Телефоны рекламного отдела "Янаўскага краю" +375 1652 2 15 02 +375 29 635 01 17 Email: zviazda@brest.by  Версия сайта для слабовидящих

Культура

Крылы яе жыцця

Количество просмотров:

Аднойчы мне сустрэўся чалавек, які моцна скарэктаваў мой светапогляд, прывёў да пэўнай пераацэнкі адносін да людзей, мастацтва, такіх паняццяў, як Радзіма, Мова. Ён уварваўся ў маё жыццё ў другой палове 90‑х былога стагоддзя, як метэор, і таксама хутка пайшоў з гэтага свету праз дзесяць гадоў нашай дружбы і сумеснай творчасці. Але пакінуў назаўжды сваё святло і свой след у маім жыцці і пасля свайго сыходу ў Вечнасць.
Імя гэтага чалавека Ніна Язэпаўна Мацяш. 2018 год яе юбілейны. 20 верасня быў днём яе 75‑годдзя, а 19 снежня адбу-дзецца 10 гадоў з дня яе нечаканага скону.

У юбілейны дзень яе нара-джэння ў горадзе Белаазёрску, на радзіме паэткі, у гарадскім Доме культуры адбыўся памятны вечар-імпрэза, арганізаваны гарадской бібліятэкай, якая цяпер носіць яе імя. Па запрашэнні дырэктара бібліятэкі, блізкага сябра Ніны, Тамары Кузняцовай, у гэты дзень у Белаазёрск з’ехаліся шматлікія госці, сталыя сябры Ніны Язэпаўны, вядомыя ў краіне пісьменнікі, паэты, спевакі і кампазітары, якія складалі і спявалі песні на яе вершы. У ліку запрошаных быў і я. Традыцыйна і нязменна “да Ніны” прыехалі берасцейскія пісьменнікі Мікола Пракаповіч, Мікола Аляхновіч, Зінаіда Дудзюк, Сяргей Амельянчук. З Мінска прыбылі Анатоль Вярцінскі, Раіса Баравікова, Васіль Жуковіч, Ціхан Чарнякевіч, Вера Буланда, Міхась Скобла. Толькі ўжо не было на гэты раз Ніла Гілевіча (светлая яму памяць), з якім Ніну Мацяш звязвала даўняя і шчырая дружба.
Са сцэны гучалі яе шматлікія вершы і песні як кампазітарскія, так і створаныя самой Нінай. Яна нярэдка спявала свае вершы на ўласныя ўнутраныя мелодыі. Краналі душы прысутных выступы-ўспаміны яе калег: пісьменнікаў, паэтаў, музыкантаў, педагогаў ды проста яе сяброў. А ў канцы імпрэзы ўсе, хто быў у зале, ушанавалі памяць паэткі ўставаннем, калі загучала песня “Памяці Ніны Мацяш”, якую мы напісалі з Васілём Жуковічам у самыя першыя дні яе сыходу ў Вечнасць.
Цяпер мне ўспамінаецца гісторыя нашага знаёмства, цеснай дружбы і сумеснай творчасці. У сярэдзіне 90‑х гадоў, калі ў нашай новаўтворанай чацвёртай школе ўзнік дзіцячы музычны тэатр з першымі мюзікламі па андэрсэнаўскіх казках з маімі лібрэта і музыкай, рэжысёр Анжаліка Сацута прапанавала мне напісаць музыку па казцы Ніны Мацяш “Краіна Белы Свет”, якая была апублікавана ў невялічкай кніжачцы “Чый бэз?”. Казка напісана ў прозе і прызначалася для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзростаў. У гэтай казцы, наскрозь прасякнутай святлом і дабрынёю, было столькі жыццёвай мудрасці, прытым цалкам зразумелай дзятве! Чаго толькі каштуюць такія фразы, як “Каб сцвярджаць, трэба ведаць. А каб ведаць, трэба бачыць”, “Якая гэта атрута — чужыя лёстачкі! Заслухаешся — і прапаў”, “Гле-дзячы сабе пад ногі, не шмат убачыш”, “Спазнаць сябе — гэта значыць авалодаць цэлым светам”, “Толькі пошук мае сэнс”, “Шчаслівым можна быць толькі сярод сабе падобных” і т. д.
Але ў мюзікле павінны быць вершаваныя песенныя строфы для дзеючых асоб. Карацей кажучы, трэба было на падставе празаічнай казкі стварыць лібрэта. Для гэтай мэты мне патрэбна было выйсці на прамы кантакт з аўтарам казкі. Хатні тэлефон Мацяш мне падказаў Рыгор Сыраватка, дырэктар нашай школы, даўні сябар Ніны. Па тэлефоне я пазнаёміўся з ёю, распавёў аб нашай задумцы. Ніна Язэпаўна з радасцю падтрымала гэтую ідэю, і неўзабаве я прыехаў да яе ў Белаазёрск. Так я ўпершыню сустрэўся з Нінай Мацяш у яе кватэры. Першае ўражанне, якое яна аказала на мяне, было вельмі яркім і, як выявілася потым, самым верным. Амаль фізічна я адчуваў яе дабрыню, прыгажосць, адкрытасць, прастату і мудрасць. І з гэтай пары мы ўжо ніколі не парывалі нашых кантактаў: рэгулярна ператэлефаноўваліся і нярэдка сустракаліся альбо ў Белаазёрску, альбо ў Янове.
Неўзабаве “Краіна Белы Свет” ёю была пераапрацавана ў сцэнічнае лібрэта, з’явіліся вершы для песенных характарыстык дзеючых асоб. Музыка была напісана мною на адным дыханні: лёгка і хутка. І ў красавіку 1999 года ў Іванаўскім ЦКіНТ пры поўным аншлагу адбылася новая работа ўзорнага музычнага тэатра СШ №4 — прэм’ера дзіцячага мюзікла “Краіна Белы Свет”, на якую да нас прыехала яе аўтар Ніна Мацяш. Спектакль меў вялікі поспех. І пасля гэтай падзеі наша сумесная творчасць стала ўжо проста непазбежнай. У мяне сталі з’яўляцца першыя песні на вершы Ніны Мацяш: “Хай беражэ цябе любоў мая”, “Ластаўка”, “Песня пра Бела-
азёрск”, “Беларусь”.
А на наступны год са мной здарылася вялікая бяда. У мяне быў выяўлены рак лёгкіх, прычым, у досыць запушчанай форме. Пачалася барацьба за маё жыццё, у якую, акрамя лекараў, уцягнуліся мае родныя і блізкія людзі. З тых часоў мінула васямнаццаць гадоў, і цяпер я ведаю, што працэнт майго выжывання набліжаўся тады да нуля. Але адбыўся цуд. І я добра сабе ўяўляю складнікі гэтага цуду. Адным са звенняў гэтага цуду была Ніна Мацяш. Яна трымала пастаянную сувязь з маёй, цяпер ужо памерлай, жонкай Марыяй. У Ніны былі літаратурныя кантакты з замежнымі калегамі-сябрамі ў Францыі і Польшчы. Таму што вельмі шмат свайго часу аддавала перакладам з замежных моў на беларускую. Яна звярнулася да іх па дапамогу, і яны ёй перасылалі найноўшыя замежныя лекі і прэпараты па профілю майго захворвання. Ніна перадавала іх Машы, а тая, у сваю чаргу, прывозіла іх у Бараўляны маім лекарам.


