Мадэльнае агенцтва А.S.Models.by прыняло ўдзел у Тыдні моды і сучаснага мастацтва ў Мінску
24 лістапада ў Мінску адбыўся “Тыдзень моды і сучаснага мастацтва ў Беларусі – Belarus Fashion Art Week”. Гэты вельмі цікавы і прадстаўнічы форум сёлета адсвяткаваў сваю трохгадовую гадавіну. У мерапрыемстве прынялі ўдзел беларускія, расійскія, замежныя брэнды і дызайнеры, усяго, па інфармацыі арганізатараў, больш за 350 дызайнераў і каля 5 тысяч удзельнікаў. Мадэльнаму агенцтву А.S.Models.by выдаўся гонар прадставіць Іванаўшчыну на самай вялікай плошчы Мінск-Арэна.
Тэма падзеі сёлета – “Натхненне”. Арганізатары прапанавалі пагрузіцца ў свет, дзе мода і выяўленчае мастацтва становяцца адзіным цэлым. Аўтар і кіраўнік модных культурна-відовішчных праектаў, член Беларускага саюза дызайнераў Іван Караткевіч падкрэсліў, што Belarus Fashion Art Week – не чарговая модная падзея, а калабарацыя моды і мастацтва.
Цэлы дзень на пляцоўцы Мінск-Арэна працаваў шоўрум беларускіх брэндаў адзення і ўпрыгожванняў. Усе жадаючыя маглі не толькі пазнаёміцца з творамі, але і набыць іх.
– “Тыдзень моды і сучаснага мастацтва ў Беларусі – Belarus Fashion Art Week” – гэта не проста шматлікія дэфіле танканогіх мадэляў, а натхняльны партал у гламурны сусвет, дзе пануюць дызайнеры з гучнымі імёнамі і антуражам сабе пад стаць, – адзначыла кіраўнік мадэльнага агенцтва А.S.Models.by Ганна Сідаровіч. – Прасторы паблізу шоу-лакацый напаўнялі стылісты і героі стрытстайла, тут і там мільгалі медыйныя персоны, госці і галоўныя рэдактары глянцавых выданняў. Трапіць на паказы новых калекцый няпроста, калі вы не інсайдэр індустрыі. Але хто хоча, той даможацца, уся справа ў сіле жадання. І мне вельмі прыемна, што нашы мадэлі годна прадставілі беларускія брэнды, чым парадавалі гасцей.