Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

І зноў гудзела свята ў Опальскім фальварку

Количество просмотров:

Раённае свята фальклора «Опальскі фальварак» прайшло на мінулым тыдні. Гасцінная опальская зямля ў чацвёрты раз прымала шматлікіх удзельнікаў вялікага мерапрыемства народнай песні і творчасці, сапраўдных аматараў з нашага раёна. 

За некалькі гадзін да пачатку фэста вакол галоўнай пляцоўкі разгарнулі работу дванаццаць мясцовых медавікоў з Опаля, Лядавічаў, Моталя, Дружылавічаў. Шматлікія гледачы і ўдзельнікі свята маглі пачаставацца прыгатаванымі на кастры юшкай, шашлыкамі, набыць мёд, гатовыя лапці і самаплеценыя кашы, капелюшы, зробленыя рукамі ўмелых рамеснікаў. 
Святочная праграма распачалася феерычнай з’явай шчырай гаспадыні фэсту пані Габрыэлы Залеўскай, якая прыехала на брычцы. З’явіўшыся перад гледачамі, пані паведаміла, што на працягу некалькіх месяцаў вандравала па замежных краінах. Гістарычная пастаноўка суправаджалася музычнымі выступленнямі лепшых творчых калектываў Іванаўшчыны. Яснавяльможная пані Габрыэла Залеўская разам з панамі і сялянамі на розных мовах вялі гутарку з мясцовымі жыхарамі і шматлікімі гледачамі свята. 
Творчыя калектывы адорвалі паненку рознымі падарункамі. Так, вакальны жаночы калектыў «Палясяначка» Яечкавіцкага сельскага Дома культуры ўручыў пані Залеўскай парасон і бочачку мёду, фальклорна-этнаграфічны тэатр «Мотальскія суседзі» (сельскі Дом культуры аг. Моталь) – каравай, народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Панёвы» Опальскага СДК, адорваў пані дажыначным снобам у гонар заканчэння жніва. Аднак асноўным падарункам сталі музычныя нумары.


Пані Габрыэла Залеўская, у сваю чаргу, кожнаму з ўдзельнікаў свята – творчым калектывам – уручыла на памяць самаробныя плеценыя кашы. Назіраючы за дзеяй, якая разгарнулася на ўпрыгожанай канцэртнай пляцоўцы, жыхары адзначылі неардынарны знешні выгляд артыстаў, падкрэсліўшы, што работнікі культуры паўнавартасна перадалі вобраз паноў і сялян таго часу.  
Шчыра вітала і віншавала са святам Мядовага спасу, у гонар якога ладзіўся багаты кірмаш, мясцовую і заезджую грамаду, паноў і паненак, сялян і гасцей старшыня Опальскага сельвыканкама Галіна Варашылава. Звяртаючыся да прысутных, Галіна Васільеўна адзначыла, што фэст за гады свайго існавання стаў своеасаблівым брэндам апалян. Кіраўніцтва сельвыканкама паабяцала: пятае, юбілейнае свята народнага фальклору пройдзе ў шырокім маштабе з удзелам шматлікіх творчых калектываў і гасцей.    
Святочны настрой гледачам стваралі творчыя калектывы Іванаўскага раёна – народныя вакальныя ансамблі «Панёвы», «Мотальскія суседзі», «Палясяначка», «Жураўка». Магчымым свята стала дзякуючы арганізатарам – аддзелу культуры Іванаўскага райвыканкама, раённаму Цэнтру культуры і народных традыцый, Опальскаму сельвыканкаму, раённай цэнтральнай бібліятэцы імя Ф.І. Панфёрава, мясцоваму сельскаму Дому культуры. 
Кожны, хто завітаў на фальварак, знайшоў адпачынак для душы, дакрануўся да спрадвечнага і непаўторнага народнага мастацтва, культуры палескага панства.

 Анастасія Цалюк.