Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Калектывы пацвярджаюць званне «народны»

Количество просмотров:

Чарговая культурная падзея адбылася на Іванаўшчыне ў нядзелю, 10 лютага. Чатыры калектывы аматарскага мастацтва пацвердзілі званне «народны», а таксама творчыя калектывы і салісты прынялі ўдзел у абласным фестывалі сучаснага мастацтва «Эстрадны мікс». Для ацэнкі творчых нумароў у Янаў прыехала спецыяльна створаная камісія з горада над Бугам.

Народна-фальклорны гурт «Залядынская гамонка» прадэманстраваў прысутным экспазіцыю краязнаўства ў вёсцы Баландзічы, мясцовы народны абрад «Выкуп скрыні» (абрадавыя дзеі «Адпраўленне ў дарогу», «Выкліканне сватоў», «Выкупленне скрыні», «Перадача скрыні сватам»). Мастацкі кіраўнік калектыва Ірына Кацко на працягу некалькіх месяцаў рыхтавалася разам з
удзельнікамі гурта да пацвярджэння звання. Самабытным матэрыялам і мясцовай гаворкай здзіўлялі прысутных удзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага тэатра «Мотальскія суседзі», якія рэканструявалі абрад каляндарна-земляробчага цыклу «Калядкі», суправаджаючы дзею абрадавымі песнямі і скокамі, гульнямі і танцамі.
У гэты ж час у танцавальнай зале Цэнтра культуры і народных традыцый праходзіў адбор удзельнікаў абласнога фестывалю сучаснага мастацтва. У ім удзельнічалі ўзорны тэатр «Папугай» раённага Цэнтра культуры і народных традыцый, творчыя калектывы Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў, ДУА «Сярэдняя школа №4 г. Іванава», сельскіх Дамоў культуры раёна.
Тэатр народнага гумару «Лабуры» прэзентаваў гумарыстычную праграму «Лабурскі MIX», якую падрыхтаваў для ўдзелу ў сёмым абласным свяце народнага гумару «Спораўскія жарты». Прыемным сюрпрызам стала дэфіле касцюмаў народнага стылю. Члены журы адзначылі падрыхтоўку не толькі мастацкіх калектываў, але і маленькіх зорачак эстраднай песні – Антаніны Семянюк, Марыі Старавойтавай, Анастасіі Старавойтавай, Веранікі Серады, Марыі Гарох, Святланы Севярынчык, ансамбляў і салістаў чацвёртай гарадской школы. Азнаёміцца з рашэннем на пацвярджэнне калектывамі звання «народны» мастацкія кіраўнікі змогуць праз два месяцы, калі будуць вядомы вынікі камісіі. Адбор салістаў і творчых калектываў, якія прымуць удзел у абласных конкурсах і канцэртнай праграме, прысвечанай тысячагоддзю Брэста, адбудзецца пасля таго, як члены журы пазнаёмяцца з прадстаўнікамі ўсіх раёнаў Брэстчыны.

Анастасія ЦАЛЮК.