Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Конкурс абаяльнасці і прыгажосці

Количество просмотров:

Адна з галоўных культурных падзей сярод моладзі Іванава – конкурс «Міс Восень-2019» – насуперак марознаму снежнаму вечару выбухнула феерыяй музыкі, дзявочых усмешак і песень. У перапоўненай зале раённага Цэнтра культуры і народных традыцый на свята, якое стала ўжо трывалай традыцыяй, сабраліся не толькі ўдзельніцы конкурсу, якія нібы толькі сышлі з вокладак глянцавых часопісаў і подыумаў конкурсу прыгажосці, але і моладзь, жыхары райцэнтра, спонсары конкурсу, бацькі і работнікі культуры – людзі, уцягнутыя ў віхор падрыхтоўкі балю прыгажосці.

  Сёлета заяўкі на ўдзел падалі восем канкурсантак – Хрысціна Лагодзіч, Антаніна Гулідава, Анастасія Якубовіч, Хрысціна Кананчук, Ульяна Лабоцкая, Марына Цярлецкая, Вольга Задзярнюк, Маргарыта Трубей – вучаніцы гарадскіх школ і прадстаўніцы працуючай моладзі. На працягу некалькіх месяцаў увесь свой вольны час дзяўчаты рыхтаваліся да будучага вечара. Кожная з іх была артыстам, сцэнарыстам і рэжысёрам сваіх творчых нумароў. 
Творчыя здольнасці і інтэлектуальныя магчымасці канкурсантак ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі галоўны бухгалтар фінансавага аддзела райвыканкама Артур Шпакоўскі, балейтмайстар Ганна Сідаровіч, мастацкі кіраўнік узорнага тэатра «Папугай» Цэнтра культуры і народных традыцый Ганна Ляхавец, менеджэр салона прыгажосці «Viva Natali» Вераніка Кіральчук, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Сяргей Дубік. 


Будучы некалькі гадоў таму ўдзельніцай такога ж конкурсу хачу зазначыць, што для дзяўчат мерапрыемства  – свайго рода выпрабаванне. Пераадольваючы страх, з усмешкамі на твары яны выходзілі на сцэну, дзе іх чакалі. Традыцыйна першым выпрабаваннем сталі візітоўкі. Адныя здзіўлялі фотапрэзентацыямі, другія – відэаролікамі, трэція – казкамі ўласнага сачынення. Далей удзельніц чакаў конкурс выразнага чытання вершаў. Дадатковыя балы кожная з дзяўчат магла зарабіць дзякуючы групе падтрымкі. Паўнавартасна праявілі сябе дзяўчаты падчас конкурса талентаў і кулінарнага конкурсу. Апагеем свята стала фінальнае дэфіле, падчас якога дзяўчаты дэманстравалі шыкоўныя ўборы, зробленыя сваімі рукамі. 
Звяртаючыся да ўдзельніц, старшыня журы Сяргей Дубік адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі да конкурсу кожнай з іх, падзякаваўшы за цікавае трохгадзіннае шоу, якое падарыла прысутным шмат станоўчых эмоцый. Па выніках конкурсу ў кожнай з намінацый была вызначана пераможца. Галоўнай прыгажуняй раённага конкурсу «Місс восень-2019» стала Антаніна Гулідава. Дыядэму каралеве балю ўручыла пераможца конкурсу мінулага года Анастасія Ляўковіч. Усе дзяўчаты былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі арганізатараў, а таксама аднаго са спонсараў – Ганны Ляхавец, раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» і інш. Пераможца конкурсу Антаніна Гулідава акрамя гэтага атрымала сертыфікат на фотасесію ад спонсара – Ганны Сідаровіч. Сертыфікат на курс «Сам сабе візажыст» ад спонсара – салона прыгажосці «Viva Natali» – атрымала 
пераможца конкурсу групы падтрымкі Анастасія Якубовіч. 
Работнікі раённага Цэнтра культуры і народных традыцый арганізавалі і правялі мерапрыемства на высокім узроўні. Асабістыя словы падзякі хацелася б выказаць у адрас эстрадна-джазавага ансамбля «Minimal Groove Band» (мастацкі кіраўнік Яўген Шыршоў, саліст Ігар Чугаеў) за цудоўны падарунак усім гледачам – музычныя нумары, якімі калектыў радаваў прысутных на працягу конкурсу. Напрыканцы вечара былі разыграны прызы ад салона «Viva Natali».

Анастасія Цалюк.