дзена было спазнаць шчасце мацярынства, трапятліва, вельмі беражліва ставілася да сваёй матулі. “І сеяла-садзіла, і прала, і ткала, і шыла, і вышывала. А як спявала, танцавала! Непісьменная была, а ўсёй душой гарнулася да хараства зямнога. Турботы сялянкі незлічоныя: дзеці, гаспадарка, гарод, поле. А ў нашай хаце не пераводзіліся кветкі: пасаджаныя мамай вазоны, прынесеныя ёй лугавыя краскі”, – з надзвычайнай цеплынёй згадвала Ніна пра маці Алену Сымонаўну. Гэта матчынымі рукамі было ўзнята сонца над яе дачушкай. “Усё добрае ўва мне – ад бацькоў”, - сцвярджала Ніна.
Язэп Мікалаевіч (бацька) і Алена Сымонаўна жылі ў згодзе, нарадзілі дзесяцёра дзяцей.

Macjash 2
Macjash 3

Музыка ў паэзіі

На працягу апошніх дзесяці гадоў жыцця Ніна Мацяш мела цесныя стасункі з Валянцінам Перапёлкіным. У сааўтарстве двух таленавітых людзей напісана не адна хвалюючая песня.
- Гэтыя гады для мяне – цэлая эпоха, - кажа кампазітар. - Неаднойчы мы ладзілі з Нінай сумесныя вечарыны.
Музыкант удзячны аўтару не толькі за плённае творчае супрацоўніцтва, але і за шчырае сяброўства, спагадлівасць і чалавечнасць. Калі страшэннай хваробай прыйшла да Валянціна Васільевіча бяда, Ніна сваім чуйным крылом, як магла, атуляла яго ад смерці: скарыстоўваючы свае літаратурныя кантакты з замежнымі пісьменнікамі, замаўляла ў іх дэфіцытныя замежныя прэпараты для лячэння захворвання.
- А аднойчы патэлефанавала ў бальніцу, - успамінае мужчына. – І папрасіла мяне неадкладна пісаць музыку на яе лібрэта “Маленькі прынц” па творы Антуана дэ Сент-Экзюперы. “Спадзяюся на цябе: павінен адбыцца цудоўны мюзікл”, - даводзіла яна. Я зразумеў, што яна хацела, каб я не зацыкліваўся на сваёй немачы, уключыўся ў працу, бо натхненне і пазітыўныя эмоцыі – найлепшы лекар.
Журботнай слязой пакутавала памяць. Вярэдзілі сэрцы слухачоў акрыленыя вершы паэтэсы, пакладзеныя кампазітарам на музыку. «Беларусь”, “Песня пра Белаазёрск”, “Чорны воран”, “Узмах крыла”. Панавала ўзрушанасць душ, прыўзнятых над будзённасцю трапяткім крылом творчасці, бо, “дзе Песня галаву ўзняла, там шэрасці не выжыць”. А Ніна Мацяш прыязна, з замілаванасцю і ўдзячнасцю глядзела на сваіх прыхільнікаў з вялікага экрана.

Успамінаў святло

Пра Ніну Язэпаўну распавядалі падчас сустрэчы Рыгор Сыраватка, Ларыса Сацута, Надзея Паліўка, Марыя Чэкан. У кожнага з іх – свая светлая згадка пра пісьменніцу, свае жыццёвыя эпізоды і пашанотныя пачуцці. Але ва ўсіх успамінах яна спагадлівая, дасціпная, прыгожая і надзейная.
- Лёс мой – цяжкі колас, часам цяжкі камень, мне люляць цябе да скону кволымі рукамі, - згадваў пра паэтку ветэран педагагічнай працы Рыгор Рыгоравіч. – Хай сабе рукі гэтай жанчыны кволыя былі, хай сабе “ішла” яна па жыцці ў бедах, бы ў шаўках, але яна была моцная духам.
Першае наша знаёмства адбылося ў 1970 годзе. У нас, студэнтаў, атрымаўся прамежак вольнага часу, калі збаграна апошняя сесія, а да дзяржаўных экзаменаў яшчэ далёка. Тады мы з Алесем Разанавым надумаліся арганізаваць вечарыны паэзіі на Бярозаўшчыне. Атрымалі дазвол у абкаме камсамола. Узялі ў кампанію Колю Пракаповіча і пачынаючага паэта Лёню Якубовіча з Салігорска (усе мы былі аднакурснікамі). Тыдзень жылі ў хаце бацькоў Ніны Мацяш. Ніна была ўжо хворая. Дык мы яе на творчыя сустрэчы насілі на руках. Яна не толькі пісала вершы, але і цудоўна спявала, нават сама складала музыку…

