
Іванава – культурная сталіца Беларусі-2025
Іванава стане культурнай сталіцай Беларусі ў 2025 годзе. Такое рашэнне было аб’яўлена на калегіі Міністэрства культуры, якая адбылася на мінулым тыдні ў Мінску.
Акцыя «Культурная сталіца Беларусі» праводзіцца з 2010 года. Гэты прэстыжны статус ужо атрымлівалі 14 гарадоў, у тым ліку два з Брэсцкай вобласці – Брэст і Пінск. Сёлета канкурэнтамі Іванава былі Масты, Паставы, Рагачоў і Салігорск – па адным горадзе ад кожнай вобласці (за выключэннем Магілёўскай, прадстаўнік якой – г. Бялынічы – зараз носіць статус культурнай сталіцы).
– Удзел у конкурсе пачаўся з падачы заяўкі і абгрунтавання, чаму менавіта Іванава павінна стаць культурнай сталіцай краіны, – расказаў начальнік аддзела культуры райвыканкама Валянціна Андрэеўна Барадзінчык. – У сціслыя тэрміны мы склалі праект праграмы, якую гатовы прапанаваць гледачам у 2025-м годзе. Яна ўключае больш за 100 культурных мерапрыемстваў. Гэта найперш нашы рэгіянальныя фестывалі, з улікам інавацыйных праектаў, рэспубліканскія акцыі, святы, брэндавыя праекты і г.д. З першым этапам справіліся добра, наша заяўка прайшла без паправак. А фінальны этап адбыўся ў Нацыянальнай бібліятэцы 28 сакавіка.
У сталіцу з’ехаліся ўсе ўдзельнікі конкурсу. Дэлегацыю нашага раёна ўзначалілі Валянціна Андрэеўна Барадзінчык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Рыгор Максімавіч Сыса. Канкурсантаў ацэньвала высокае журы пад кіраўніцтвам Міністра культуры Анатоля Мечыслававіча Маркевіча.
– Канкурэнты былі моцныя, якія ўжо прымалі сур’ёзныя рэгіянальныя і рэспубліканскія праекты, – паясніў Рыгор Максімавіч. – Але была цвёрдая ўпэўненасць, што зможам прэзентаваць сябе годна, зможам давесці, што край наш самабытны – з багатай спадчынай, гісторыяй, высокім узроўнем культуры. Для прэзентацыі ўдзельнікам адводзілася па 15 хвілін. На самым пачатку кароткую візітную картку раёна прадставіў Рыгор Максімавіч Сыса. Ён расказаў аб асаблівасцях нашага рэгіёна, сацыяльна-эканамічнай сферы, вытворчасці, славутасцях. Потым была прадэманстравана відэапрэзентацыя культурнага патэнцыялу Іванаўшчыны, прадстаўлены нашы культурныя здабыткі, музеі, арыгінальныя мясцовыя традыцыі, знакамітыя землякі – Напалеон Орда, Францішак Бруздовіч, Марыя Бутаўт-Андрайковіч, Скірмунты і інш. Акрамя таго, асаблівасць нашага раёна ў тым, што мы маем без малога тры дзясяткі статусных калектываў
мастацкай самадзейнасці, якія на любых сцэнічных пляцоўках могуць даваць канцэрты рэспубліканскага ўзроўню.
Самым «смачным» і каларытным начыннем прэзентацыі стала выступленне заслужанага аматарскага калек-
тыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі і песні «Палешукі», які прадставіў неверагодна арыгінальны твор «Палеская інструмен-
тальная» ў апрацоўцы кіраўніка калектыву Івана Іванавіча Засімовіча. Выступленне пакінула настолькі яркае ўражанне ў камісіі і асабіста Міністра культуры, што той, незалежна ад вынікаў конкурсу, прапанаваў калектыву быць пастаянным удзельнікам усіх рэспубліканскіх і міжнародных праектаў. Тэатр народнага гумару «Лабуры» на мясцовым дыялекце ва ўласцівай яму вясёлай манеры прадставіў усе цікавыя «фішкі» Іванаўшчыны. А завяршылася выступленне кампазіцыяй «Край Іванаўскі», напісанай нашым вядомым музыкам і кампазітарам Міхаілам Аляксандравічам Каспяровічам.
У выніку наша прэзентацыя была высока ацэнена членамі журы. Бліжэйшага канкурэнта – горад Салігорск – мы апярэдзілі на 30 (!)
балаў.
Як адзначыў Рыгор Максімавіч Сыса, атрыманне статусу «Культурная сталіца Беларусі» – гэта не толькі высокі гонар, але і вялікая адказнасць, якая дасць штуршок усебаковаму развіццю Іванаўшчыны.
– На працягу ўсяго наступнага года мы правядзем шмат мерапрыемстваў пры фінансавай падтрымцы Мінкульта і ўпраўлення культуры аблвыканкама, – дапоўніла Валянціна Андрэеўна. – Гэта добрая магчымасць не толькі пазнаёміць людзей з мясцовымі творчымі калектывамі, але і далучыць іх да прафесійнай культуры, запрасіць да нас у госці вядучыя калектывы краіны, зорак эстрады. Лічу, што нам будзе чым здзівіць гледачоў.
Эстафету культурнай сталіцы Беларусі Іванава прыме ў канцы цяперашняга ці пачатку будучага года.
Валерый Міхальчук.
Фота з архіва рэдакцыі.