Каравай рашчынялі, добрай долі жадалі
Усе маладыя хочуць, каб вяселле засталося ў памяці іх і гасцей на ўсё жыццё.
За некалькі месяцаў да свята падбіраюцца аксэсуары, пачынаючы з афармлення вясельнай залы пад колер шлюбнай сукенкі дзяўчыны і касцюма жаніха, заканчваючы заручальнымі пярсцёнкамі, першым танцам і феерверкам у гонар маладых. У вясельнай мітусні маладыя забываюць пра традыцыі нашых бабуляў і дзядуляў. Так, вяселле ўжо не гуляюць тыдзень, як гэта рабілі раней. Паступова губляецца даўняя традыцыя вясельнага каравая. Маладыя частуюць гасцей прыгожымі размаляванымі тартамі. Але, як кажуць старыя, не хоча прымаць душа гэтыя прысмакі замест каравая, якім раней частавалі гасцей падчас уручэння падарункаў. А ўсё таму, што хлеб – гэта жыццё, а каравай – першы хлеб, якім частуе маладая сям'я. Ён вылучаецца добрай якасцю. Да таго ж, на Палессі караваю з даўніх часоў прыпісваюць магічныя функцыі.
На шчасце, у Іванаўскім раёне, у аграгарадку Моталь, захавалася традыцыя не толькі выкарыстання каравая на вяселлі, але і яго прыгатавання рукамі сапраўдных каравайніц у аўтэнтычных умовах. З такімі цудоўнымі жанчынамі мне пашчасціла пазнаёміцца падчас правядзення старадаўняга абраду «Вясельны каравай», які, дарэчы, прыязджала здымаць група папулярнай беларускай тэлеперадачы «Наперад у мінулае». Сёння паспрабую расказаць вам аб гэтым больш падрабязна.
Дакладны час узнікнення каравайнай традыцыі невядомы, але сучасныя яе носьбіты адзначаюць, што каравай пяклі яшчэ іх прадзеды.
У прыгатаванні маглі ўдзельнічаць толькі замужнія жанчыны, якія мелі моцную сям'ю і дзяцей.
– Пачынаўся абрад з малітвы, якую раней чыталі раніцай у суботу адначасова ў хаце жаніха і нявесты, бо каравай пяклі паасобку ў маладой і маладога. Жанчыны маліліся Богу і разам з тым прасілі добрай долі маладым, мясіўшы пры гэтым цеста. Раней на каравайны абрад матулі бралі з сабой сваіх дзяцей. Разам з імі дзяўчынкі ўключаліся ў вязанне пучкоў аўсу, барвенку і выраб кветак. Старэйшае пакаленне перадавала такім чынам традыцыі сваім нашчадкам, – дзеліцца адна з удзельніц фальклорна-этнаграфічнага тэатра «Мотальскія суседзі».
У вялікай пасудзіне жанчыны пачынаюць змешваць цёплае малако, растопленае масла, цукар і соль, дрожджы і добра перамешваюць, пасля чаго насыпаюць некалькі шклянак мукі. Сумесь зноў перамешваецца ў аднародную масу, якая накрываецца і ставіцца ў цёплае месца. За апарай, як і раней, увесь час сочаць, каб ніхто нічога не падкінуў. Ажыўшае цеста на нашых вачах падбіваюць лыжкай. Робіцца гэта дзеля таго, каб выйшлі газы. Далей пачынаецца замес. Месіць цеста першая каравайніца – старэйшая сястра ці нявестка. Дапамагаюць ёй іншыя жанчыны: дадаюць узбітыя яйкі, ванілін – для смаку, вымешваючы цеста. Падчас замесу нельга адымаць рукі ад цеста.
– Чаму менавіта з дому нясуць прадукты? – пытаюся ў жанчын.
– Вясельны каравай з'яўляецца своеасаблівым дарам роду. Да таго ж, з даўніх часоў лічыцца, што толькі ў гэтым выпадку каравай падчас замесу набудзе сакральныя магічныя ўласцівасці, – чую ў адказ.
Увесь працэс падрыхтоўкі каравая суправаджаецца адмысловымі песнямі і малітвамі, якія, дарэчы, уразілі не толькі мяне, але і творчую групу тэлепраекта.
