Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Хору ветэранаў – 25 гадоў

Количество просмотров:

Без гэтага таленавітага творчага калектыву не праходзіць ніводная значная культурная падзея на Іванаўшчыне. «Залатыя галасы залатога ўзросту» – так ласкава называюць гараджане ўдзельнікаў нашага любімага ветэранскага хору «Непагасны агеньчык» Іванаўскага раённага Цэнтра культуры і народных традыцый. 7 лістапада гэты калектыў адзначыў свой 25-гадовы юбілей.

У канцэртнай зале ЦКіНТ сабраліся адданыя прыхільнікі таленту ветэранаў, сябры і калегі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і раённай улады. Падчас свята гледачы пазнаёміліся з калектывам, яго творчасцю, даведаліся пра яго гісторыю. 
Перыяд станаўлення ветэранскага хору прыходзіўся на дзевяностыя гады, калі складваўся новы этап развіцця мясцовай культуры. І ў гэты няпросты час тыя, хто стаяў ля вытокаў стварэння калектыву, здолелі знайсці і запрасіць захопленых музыкай людзей, далі кожнаму шанец стаць артыстам. Цёплыя словы падзякі гучалі ў адрас гэтых людзей – былога начальніка аддзела культуры райвыканкама Уладзіміра Шэляговіча і першага кіраўніка хору Міхаіла Каспяровіча. За час іх працы набыты багаты рэпертуар, закладзены добрыя традыцыі. 
Сёння калектывам кіруе малады і вельмі захоплены сваёй справай чалавек, адораны музыкант Іван Самахавец. Ён таксама далучыўся да слоў віншаванняў і падзякаваў калегам за плённае супрацоўніцтва. А яшчэ Іван Самахавец падрыхтаваў прыемны сюрпрыз – запісаў юбілейны дыск «А нам усяго толькі – 25!» з 34-х песень, які ўручыў кожнаму ўдзельніку калектыва. 
А затым выканаўцы дарылі 
шматлікім гледачам свае выдатныя музычныя нумары. Да іх выступлення далучыліся таксама сябры і калегі з вакальнага ансамбля «Пралеска» Іванаўскага ЦКіНТ, народнага хору «Ветэран» г. (Драгічын), народнага хору імя Назарава г. (Пінск), аматарскага  вакальнага ансамбля «Калынонька» (г. Любяшоў, Украіна).
У адрас юбіляраў прагучала шмат добрых слоў віншаванняў. Шматгадовую добрасумленную дзейнасць хора адзначыла дырэктар раённага Цэнтра культуры і народных традыцый Ніна Куліч, якая ўручыла ветэранам Падзячны ліст аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама. Да віншаванняў далучыліся таксама кіраўнік народнага жаночага клуба «Прадслава» Ларыса Дрычыц і старшыня грамадскага аб’яднання ветэранаў Васіль Куніцкі.
Прысутныя ўзгадалі і тых, хто ўжо сышоў у іншы свет, але да гэтага многія гады аддаў творчай дзейнасці ў хоры ветэранаў вайны і працы «Непагасны агеньчык». Гэта Алена Шумак, Віктар Беразоўскі, Любоў Загаруйка, Марыя Крывецкая, Ганна Паўлюшчанка, Канстанцін Амельяновіч, Пётр Радкавец.
Жыццё няўмольна бяжыць наперад, нітка творчасці бесперапынная. Але і цяперашні склад калектыву з годнасцю працягвае добрыя традыцыі і дасягае новых поспехаў.

Валерый Міхальчук.