Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 52 91 +375 29 635 01 44 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Карункі паэзіі ад Лізаветы Саханчук

На стале ў хаце, ля шырокага падваконня, – пяшчотны букет васількоў. Насычаны сіні колер кветак. Таксама насычаны, але ўжо зялёны – колер лістоты. Адным словам, яркія адценні лета.

А за акном рассцілаецца неабсяжны восеньскі краявід: размыта-блакітная рачная плынь, такі ж блякла-блакітны нябесны прасцяг, раздзеленыя між сабой расплывістымі сілуэтамі дрэў на далёкім гарызонце. Ля самага акна – летуценная таполя ў карунках залацістай лістоты. Карункавыя бліскаўкі ляцяць, кружацца над ракой, долам, б’юцца ў халодную шыбіну.

Такім найперш, як толькі возьме ў рукі, убачыць зборнік вершаваных твораў Лізаветы Саханчук чытач. Магчыма, ён не надасць выяве на вокладцы асаблівай увагі. Што ж тут дзіўнага: пейзаж як пейзаж, галоўная інтрыга – ШТО схавана пад вокладкай? Аднак не варта скідваць з рахунку тое, што, як кажуць, ляжыць на паверхні.
Лізавета Сямёнаўна вельмі ўдумліва падыходзіла да пытання афармлення кніжачкі, і вокладка – не проста аздоба, восеньскі краявід абраны невыпадкова: у лёсе жанчыны ўсталявалася восень. Ёй усё яшчэ не верыцца, што наступіла яна, гэтая мудрая, настальгічная жыццёвая пара. Яна хоча заставацца ў аксамітным леце, ды і душа яе, цёплая, сонечная, як і раней, усё яшчэ ў росквіце любасці да жыцця. Аднак… Імкнучыся быць шчырай сама з сабою, аўтарка не-не дый зазначае: восень прыйшла.
Адкрыю вам сакрэт: напачатку паэтка, прызнаючы неадольнасць часу, нават меркавала назваць свой зборнік красамоўна “І ўсё-такі – восень…”. Але ж… прыроджаны аптымізм, жыццялюбства і, магчыма, крышачку чароўнае жаночае какецтва ўзялі верх над цвярозай разважлівасцю – і яна змяніла назву на больш пазітыўную, шырокую “Карункі жыцця”.
Так і атрымалася, што восень жыцця Лізаветы Саханчук – карункавая, маляўнічая і, канечне ж, паэтычная.
Штрыхі да біяграфіі

Напэўна, пераказваць біяграфію аўтара няма рацыі, бо гэтага няўрымслівага чалавека, ветэрана педагагічнай працы ды, зрэшты, проста абаяльную жанчыну, цікавую субяседніцу, ведаюць многія. Хіба што – некалькі штрыхоў для недасведчаных.
Лізавета Сямёнаўна Саханчук (Балюк) нарадзілася ў вёсцы Трыліскі. Працавала настаўніцай мовы і літаратуры, гісторыі, сусветнай мастацкай культуры (скончыла філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна, гістарычны факультэт Мінскага педуніверсітэта імя Максіма Танка) ў Гарбахскай і Яечкавіцкай школах. Зараз на пенсіі. Жыве ў аграгарадку Яечкавічы.
Творы Лізаветы Саханчук з’яўляліся ў раённым, абласным і рэспубліканскім друку, у 2012 годзе творчая спадчына аўтаркі ўвасобілася ў зборнік “А над Няслухай журавы…”
Старасць? Гэта не пра яе!

Зборнік “Карункі жыцця” ўбачыў свет, дзякуючы спонсарскай дапамозе былога вучня Лізаветы Сямёнаўны Рыгора Бабіча, які такім незвычайным чынам аддзячыў настаўніцы за ўсё тое “разумнае, добрае, вечнае”, што яна сеяла ў яго душы.
На старонках выдання чытач знойдзе і пейзажную лірыку, і філасофскія роздумы-ўспаміны пра далёкае маленства, чароўны свет юнацтва, узнёсласць маладых пачуццяў, і прысвячэнні ўнукам, вучням, сябрам, і пранікнёныя творы з “Чарнобыльскага дзённіка”, і гумарыстычныя сцэнкі з вясковага жыцця, і меладычныя вершы, перакладзеныя на музыку кампазітарам Валянцінам Перапёлкіным.
Нягледзячы на тэматычную шматпланавасць зборніка, увесь ён прасякнуты восеньскімі матывамі. Лірычная гераіня “на ўскрайку “бабінага лета” заблудзілася”. Яна ведае: восень ёй рыхтуе дажджы, ды спадзяецца, што жыццёвыя сцяжынкі пахаваюцца ў павуцінках і доўгім будзе яе блуканне па восеньскім ранні. А ўвогуле, заспакойвае яна сябе, восень таксама цудоўная пара, яна мае свае сюжэты:

Ах, якую акварэль
Напісала восень:
Пра туманную макрэль
Праглядае просінь.
Крышку сонейка святла,
Каб надаць імпэту.
Увосень кропелькі цяпла
Даражэй, чым летам.

Альбо:

Падары мне, восень,
фарбы арабіны,
Срэбра павуцінак, золата бяроз,
Каб мяне заўважыў
любы мой, адзіны,
Той, па кім я выліла азярэчка слёз.

Лізавета Сямёнаўна такая ж абаяльная і ўзнёслая, як і яе гераіня. Лёс не аднойчы выпрабоўваў яе на вынослівасць, але не скарыў, не знішчыў у душы няўрымслівага жыццялюбства, якое да сённяшняга дня дапамагае атрымліваць асалоду ад кожнага дня, сузіраць красу навакольных краявідаў, па-філасофску мудра і дасціпна асэнсоўваць свой узрост, мець неадольнае жаданне ісці “няспешна па расе, ды з ветрыкам папутным…”
Няхай так і будзе, няхай у гэтым “блуканні” па шматфарбнай восені жыцця жанчыну суправаджае светлазарнае слова і недасяжна далёка будзе да скрушнай зімы.
Птушкі ў вырай адлятаюць,
Неба хмурыцца дажджом.
Чую-чую, знаю-знаю:
Восень ходзіць за сялом.

І калі мне начамі не спіцца,
Светлацені лаўлю ў акне…
Вырашаю пад журкат крыніцы:
Старасць? Гэта не пра мяне!

Ірына САЛОМКА.