– Наша паездка ў Моталь не была выпадковай. У сваёй тэлепраграме мы паведамляем гледачам пра глыбінку, дзе захаваліся беларуская фальклорная спадчына і самабытныя абрады. Беларуская аўтэнтыка набывае сучаснае гучанне, а здабыткі народнай культуры праз творчую аранжыроўку становяцца бліжэй да гледачоў. Да таго ж, мы не толькі знаёмімся з носьбітамі каштоўных ведаў, але і распавядаем пра адметнасці пэўнай мясцовасці: народны побыт, рамёствы і асаблівасці дыялекту. Сёння існуе спецыяльная праграма, якая трывала ўвайшла ў практыку музея. Але, на жаль, не кожны мае магчымасць прыехаць у Моталь і на свае вочы пабачыць абрадавае свята «Вясельны каравай». Затое ён можа зрабіць гэта, калі пабачыць нашу тэлеперадачу ў эфіры, знаходзячыся дома, – адзначыла ў прыватнай гутарцы вядучая праграмы «Наперад у мінулае» Аксана Вечар.
Адна з асаблівасцей абраду, які мне давялося пабачыць,–
спецыяльная пасудзіна, у якой каравайніцы мыюць рукі пасля замесу цеста. Некалькі разоў яны праспявалі песні, выцерлі рукі прыгожым ручніком, пасля чаго вынеслі ваду ў двор і вылілі пад дрэва ў садзе, прыгаворваючы пры гэтым: «Каб ваду не тапталі, каб усё ладзілася ў сям'і, нара-
джаліся дзеці».
Пра лекавыя ўласцівасці «шышак»
Пакуль топіцца печ, каравайніцы пачынаюць вымешваць цеста, якое дзеліцца на тры часткі. Адна пойдзе на каравай, другая – на ўпрыгожванне, а трэцяя – на «шышкі».
Гатовы каравай кладзецца ў металічны таз для выпечкі, які змазваецца алеем. У гэты час робіцца каса – сімвал спляцення двух родаў, якой будуць аплятаць каравай. Іншыя жанчыны з дзяўчынкамі качаюць «барыльца» з цеста – спецыяльныя ўпрыгожванні на каравайны бохан. Касу замацоўваюць зубачысткай, каб засталася на месцы.
Назіраючы за працэсам, звяртаю ўвагу, што галава ў дзяўчынак не пакрытая хусткай, як у жанчын-каравайніц.
– Дзеткам хусткі не вяжуцца, таму што яны яшчэ не замужнія, – тлумачыць дырэктар Мотальскага музея народнай творчасці Вольга Кульбеда. Дарэчы, «шышкі» выпякаюцца асобна ад каравая, пасля чаго ўпрыгожваюцца аўсом, барвенкам і кветкамі. «Шышкі» на караваі абвязваюцца чырвонай суканай ніткай, якая мае лекавыя ўласцівасці. Адносна каравая існуе дзіўная прыкмета: ён павінен вырасці ў печы і не растрэскацца, каб была шчаслівая сям'я. Кавалі прыходзілі ў тым выпадку, калі вясельны каравай вырастаў у печы да такіх памераў, што, каб яго дастаць, прыходзілася разбіраць вусце. Працэс выклікання кавалёў абавязковы, але жартоўны.
Выкупай, мядзведзь, каравай!
Так называецца апошняя частка каравайнага абраду. Выкупае каравай блізкі родзіч – дбайны гаспадар і добры сем'янін, якога называюць мядзведзем. Спытаеце чаму? Мужык апранаў вывернуты навыварат кажух і шапку. Грошы клаў абавязкова пад каравай. Затым каравай высока паднімаў і круціў услед за сонцам, выносячы яго ў камору.
Жаніх прыязджаў да нявесты ўжо з караваем. Пасля вянчання ў царкве сваты ўносілі караваі ў святочны зал, дзе праходзіла вяселле. Пры гэтым каравай стараюцца несці як мага вышэй. Лічыцца, што ў сям'і галоўным будзе той, чый каравай будзе знаходзіцца вышэй. Кавалачак булкі і «шышкі» атрымліваў кожны госць, кладучы ўзамен грошы.
Унікальныя песні і своеасаблівы каларыт
Мотальскі абрад «Вясельны каравай» ад пачатку да канца суправаджаецца песнямі. Гэтыя песні ўнікальныя, бо пазбеглі ўплыву суседніх культур. Яны маюць адзін напеў і своеасаблівую манеру гучання, надаюць абраду своеасаблівы каларыт, эмацыйную сілу і манументальнасць. Свята, на якім мне пашчасціла прысутнічаць, з'яўляецца прыкладам абрадаў, якіх на Палессі і ў Беларусі ў цэлым захавалася вялікае мноства. Магчымасць
удзелу ў такіх мерапрыемствах, іх папулярызацыя і ўключэнне ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей, пазнавальныя туры, на мой погляд, могуць стаць «разыначкай» турызму ў Беларусі. Прыяз-
джайце абавязкова ў гэты дзіўны аўтэнтычны край – аграгарадок Моталь – і пераканайцеся ў гэтым!
Анастасія ЦАЛЮК.
Фота аўтара.