Аднойчы Ніна мне патэлефанавала на пост дзяжурнай медсястры (тады яшчэ мабільнікаў у нас не было):
– Валя, я зараз працую над перакладамі з французскай мовы твораў Антуана дэ Сент Экзюперы, у тым ліку казкі “Маленькі Прынц”. Я вельмі хачу не проста перакласці “Прынца”, а зрабіць беларускамоўнае лібрэта для твайго музычнага тэатра. Я разлічваю, што ты неадкладна пачнеш пісаць музыку. Спадзяюся на цябе: павінен адбыцца цудоўны мюзікл.
Ніна была тонкім псіхолагам, і задумала яна гэта, толькі зыходзячы з неабходнасці ўключэння мяне ў новы музычны праект. Я сам, стары псіхолаг, адразу гэта зразумеў. Яна хацела, каб я не зацыкліваўся на сваёй хваробе, ведала, што творчае натхненне — вялікі лекар, тармозіць і адганяе смерць. І я пачаў пісаць музыку на тое лібрэта, якое яна мне даслала цераз Машу ў час маёй цяжкай хваробы. І ў нас з Нінай атрымаўся аб’ёмны мюзікл у трох дзеях! Мы змаглі зрабіць пастаноўку “Маленькага Прынца”. І зноў Ніна Язэпаўна была ў гасцях у янаўцаў на прэм’еры гэтага мюзікла.
Стаўшы інвалідам другой групы, я, зразумела, ужо не мог (ды і не меў права) кіраваць музычным аддзяленнем школы. Затое з 2003 года быў адноўлены ў штаце школы на 0,5 стаўкі і ўжо прысвяціў сябе працы з дзіцячым узорным музычным тэатрам. Я працягваў жыць, працягваў тварыць для людзей — дзяцей і дарослых.
Мы часта ператэлефаноўваліся і сустракаліся ўтрох — Ніна Мацяш, я і Васіль Жуковіч. У нас назапасілася столькі агульных песень, што мы вырашылі зрабіць сумесныя аўтарскія сустрэчы-канцэрты: на малой радзіме Васіля ў Камянцы, у адной са школ, у Белаазёрскім электрамеханічным каледжы і ў Іванаўскай школе №4. У Бела-азёрску і Іванава песні агучвалі нашы іванаўскія выканаўцы — салісты і вакальныя ансамблі, дарослыя і навучэнцы.
Што было самае дзіўнае ў Ніны? Яна, будучы інвалідам-калясачнікам, вельмі пакутавала ад бытавых праблем, ад самых дробязных да самых вялікіх, якія ператваралі яе жыццё ў кашмар. Але ніколі і нікому не жалілася на гэта, заўсёды была крыніцай аптымізму, і ўсім нам — здаровым і маладым, усім, хто яе акружаў, – надавала гэты аптымізм, не дазваляла замыкацца на ўласных цяжкасцях і бедах.
Толькі аднойчы я заўважыў у яе вачах “безнадзёгу”, калі Ніна з Васілём Жуковічам прыязджалі да мяне ў Янаў. Ніна пабачыла маю Машу ў такім стане, калі тая ўжо не магла размаўляць. Яны абедзьве расплакаліся і пацалаваліся. А калі мае госці ад’яз-
джалі, Ніна напаследак ціха сказала мне: “Валечка, трымай сябе ў руках… і рыхтуйся да горшага…”.
Неяк раз, калі мы ў Іванаўскай чацвёртай школе ладзілі творчую сустрэчу паэткі з навучэнцамі, адна з нашых вучаніц задала ёй па-дзіцячы наіўнае і бестактоўнае пытанне: “Ці шчаслівыя Вы ў асабістам жыцці?”. Памятаю, як Ніна, седзячы ў інвалідным вазку, горка ўсміхнулася і сказала: “Каб ты ведала, маё дзіцятка, якое гэта шчасце бачыць вашыя светлыя і чыстыя вочкі! Разумець, што вось гэтыя дзеці — будучыня нашай Беларусі. Любіце яе, любіце нашу мову і ніколі — чуеце? — ніколі не зневажайце яе. Я шчаслівая, што магу размаўляць з вамі, спадзявацца на вас, шчаслівая, што ў мяне столькі цудоўных сяброў. Я шчаслівая, што магу працаваць і тварыць на карысць нашай Беларусі. Вось гэта ўсё і ёсць маё асабістае жыццё. А ў жыцці заўжды павінны быць вышэйшыя ідэалы. Імкніцеся да іх, і ў гэтым будзе ваша шчасце”.
Беларусь яна любіла самазабыўна, беззапаветна. А якія знаходзіла прыгожыя вобразы і светлыя словы ў сваіх песнях і вершах!
Беларусь, Беларусь!..
Больш нідзе няма краю такога!
Ты — малітва і песня мая.
Я цябе ахіну ад ліхога,
Блаславёнай будзь доля твая!