Ралля суровая жыцця

Калі жанчына зразумела, якое незайздроснае выпрабаванне падрыхтаваў ёй лёс, яна прыйшла да высновы: адзінае, што дае надзею не быць адрынутай жыццём, – гэта разумовая праца.
Твайго палону прагну я —
He адпускай мяне, работа.
Хай дыхае у твар спякотай
Ралля суровая твая.
Хіба гэта не моц духу, не жаночая мужнасць? У цяжкім наканаванні творца нават бачыла нейкі вышэйшы сэнс (каб не бяда, то была б сціплай настаўніцай і не стала б літаратарам). Таму заставалася адно выратаванне – крок наперад. Кожны дзень пачынаўся з гэтага кроку.
Бясплённа дзень не праміне,
На мары не патрачу.
Смяюся, калі смешна мне,
А плачацца – нн плачу.
Яна не выстаўляла свайго болю напаказ. Нічым не выдавала яго. “Не рабіце мне скідак, паверце ў мяне”, - пісала паэтэса ў адным са сваіх твораў. І людзі верылі гэтай моцнай духам безабароннай жанчыне. Яны ішлі да яе, ішлі пагутарыць, ішлі па дапамогу. Яе просты дом не ведаў замкоў. І ўсё ж, калі ўважліва ўчытацца ў кранальныя радкі вершаў, можна зразумець, што Ніна Язэпаўна зрэдку дазваляла сабе быць стомленай і нямоглай – калі адна заставалася ў сваёй кватэры. Яна даверліва спавядалася сваёй вернай спадарожніцы – паэзіі – аб цяжары жыцця, з якім ёй будзе “зусім не шкода аднойчы развітацца”.
Бо што б мяне
прызеляніла тут?
Якая ўжо мяне чакае радасць,
Як дружны род мой
расхістала здрада,
Як дзецьмі не ацеплены
 мой кут,
Як песенны мой дар
не мае ўлады
І над драбнейшаю са смут?..

Ля растайнай вярсты

Успамінаючы юбілярку,
удзельнікі сустрэчы са скрухай адзначалі яе раптоўны сыход.
- Сямнаццатага снежня мы разам былі на вечарыне, - расказваў Валянцін Перапёлкін. - Нішто не нагадвала пра набліжэнне бяды.
Але ці так?
У той вечар у сардэчнай размове Ніна Язэпаўна прызналася сябрам, што бачыла ў сне маму: Алена Сымонаўна ішла па завеі, па снезе. “Ідзі за мной! – клікала яна дачку. – Ступай у мае сляды.
Сон той аказаўся прарочым: дзевятнаццатага снежня Ніны Мацяш не стала. Яна па матчыных слядах пайшла ў Вечнасць. Не, не пайшла – паляцела. Усявышні не даў моцы яе нагам, але Ён даў ёй крылы…

Паміж слязой і ўсмешкай

Перад сыходам пісьменніца падрыхтавала свой новы зборнік “У прыгаршчах ветру”, у які ўвайшлі творы апошніх гадоў жыцця. На жаль, выданне выйшла як пасмяротнае. Кніга ўспрымаецца як размова паэткі з чытачом з растайнай вярсты, што надае вершам асаблівую пранізлівасць.
Пранізлівыя радкі, шчымлівыя ўспаміны, захапленне паэтычным і чалавечым талентам, цеплыня сяброўскіх зносінаў – усё гэта было падчас мерапрыемства, прысвечанага Ніне Мацяш, якое так і праходзіла – паміж слязой і ўсмешкай. Але ж боль і жаль скарыліся перад любоўю. Любоўю паэткі да жыцця, да людзей і нашай да яе любоўю.

Ірына САЛОМКА.
Фота аўтара.