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч называў Ніну Мацяш “палескай птушкай беларускай паэзіі”. І, сапраўды, вобразам птушкі, палётам да светлых даляў прасякнута ўся яе творчасць.
Узмах крыла, узмах крыла,..
Ляцець шчэ доўга-доўга!..
Да ўласнатворнага святла,
да святадарнага святла, —
Узмах крыла, узмах крыла..

Ніна была выдатным мастацкім дызайнерам, і якраз вобраз птушкі яна адлюстроўвала ў сваіх, створаных яе рукамі,  карцінах — аплікацыях з птушыных пер'яў у стылі сімвалізму. З вялікай любоўю стварала яна гэтыя шматлікія карціны і шчодра дарыла іх сваім сябрам. Як рэліквію, як памяць аб Ніне захоўваю я гэтую “птушачку”, якую яна мне падарыла ў адзін з Дзён майго нараджэння. Гэтая карціна знаходзіцца зараз у мяне на сцяне перад працоўным сталом. Вобраз птушкі для яе не толькі сімвал палёту ў светлыя далі. Гэта вобраз працаўніцы, жанчыны, захавальніцы сямейнага дабрабыту.
Шчыруе ластаўка ўсё лета, —
І ў градабой, і ў сухавей
Дзеля гняздзечка,
дзеля дзетак,
Як мы дзеля сваіх дзяцей.
Ах, ластаўка мая,
ластавянятка,
Жыцця благаславёнага
зярнятка!..

...На надмагільным помніку Ніны Мацяш скульптар вырабіў праваслаўны крыж, а пад ім — раскрытую кнігу. А на самім крыжы, на верхняй перакладзіне, — невялічкую птушку, не зусім пэўнага класу пярнатых. “Гэтая птушачка, хутчэй за ўсё — кнігаўка”, — казаў Анатоль Вярцінскі, калі мы наведвалі Ніну ў першую гадавіну яе скону. Можа, гэта і не кнігаўка, але так хацелася б, каб гэта была менавіта кнігаўка з поглядам уніз на раскрытую кнігу твораў Ніны Мацяш. А, магчыма, гэтая птушка і ёсць Ніна, якая працягвае свой бясконцы палёт у Вечнасць, у бессмяроцце. Палёт, які забяспечваюць крылы яе жыцця.

Валянцін Перапёлкін.